Акадэмік Аляксандар Вайтовіч у інтэрвію «Народнай волі» раскрыў цікавыя падрабязнасьці функцыянаваньня дзяржаўнай улады.
«Я стаяў перад выбарам: згубіць павагу да самога сябе альбо застацца ў згодзе са сваім сумленьнем. Бо ўсяго, чаго я дасягнуў у жыцьці да гэтага моманту, я дасягнуў самастойна. І прывык сябе паважаць. А тут — як у кіно пра крымінальных аўтарытэтаў.
У той дзень я вярнуўся ад Латыпава і пачаў тэлефанаваць прэзыдэнту. Быў пачатак трэцяе гадзіны, але спадара Лукашэнкі на месцы не было. Зрэшты, гэта звычайная практыка. Калі няма буйных мерапрыемстваў, ён ня надта бавіцца на працы: прыяжджае каля 10-й і пасьля другой яго ўжо няма. Магу ўпэўнена сказаць пра гэта, бо вокны майго кабінэту выходзяць на ўезд у будынак Адміністрацыі прэзыдэнта, і карціна перад маімі вачыма амаль штодня была адна і тая ж.
Так вось, у прыёмнай кажуць: ён у рэзыдэнцыі. Тэлефаную туды: дзяжурны афіцэр адказвае, што прэзыдэнт гуляе ў хакей (і гэта ў працоўны час, а як жа з дысцыплінай працы, пра якую так любяць казаць?)».
А.Вайтовіч таксама ўзгадаў, што на пасадзе старшыні Савету Рэспублікі ён раз у тры месяцы атрымліваў прэміяльныя ў валюце, што, як вядома, забаронена законам. Карэспандэнт радыё «Свабода» адмыслова перапытаў акадэміка Вайтовіча наконт заробкаў у валюце. «Ня толькі вышэйшаму кіраўніцтву плацяць у валюце, але і многім людзям», — адказаў сп.Вайтовіч.
Нагадаем, што пра атрыманьне валюты для заахвочваньня супрацоўнікаў БТ сьведчыў у сваіх паказаньнях і Ягор Рыбакоў.
Каментары