Так выглядае будоўля Бакіева з участка Пракаповіча.

Так выглядае будоўля Бакіева з участка Пракаповіча.

«Тут жывуць кіргізы», — кажуць жыхары Раўбічаў. 

«Тут жывуць кіргізы», — кажуць жыхары Раўбічаў. 

Праекты дамоў Пракаповіча і Калавура на Вілейскай аднолькавыя.

Праекты дамоў Пракаповіча і Калавура на Вілейскай аднолькавыя.

Дом беглага кіргізскага прэзідэнта знайшлі ў Драздах.

Беглы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў жыве ў Беларусі ўжо чацвёрты год. За гэты час ён паспеў атрымаць палітычны прытулак і нават беларускі пашпарт. А вось на радзіме Бакіеву пагражае турма. Яго прызналі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і арганізацыі забойстваў. Былога прэзідэнта завочна асудзілі на 24 гады зняволення ва ўмовах строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Аднак, згубіўшы кіргізскую маёмасць, Курманбек Бакіеў набыў беларускую. Як стала вядома «Народнай волі», уцякач будуе дом на ўскрайку Мінска, побач з «Мінск-­Арэнай» і элітным раёнам Дразды. «Для Бакіева будуем. Гаспадар прыязджае з аховай, але рэдка», — прызналіся журналістам рабочыя.

Загадкавы дом знаходзіцца ў катэджным пасёлку на вуліцы Вілейскай. Дакладнага адраса ён пакуль не мае, рэгістрацыю ў кадастравым агенцтве таксама не праходзіў. А рашэнні Мінгарвыканкама, паводле якіх грамадзянам выдзяляюцца ўчасткі для будаўніцтва, у адкрытым доступе не знаходзяцца.

Пасёлак Нацбанка

Вуліца Вілейская пачала забудоўвацца дзесяць гадоў таму. Тады гэтая зямля яшчэ не ўваходзіла ў межы Мінска. З дзясятак прэстыжных участкаў пад будаўніцтва раздаваў Ждановіцкі сельсавет. Менш за 500 метраў да вадасховішча, непадалёку праспект Пераможцаў, карацей, ідылістычны вясковы лад жыцця ўнутры горада. Зрэшты, раней гэта і была вёска. Участкі са старымі хатамі на суседніх вуліцах тут прадаюць за $500 тысяч. Ну, а за новыя дамы можна папрасіць і да $1 мільёна.

Другое жыццё вуліца Вілейская (тады ўжо тэрыторыя Мінска) атрымала шэсць гадоў таму. 31 мая 2007 Мінгарвыканкам прымае рашэнне №1174 «Аб прадастаўленні зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў і дазволе правядзення праектна­вышукальніцкіх прац». Паводле яго, зямлю выдалі семярым дзяржаўным служачым. Тагачаснаму старшыні Нацбанка Пятру Пракаповічу — 0,15 га. А ўсе ягоныя намеснікі — Павел Калавур, Юрый Алымаў, Мікалай Лузгін, Уладзімір Сянько, Мікалай Кадушка і Васіль Мацюшэўскі — атрымалі па 0,11 га.

Умовы выдзялення ўчасткаў невядомыя. Аднак сумнеўна, што гэта быў аўкцыён з роўным доступам усіх ахвотных.

Цяпер банкіры жывуць уздоўж Вілейскай (крайні дом Мацюшэўскага быў аднесены да Ржавецкага завулка) плячо да пляча. Адметна, што ў Нацбанку больш не працуе ніводзін з іх.

Калавур кіруе банкам «БелВЭБ», дзе ягоным намеснікам стаў Лузгін. Мацюшэўскі ўзначаліў «БПС­Сбербанк». Менавіта з гэтым банкам чуткі звязвалі новую працу Уладзіміра Сянько.

Самы запатрабаваны чыноўнік

На павышэнне пайшоў толькі Пятро Пракаповіч, які стаў віцэ­прэм’ерам. Апроч таго, 71-­гадовы будаўнік уваходіць ва ўрадавую атэстацыйную камісію, міжведамасную раду па дзяржаўнай статыстыцы, камісію па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння… Агулам можна налічыць пад два дзясяткі намінальных і ганаровых пасадаў. Але абсалютная большасць з іх, як кажуць, на «грамадскіх пачатках».

Заробак старшыні Нацбанка, паводле словаў цяперашняй галоўнай банкіркі Надзеі Ермаковай, цяпер дарос да $2 тысяч. Але раней ён быў значна меншым. Заробку чыноўніка ў Беларусі не хапіла б, каб набыць у элітным раёне зямлю па рынкавых цэнах і будаваць на ёй катэ­джы. Зрабіць кар’еру чыноўніка, атрымаць імя і сувязі, а пасля сысці на звышвысокія заробкі топ­-менеджараў — шлях, які абралі суседзі Пракаповіча па Вілейскай.

