Грамадства44

Намеснік кіраўніка справаў Лукашэнкі ўскрыў сабе вены проста ў кабінеце

Былы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі Анатоль Дазораў спрабаваў пакончыць з жыццём.

Сын арыштаванага дырэктара санаторыя «Беларусь» пацвердзіў інфармацыю пра тое, што былы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі ўскрыў вены прама ў кабінеце.

Дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы Георгій Саракашыш застаецца ў СІЗА КДБ у Менску. Сваякі могуць пра яго нешта даведацца толькі праз адваката.

Спатканняў, лістоў або кантактаў з ім па тэлефоне не было з моманту затрымання 21 снежня мінулага года.

Сын Георгія Саракашыша Канстанцін сцвярджае, што бацька ні ў чым не вінаваты:

«Нішто не ссуне сітуацыю з мёртвай кропкі, пакуль Лукашэнку не скажуць, што ўсё было ў парадку, тут будоўля ішла выдатна, з апярэджаннем. Часам грошы яшчэ не былі выплачаныя, а ўжо было пабудавана. Бо асноўная мэта ў бацькі — усё гэта завяршыць да лета, да Алімпіяды, каб усе комплексы былі ў баявой гатоўнасці. Усё да гэтага ішло, і так бы яно і было. А тут прыходзіць новы дырэктар, які пачынае губіць санаторый. У выніку ўжо скардзяцца людзі, адпачывальнікі».

Па словах Канстанціна, бацька рабіў тое, чаго хацелі, пра што прасілі і што загадвалі рабіць яго начальнікі з упраўлення справамі Лукашэнкі.

«Хацелі пабудаваць комплекс у Паляне — ён яго будаваў. Хацелі, каб ён кіраваў пансіянатам „Марская зорка“, — ён ім кіраваў. Хацелі, каб ён кіраваў санаторыем „Беларусь“ і „Чырвонай палянай“, — ён кіраваў. Яны хацелі, каб ён ім будаваў, — ён ім будаваў. Усё гэта чорт ведае што проста. Упраўленне справамі папрасіла грошай на будоўлю, і ім далі.

Але будоўля ў Сочы апошнія гады — дурдом. Атрымалася, што спачатку яны папрасілі мала грошай. Будаўнічыя фірмы не могуць у цяперашніх рэаліях будаваць у Сочы за тыя грошы, якія былі першапачаткова запатрабаваныя. А калі прыйшлі прасіць яшчэ грошай, ім сказалі, што іх няма, шукайце дзе хочаце.

Вырашылі спісаць на бацьку — маўляў, ён скраў, таму грошай і няма. А не таму, што кіраўнік справамі некалькі разоў перадумваў падчас будаўніцтва: узводзіцца аб’ект, прыходзяць і кажуць, што не спадабаўся, напрыклад, хол — перарабіць. А тое, што гэта выліваецца ў дадатковыя страты, пра гэта нешта ніхто не думаў. І бацька ўсё гэта рабіў. Ён увесь свой час і здароўе паклаў на тое, каб гэта ўсё было. Дазораў жа ўскрыў сабе вены. Ад чаго гэта робяць людзі? Ад таго, што спалохаліся. І ў выніку вырашылі ўсё павесіць на бацьку. Цяпер санаторый гэты сцягнуць, бо кіраўнікі, якія прыехалі цяпер ім кіраваць, наўрад ці справяцца з тым аб’ёмам. За 30 гадоў добра зрабіць гэта мог толькі бацька, і ў выніку стаў хлопчыкам для біцця».

Жонка зняволенага ў СІЗА КДБ Лола Саракашыш кажа, што пра затрыманне мужа 21 снежня мінулага года ёй паведамілі па тэлефоне, пасля таго як муж прыехаў у Менск у камандзіроўку.
Разам з ім затрымалі намесніка Аляксандра Кізіма і падрадчыка будаўнічай арганізацыі:

— І цяпер цішыня, няма ніякай інфармацыі. Спатканняў не даюць, і званкоў таксама. Збіраюся напісаць першы ліст, не ведаю, як дойдзе. Я нават не ведаю, што яму інкрымінуюць. Там нейкія вар’яцкія сумы называюцца. Проста кашмар. Наколькі я ведаю, следчыя нават не прыходзяць да яго. Па 6–7 гадзін допыты вяліся. Пытаюцца пра адно і тое ж. Ведаю, што да паездкі мужа ў Менск намеснік Корбута чамусьці парэзаў сабе вены. Ну з чаго гэта раптам? Потым Корбут раптам ні з пушчы ні з поля піша заяву на звальненне.

— А што там за будоўлі, вакол якіх разгарнулася ўся гэтая гісторыя?

— Упраўленне справамі заказвала будаўніцтва — пабудаваць новыя комплексы, новыя катэджы, палепшыць тэрыторыю санаторыя. Муж выбіў ім на Паляне выдатны аб’ект.
Будаваў наогул з нуля. Ён жыў гэтай працай, ён хадзіў па гэтай тэрыторыі, траву вычышчаць, рабіў абрэзку сваімі рукамі. Лепшага санаторыя ў горадзе няма. Ён жа працуе з 80-га года ў санаторыі. Ён захаваў і памножыў. Ён жа працаголік. І раптам невядома што.

У абавязкі мужа ўваходзіла заўсёды сустрэць, забяспечыць усім неабходным кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, калі той прыязджаў у Сочы:

— І аховай, і бяспекай, і картэжам, правесці, сустрэць, прыняць. Усё было без праблем. А тут зусім незразумела што. Можа, хто ад сябе на яго стрэлкі перавёў. Вось няхай прыйдуць у кватэру і ўбачаць, чым мы валодаем. Нават рамонту тут у нас няма. Хтосьці зойдзе, скажа — гэта так дырэктар жыве? Не павераць. Акрамя двухпакаёвай кватэры плошчай 53 квадратных метра, у нас нічога няма.

Грамадзянін Расеі Георгій Саракашыш, які быў затрыманы беларускімі спецслужбамі, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Аналагічны артыкул Крымінальнага кодэкса пагражае і яго намесніку, беларусу Аляксандру Кізіму, які таксама застаецца пад вартай. Новым дырэктарам санаторыя «Беларусь» прызначаны Уладзімір Рыжанкоў, які кіраваў дэпартаментам гуманітарнай дзейнасці ва Упраўленні справамі прэзідэнта, быў начальнікам медыцынскага ўпраўлення комплексу «Менск-Арэна».

Былы першы намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Анатоль Дазораў быў звольнены яшчэ ў пачатку года. Потым сышоў у адстаўку і кіраўнік справамі прэзідэнта Мікалай Корбут. На яго месца прызначаны Віктар Шэйман. Раней ужо з’яўлялася інфармацыя пра тое, што ён спрабаваў пакончыць з сабой прама ў працоўным кабінеце.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць