Архіў

Сястра Васіля Быкава

№ 35 (297), 20 верасьня 2002 г.

Сястра Васіля Быкава

“Мілая… Дарагая… Родная…” Паштоўкі і лісты ад Васіля да малодшай і адзінай сястры заўсёды пачынаюцца кранальна. Акрамя брата ў Валянціны цяпер нікога няма.

Але пошта да сястры ідзе не ў Бычкі, адкуль род Быкавых, а ў вёску Ваўчо, куды Валянціна гадоў трыццаць таму выйшла замуж. Пры дачцэ дажывала свой век старэнькая маці Васіля і Валянціны — Ганна Быкава. І знакаміты фатаздымак пісьменьніка з маці Валянцін Ждановіч зрабіў не ў Бычках, а менавіта ў доме сястры.

Сёлета Валянціна рана капала бульбу — яшчэ ў сярэдзіне жніўня. Я якраз і засьпеў яе на прысядзібным бульбяным гародчыку.

— Гаспадаркі ня маю, шмат бульбы мне ня трэба, — расказвае кабета, зьбіраючы прасушаныя бульбіны.

Жыцьцё Валянціны — нібы тое люстэрка лёсаў тысяч вушацкіх жанчын, на дзяцінства і маладосьць якіх прыпала вайна.

— У партызаншчыну я была дома. А Васіль недзе ваяваў. Жывы ён ці забіты — ніхто ня ведаў, — згадвае яна. Партызаны забралі каня і карову. Потым была блякада, і тысячы дзяўчат немцы сагналі ў лягер у вёсцы Ухвішча. Прымушалі рыць акопы, а пасьля пагналі ў Плісу, каб вывезьці ў Нямеччыну. Двойчы Валя ўцякала з-пад аховы. Першы раз папалася — дык ледзь не забілі. Кажа, цяпер нізавошта не адважылася б на гэткі сьмелы ўчынак.

Па вайне давялося Валянціне пабыць у Нямеччыне — “вандравала” па статак кароў. Улады агітавалі: хто прыгоніць быдла, атрымае бясплатна дойную рагулю. Бацька не пускаў Валі, баяўся, што прападзе. Дый адчуваў, што камуністы ашукаюць. Але тая, змовіўшыся зь сяброўкамі, зьехала. Цэлыя тры месяцы яны гналі статак дахаты. Але потым горка-горка плакалі ад крыўды, нічога не атрымаўшы за нялёгкую працу.

Усю вайну ад Васіля нічога не было чуваць. Толькі ў 1944-м прыйшоў ліст. Але хутка зноў пастукаўся паштальён — з казённым армейскім канвэртам-пахаванкаю. Валянціна першаю яе прачытала, але бацькам не сказала. Шмат разоў глядзела то першы ліст, то паведамленьне, пакуль не пабачыла, што пахаванка была адпраўленая раней, чым ліст (пра гэта сьведчыў штамп), а прыйшла пазьней. А потым сталі прыходзіць усе Васілёвы лісты, напісаныя ў пачатку вайны, што не даходзілі да акупаваных Вушачаў.

Першай спаткала пасьля вайны свайго брата менавіта яна — Валянціна. Працавала ўжо ў Падсьвільлі, калі Васіль вяртаўся на радзіму і па дарозе да бацькоў найперш заехаў да яе. Завёў сястру ў сталоўку, добра накарміў. Потым паехалі ў Бычкі. Была зіма, маразы, і, каб не Васілёў падарунак — вайсковыя боты, ёй прыйшлося б цяжка.

Цяпер да Бычкоў хоць бокам каціся — асфальт, гравейка, зноў асфальт. Мы ехалі сапраўднаю камандаю: апроч Валянціны быў Рыгор Барадулін ды яго ўнучка Дамініка. І яна, і я на радзіму Васіля Быкава трапілі ўпершыню. Чамусьці падалося, што вёска схіленая долу. Ніводнай сучаснай пабудовы. Не відно людзей. Сядзіба Быкавых, як і тысячы вушацкіх сядзіб, без гаспадароў.

Сустрэлі Сымона Быкава — суседа і сябра Васіля — вёз на кані бульбу з поля. Пакуль гаварылі, яго жонка прынесла Барадуліну слоік сёлетняга мёду. Потым Валянціна павяла нас да колішняй пачатковай школы. Цяпер у гэтай хаце жыве цётка Тацяна — нявестка Быкавых. Колькі гадоў таму памёр яе муж Мікалай — родны брат Васіля і Валянціны. У хаце, навідавоку, — партрэт маладога, яшчэ пры пагонах Быкава.

Анатоль Кляшчук

 

Каментары

Цяпер чытаюць

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вокны павыбівала, кватэры заліло. Хто і як будзе кампенсаваць шкоду ад «фантана» на Жукоўскага ў Мінску1

Тэйлар Свіфт атрымала ўзнагароду MTV за відэа года6

Не дачакаў заканчэння кантролю на мяжы і паехаў. 22‑гадовага кіроўцу з пагоняй затрымалі ў Беластоку2

58‑гадовую мінчанку асудзілі за пратэсты і «абразу Лукашэнкі»6

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома14

Гамельчука затрымалі на трасе на Чарнігаў і асудзілі нібыта за спробу далучыцца да Палка Каліноўскага. Ён расказаў, што было1

Саладуха распавёў, як Лукашэнка спяваў разам з ім «Чужую мілую»25

Што не так з ідэяй, быццам нацыі ўзніклі толькі ў ХІХ стагоддзі?48

Трамп заявіў, што папрасіў Зяленскага зменшыць атакі на НПЗ у Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць