Алесю Бяляцкаму 60 гадоў. Ягоны бацька быў родам з Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, маці — з Нараўлянскага. Але Алесь нарадзіўся ў Карэліі. Як так сталася? Сям’я з’ехала туды ў 1940 годзе адразу пасля савецка-фінскай вайны. У Беларусі тады была сапраўдная галеча, а ў Карэліі фактычна не было калгасаў, вакол — лес, магчымасці зарабляць — «амаль рай». Дзед Бяляцкага таму і прыняў такую прапанову. У выніку ў Беларусь сям'я вярнулася толькі ў 1964 годзе, калі Алесю было 2 гады.

Бацькі доўга абіралі між двума гарадамі, які імкліва тады будаваліся — Светлагорскам і Салігорскам — спынілі выбар на першым. Там і прайшло дзяцінства праабаронцы. 

Вучыцца Бяляцкі пайшоў на беларускую філалогію Гомельскага ўніверсітэта. Там у студэнтаў утварылася добрая беларускамоўная кампанія, куды апроч Алеся, увайшлі Анатоль і Сяргей Сысы (яны не сваякі), Эдуард Акулін, Анатоль Казлоў. У гэты час Алесь шмат падарожнічаў па Беларусі. І самым вялікім адкрыццём для яго было тое, што «беларуская мова працягвае жыць». У час вучобы граў на гітары ў гурце «Баскі».

Таксама падчас вучобы Алесь пазнаёміўся з жонкай Наталляй, гэта было ў 1981 годзе ў Лоеве, падчас вяселля сваякоў жонкі. Шлюбам яны пабраліся ў 1987 годзе. За гэты час Алесь паспеў папрацаваць настаўнікам у Лельчыцкім раёне і адслужыць у арміі ў расійскім Екацярынбургу (тады Свярдлоўску). 

Так выглядаў Алесь Бяляцкі ў маладосці

Так выглядаў Алесь Бяляцкі ў маладосці

Бяляцкі быў сярод арганізатараў першых афіцыйных у БССР мітынгаў, у тым ліку славутага на Дзяды ў 1988 годзе. Тады пры разгоне Алесю парвалі рукаў курткі, але не затрымалі.

Доўгі час кар’ера Бяляцкага ішла па пісьменніцкай лініі, ён шмат публікаваўся з літаратуразнаўчымі матэрыяламі, стаў адным з заснавальнікаў суполкі маладых літаратараў «Тутэйшыя». А ў 1988-м стаў дырэктарам літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці ў Мінску.

Адметна, што ён ніколі не раскідваўся сяброўствам, захаваўшы добрыя стасункі, як з тымі, з кім вучыўся, гэтак і з калегамі. На пасадзе дырэктара адзначыўся добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. 

Алесь быў у аргкамітэце БНФ. У 1991-м становіцца дэпутатам Мінскага гарадскога савета. У наступны дзень пасля ГКЧП ён разам з яшчэ 28 дэпутатамі выступае са смелай заявай, дзе заклікае «захоўваць вернасць законна абраным уладам».

У 1996 годзе Бяляцкі засноўвае праваабарончы цэнтр «Вясна-96».

Ужо тады, 25 гадоў таму, наспела патрэба дапамогі людзям, што пацярпелі ад дзеянняў улады — гэта і юрыдычная, і псіхалагічная, і любая іншая дапамога. Вельмі хутка стала зразумела, калі вы сутыкнуліся з нейкай праблемай, то трэба ісці ў «Вясну». Ніводная іншая праваабарончая арганізацыя за ўсе гады незалежнасці не мела такой бездакорнай рэпутацыі.

Сёння цяжка паверыць, але да 2003 года «Вясна» нават мела афіцыйную рэгістрацыю, якую скасаваў суд, апошняй кропкай стала назіранне на прэзідэнцкіх выбарах у 2001-м. Тады праваабаронцы нават абвяшчалі галадоўку, якая не дала плёну. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што пры ліквідацыі «Вясны» беларускія ўлады парушылі міжнародныя пагадненні, але афіцыйны Мінск адказаў, што гэтыя меркаванні з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі.

Глядзіце «Ток» з Алесем Бяляцкім па спасылцы.

У 2006 годзе Вацлаў Гавэл уручыў Алесю прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасць. З 2007 па 2016 годы Бяляцкі быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH).

Першая крымінальная справа супраць Бяляцкага была заведзеная ў 2011 годзе, нібыта за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры. Тады ўлады дазналіся пра рахункі «Вясны» ў літоўскіх банках, але гэтыя грошы не ішлі ў кішэню Алеся, а былі накіраваныя на дзейнасць арганізацыі. У выніку Бяляцкі быў асуджаны да 4,5 гадоў калоніі. Цікава, што ягоным адвакатам быў Дзмітрый Лаеўскі, які зусім нядаўна абараняў Віктара Бабарыку і быў пазбаўлены ліцэнзіі. Паказанні падчас следства і ў судзе Алесь даваў па-беларуску — гэта заўсёды было ягонай прынцыповай пазіцыяй. 

Першы гадзіны на волі ў 2014 годзе

Першы гадзіны на волі ў 2014 годзе

Пакаранне праваабаронца адбываў у бабруйскай калоніі, дзе працаваў у швейным цаху. За час зняволення беларуса неаднаразова вылучалі прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міра, і, калі верыць тагачаснай нарвежскай прэсе, менавіта Бяляцкі лічыўся адным з галоўным фаварытаў. 

У вязніцы Бяляцкі адбыў крыху меней за тры гады, ён выйшаў на волю ў чэрвені 2014 года па амністыі. Падпалкоўнік Следчага камітэта Павел Шабека потым пакаяўся за палітычны пераслед Бяляцкага. Алесь, пакуль сядзеў, вёў актыўную перапіску, усе лісты ён забраў на волю, а таксама паспеў напісаць чарнавікі для некалькіх кніг, якія выйшлі, калі ён ужо быў на свабодзе.

Па выхадзе з калоніі Бяляцкі працягнуў праваабарончую дзейнасць. У яго было шмат магчымасцяў з’ехаць ці не вяртацца ў Беларусь, але раз за разам ён усё адно прыязджаў у Мінск, разумеючы, што яго можа чакаць. 

Сваімі сапраўднымі хобі Алесь называе збіранне грыбоў і вырошчванне кветак. На лецішчы ён вырошчваў бульбу, гуркі і іншую гародніну. У Бяляцкага ёсць сын Адам, вясной 2021-га яго затрымалі за адзіночны пікет у падтрымку асуджаных журналістак Белсату, збілі і кінулі на 15 сутак на Акрэсціна.

Алеся затрымалі 14 ліпеня 2021 года. Цяпер праваабаронца на Валадарцы. Яго абвінавачваюць ў кантрабандзе (арт. 228 КК) і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).

Разам з ім аказаліся за кратамі і іншыя вясноўцы — намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

10 фактаў пра Алеся Бяляцкага, якіх не прачытаеш у Вікіпедыі

Клас
75
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
11