Да турмы на вуліцы Акрэсьціна працягваюць прыходзіць людзі, чые сябры, знаёмыя й сваякі застаюцца зьняволенымі за ўдзел у акцыях пратэсту на вуліцах Менску падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Перадачы палітычным вязьням прыносяць таксама многія незнаёмыя людзі, аднак ахоўнікі перашкаджаюць ім гэта рабіць.
Да турмы на вуліцы Акрэсьціна працягваюць прыходзіць людзі, чые сябры, знаёмыя й сваякі застаюцца зьняволенымі за ўдзел у акцыях пратэсту на вуліцах Менску падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Перадачы палітычным вязьням прыносяць таксама многія незнаёмыя людзі, аднак ахоўнікі перашкаджаюць ім гэта рабіць.
Садавіну, сокі й іншыя прадукты многія наведнікі прыносяць у турму з уласнай ініцыятывы. Гэта людзі рознага веку й заняткаў, у тым ліку – студэнты, бізнэсоўцы й пэнсіянэры. Спадарыня Лілія Жукава прынесла салодкія напоі й булачкі, але перадаць гэта зьняволеным надзвычай цяжка – паведаміла яна Радыё Свабода.
(Жукава: ) «Я прыйшла сёньня сюды не таму, што ў мяне тут нехта сядзіць. Я прыйшла зрабіць перадачу моладзі, якая была разагнана й схоплена з намётавага гарадку, – на любую камэру, дзе палітычныя сядзяць. Дык не, давайце ім дакладнае прозьвішча. Ну, вось дзяўчатам аддала перадачу, і вельмі шчасьлівая й радасная ад гэтага. А то – што мне гэтыя булачкі назад дадому несьці?»
(Карэспандэнтка: ) «Чаму вы гэта робіце?»
(Жукава: ) «Я гэта раблю ад шчырай душы й сэрца. Бо я іх падтрымліваю, я імі ганаруся. Бо гэта нашая эліта, нашая моладзевая эліта, а ня гэтыя лукамолы й бэрэсэмы».
На дзьвярах турмы цяпер вісіць абвестка, што перадачы можна рабіць не часьцей, чым раз на пяць дзён. А пасьля таго, як каля турмы зьявілася шмат валантэраў, ахоўнікі пачалі адмаўляцца браць перадачы ад чужых людзей.
Гаворыць Зьміцер, які мае на Акрэсьціна сяброў:
(Зьміцер: ) «Учора затэлефанавалі знаёмыя з Украіны й папрасілі зрабіць перадачу для аднаго чалавека з Украіны, які патрапіў тут у турму падчас падзеяў. Мы прынесьлі перадачу, але ўзьніклі вялікія праблемы: апошнія некалькі дзён тут адмаўляюцца браць перадачы ад каго-небудзь, акрамя сваякоў. Гэта азначае, што знаёмцы цяпер ня могуць рабіць перадач, і нас разьвярнулі з гэтай перадачай і адправілі. Прыкладна такая ж гісторыя днямі здарылася з чалавекам зь Віцебску. Пры гэтым, вялікай чаргі тут няма – большая частка людзей павыходзілі ўжо. А таму не зразумела, чаму ня браць перадач ад усіх».
Спадарыня Людміла чакае вызваленьня свайго сына пасьля 15 сутак арышту. Гэта адбудзецца ў ноч на суботу, а сёньня яна падрыхтавала апошнюю перадачу.
(Людміла: ) «Сказалі больш не прыходзіць, бо тут у іх хапае і харчаваньня, і вады – усяго ў іх хапае. Хаця хлопцы выходзяць і распавядаюць, як халодна ў камэрах, і толькі голыя нары . А яны сядзяць у тым, у чым былі арыштаваны».
(Карэспандэнтка: ) «Ці падтрымліваеце вы свайго сына пасьля ўсяго адбытага?»
(Людміла: ) «Пасьля ўсяго, што адбылося, у мяне, наадварот, загартаваўся дух барацьбіта за свабоду, за справядлівасьць. Я цяпер нічога не баюся й цалкам падтрымліваю свайго сына. Ён – герой, герой Беларусі, ён – патрыёт. А ў тыя адсоткі, пра якія нам абвясьцілі, я ня веру».
Каментары