«КоммерсантЪ»: З экстрадыцыяй Баўмгертнера на ўмовах Лукашэнкі ў Расіі не згодныя
«Вендэта па-беларуску» — пад такім загалоўкам апублікаваны 22 кастрычніка на першай паласе расійскай газеты «КоммерсантЪ» матэрыял на тэму апошніх заяў Аляксандра Лукашэнкі па справе генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, які знаходзіцца пад дамашнім арыштам у Мінску.
«Учора прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка фактычна запатрабаваў у ААТ «Уралкалій» выкуп за гендырэктара кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера, які знаходзіцца пад дамашнім арыштам па абвінавачанні ў крадзяжах у Мінску, — піша выданне, аналізуючы прэс-канферэнцыю афіцыйнага лідара для кіраўнікоў СМІ краін СНД. — Экстрадыцыя ў Расію падследнага была ацэнена ў 100 млн. долараў. Крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, далі зразумець «Ъ», што не гатовыя на такіх умовах кампенсаваць нібыта нанесены ім урон».
«Зараз, магчыма, лёс спадара Баўмгертнера, а яго завочна арыштавалі і ў Расіі, вырашыцца пасля змены ўласніка «Уралкалія», — мяркуе выданне.
Абнародаванае Лукашэнкам патрабаванне, як кажуць юрысты, адносіцца да арт. 88-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, у якім гаворыцца, што асоба, якая ўчыніла злачынства, што пацягнула прычыненне ўрону дзяржуласнасці ці юрасобе, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці, калі поўнасцю яго кампенсуе.
«Права прэзідэнта мілаваць да суда і замест суда пасля выплаты кампенсацыі — гэта не ўпісваецца ў логіку судаводства і ролю судовай улады, але ў нас гэта актыўна прымяняецца», — адзначыў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.
Адвакат Юлій Тай, які прадстаўляе інтарэсы сенатара Сулеймана Керымава, які, паводле версіі беларускага боку, з'яўляўся арганізатарам махінацый на «Беларуськаліі», адзначыў,
што «беларускі прэзідэнт учора фактычна запатрабаваў выкуп, што беспрэцэдэнтна для норм права».
Паводле слоў адваката, кампенсацыя выплачваецца толькі пасля вынясення прысуду і ўваходжання ў сілу рашэння суда, «а нічога гэтага няма, а значыць, не павінна быць і ніякіх выплат». Як лічыць Тай, каб зняць палітызаванасць у расследаванні, «справай павінны заняцца расійскія следчыя».
«Да ўчарашняга дня да гэтага ўсё і ішло, — адзначае «КоммерсантЪ». — Пасля перамоў, якія правёў з беларускім калегам генпракурор РФ Юрый Чайка, бакі сышліся на тым, што сітуацыя, якая склалася вакол спадара Баўмгертнера, будзе вырашацца ў межах Мінскай канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, заключанай краінамі СНД у 1993 годзе».
У адпаведнасці з ёй Генпракуратура РФ атрымала з Мінска 19 тамоў крымінальнай справы Баўмгертнера, якія накіравала ў Следчы камітэт Расіі. Правёўшы па іх праверку да следства, камітэт распачаў у дачыненні да гендырэктара «Уралкалія» і былога першага намесніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Канстанціна Саладоўнікава крымінальную справу на падставе ч. 2 арт. 201 КК РФ (злоўжыванне паўнамоцтвамі). СКР звярнуўся ў Басманны райсуд з хадайніцтвам пра арышт Баўмгертнера. Суд яго задаволіў, пастанавіўшы, што гендырэктар «Уралкалія» будзе накіраваны пад варту адразу пасля таго, як яго экстрадыруюць у Маскву. У СКР разлічвалі, што адпаведнае рашэнне будзе прынята да заканчэння тэрміну двухмесячнага мінскага арышту прадпрымальніка, «аднак зараз стала зразумела, што ён можа быць прадоўжаны аж да атрымання Беларуссю кампенсацыі».
Крыніца газеты, знаёмая з сітуацыяй, адзначае, што беларускія ўлады ўжо неафіцыйна прапанавалі «Уралкалію» выдаць Баўмгертнера ў абмен на выплату ўрону ў 100 млн. долараў.
Для кампаніі гэта параўнальна невялікія грошы, і яна магла б іх заплаціць, калі была б знойдзена прымальная схема, напрыклад, у якасці залогу. Аднак выплачваць непасрэдна ўрон значыла б прызнаць сваю віну і пацвердзіць абвінавачванні, што прад'яўляюцца Баўмгертнеру і астатнім топ-менеджарам, так што кампанія на гэта не пайшла.
Некалькі крыніц упэўненыя, што зараз Баўмгертнера вызваляць толькі пасля змены асноўнага ўласніка кампаніі. Аднак гэты працэс спыніўся, бо Керымаў прызначыў за свой пакет у 21,75% акцый «Уралкалія» цану значна вышэйшую за рыначную, заплаціць якую не гатовы ніводны з прэтэндэнтаў.
Цяпер чытаюць
«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць
Каментары