Двойчы жыхар Драздоў

Але Пракаповіч на тое і Герой Беларусі, што зрабіў фактычна неймавернае. Не сыходзячы з дзяржаўнай службы, ён умудрыўся ўвайсці ў раку двойчы — атрымаць адразу два элітныя ўчасткі, цана кожнага з якіх цяпер падбіраецца да двух мільёнаў даляраў.

У пачатку стагоддзя ён стаў паўнавартасным жыхаром чыноўніцкага пасёлка ў Драздах, узяўшы ад дзяржавы зямлю памерам 0,15 га ў водаахоўнай зоне Свіслачы.

Двухпавярховы жылы дом з падвалам і дзвюма тэрасамі агульнай плошчай 370 м2 быў дабудаваны ў канцы 2004.

Пракаповіч не быў бы Пракаповічам, каб не папрасіў яшчэ зямлі, «на бульбу». І атрымаў­-такі свае дадатковыя 670 м2 у стагадовую арэнду. Спачатку за агарод у Драздах Пракаповіч­дачнік плаціў $30 у эквіваленце за год. Пасля некалькіх дэвальвацый, праве­дзеных Пракаповічам-­банкірам, гадавая плата паменшала да $7 за год…

Але нічога сабе — усё дзецям. Цяпер у катэджы па суседстве з Віктарам Шэйманам жыве сын Пракаповіча Аляксандр.

А сам Пятро Пракаповіч засяліўся ў хату на Вілейскай — цагляны двухпавярховік з халоднай прыбудовай, дзвюма тэрасамі, падвалам і летняй кухняй.

Дарэчы, палову катэджа ён пару тыдняў таму перапісаў на дачку Людмілу. Гэты дом больш прасторны, чым у Драздах, ягоная агульная плошча 500 м2.

Ашчадлівы чалавек ашчадлівы ва ўсім. Пракаповіч вырашыў не пераплачваць за архітэктурны праект. Калі паглядзець на фасады катэджаў банкіраў на Вілейскай, бачна, што дамы Пракаповіча і Калавура… аднолькавыя. Адрозніваецца толькі афарбоўка. А ўсё астатняе — ад плота да парэнчаў на тэрасе другога паверха — такое самае.

Вокны катэджа Пракаповіча выходзяць якраз на будоўлю Бакіева. Кіргізскі інжынер, а пасля палітык, ужо засвоіў жыццёвы ўрок. Ніякая ўлада не гарантуе, што пасля прыходу канкурэнтаў не давядзецца ўцякаць за 7 тысяч кіламетраў, пакідаючы на радзіме шматлікія маёнткі, а пасля хавацца ад сваіх землякоў.

Сляды Бакіева

Раней былога кіргізскага прэзідэнта бачылі ў Раўбічах, вёсцы з гарналыжным курортам пад Мінскам. Нібыта тут набыў катэдж адзін з сыноў Бакіева.

У Раўбічах мясцовыя жыхары ўказалі на адзін з будынкаў: маўляў, менавіта ў гэтым доме пасяліліся кіргізы.

Гэты катэдж адзін з самых вялікіх у вёсцы. Калі глядзець па спадарожнікавай карце, то ўчастак займае столькі ж месца, як чатыры суседнія. За плотам можна ўбачыць нешта нашталт мусульманскай «капліцы». На шкло вакна на другім паверсе прыклееныя выявы, падобныя да Дзеда Мароза і Снягуркі. Вось толькі шапка ў дзядулі нейкая занадта выцягнутая, высокая. Карацей, небеларуская. Гляджу ў інтэрнэце — прыблізна так выглядае «ак калпак», нацыянальная кіргізская шапка. Зрэшты, такое назіранне можна спісаць і на багатую фантазію.

Каму ж належыць катэдж (глядзі фота)? На званок у дзверы адказвае малады мужчына. «Ці магчыма пагаварыць з Курманбекам Саліевічам?» — «Напэўна, вы нешта пераблыталі».

Кадастравае агенцтва тым часам адказвае, што інфармацыя пра катэдж у нацыянальным рэестры… адсутнічае. Усе суседнія дамы ёсць — а гэтага чамусьці няма.

Пятро Пракаповіч

Нар. у 1942 у вёсцы Казлы Пружанскага раёна. Закончыў Днепрапятроўскі інжынерна­будаўнічы інстытут (1966). Працаваў на цаліне. У 1976—1996 — галоўны інжынер, а пасля гендырэктар «Брэстаблсельбуда». Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990—1995). У 1996—1998 — першы віцэ­прэм’ер, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, у 1998—2011 — кіраўнік Нацбанка, у 2012—2013 — памочнік Аляксандра Лукашэнкі. Ад 2013 — віцэ­прэм’ер. Герой Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?