Зь цікавасьцю прачытаў матэрыял Сяргея Харэўскага «Знайдзіце экспэрта» («НН», 12 жніўня 2005).
Хачу паведаміць чытачам, што я зрабіў неабходную экспэртызу з дапамогай мясцовых краязнаўцаў і 9 жніўня перадаў заключэньне па гэтым пытаньні ва Ўпраўленьне аховы спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.
Таму дасылаю ў рэдакцыю «НН» тэкст экспэртнага заключэньня і прашу яго надрукаваць для будучых дасьледчыкаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны Глыбоччыны.
Аб пастаноўцы на дзяржаўны ўлік помніка архітэктуры XVII ст. у гістарычным цэнтры Глыбокае Віцебскай вобласьці
17 кастрычніка 2001 году я, Трусаў Алег Анатолевіч, быў у г.Глыбокім і па просьбе мясцовых краязнаўцаў абсьледаваў муры старажытнага будынку па вул.Леніна (былая Замкавая). Паводле памераў цэглы, тыпу муроўкі і вапнавай рошчыны яго папярэдне можна было датаваць 2-й паловай XVII ст. Гэтая інфармацыя потым друкавалася ў мясцовых і рэспубліканскіх газэтах, аднак помнік архітэктуры ня быў узяты пад ахову дзяржавы.
Цяпер гэты будынак быў прададзены прыватнай асобе, па загадзе якой у пачатку жніўня яго пачалі разбураць, каб на гэтым месцы збудаваць новы аб’ект.
Па маёй просьбе 7 жніўня мясцовыя краязнаўцы і музэйныя супрацоўнікі агледзелі старажытныя муры і перадалі мне дадатковую інфармацыю. Было прамерана 25 цаглін. Сярэднія памеры цаглін 29—31х14,5—15,5х5,7—6 см. Сустрэта таксама цэгла-пальчатка, якая мае ад 3 да 4 баразёнак на пасьцелі цэглы. Колер цэглы аранжавы і чырвона-аранжавы, яна добра абпалена.
Менавіта такая цэгла датуецца 2-й паловай XVII ст. і знойдзена ў Магілёве, Менску, Мсьціславе і іншых беларускіх гарадах. Цэгла пакладзена на вапнавай рошчыне сьветла-шэрага колеру. У рошчыне акрамя пяску сустракаюцца каменьчыкі (жвір) 3,5—5 мм у дыямэтры. Таўшчыня выяўленага муру каля 107 см. У сярэдзіне муру пакладзены вялікія валуны.
Усё гэта пацьвярджае нашу папярэднюю даціроўку будынку — 2-я палова XVII ст.
У сувязі з вышэйзгаданым неабходна прыпыніць усе будаўнічыя работы, правесьці архітэктурна-археалягічныя дасьледаваньні і паставіць гістарычны будынак як выяўленую гісторыка-культурную каштоўнасьць на дзяржаўную ахову.
Дадатак на 5-ці старонках.
Каментары