Меркаванні4242

Непрыгожае прозвішча, альбо Ужо быў забіты Міхоэлс — камертон тыдня ад Сяргея Ваганава

Аматарам калупацца ў чужым нацыянальным паходжанні прысвячаецца

Выпадкова натрапіў на чарговае шоу, з тых, якімі без пачуцця меры і густу атручвае гледачоў дзяржаўнае расійскае тэлебачанне. Усе яны на адзін твар, нават удзельнікі адны і тыя ж, мяняюцца толькі назвы. Тое, што з невядомай прычыны стрымала палец ад націскання наступнай кнопкі, называлася «Универсальный артист».

Уласна кажучы, прычына была — «Хава нагіла»…

«Ларыса, — пытаецца вядучая шоу, — адкуль гэта ў цябе? Адкуль такое пранікненне ў габрэйскую душу?» — «А ты не ведаеш?» — Доліна пакусвае губы, нервова кідае позіркі некуды ў нябачную столь. «Я дык ведаю, — вядучая загадкава ўсміхаецца, — але трэба, каб ведалі ўсе». — «Так, я габрэйка. Маё сапраўднае прозвішча Кудэльман…»

Зала ўзрываецца воплескамі…

«А Доліна скуль?» — «Гэта прозвішча маці. Дарэчы, таксама габрэйскае… Калі пачынала, мне параілі змяніць прозвішча…»

Зала ўзрываецца воплескамі. Да допыту далучаецца нехта з журы.

«А вось Кабзон не мяняў». — «Кабзон — гэта нешта звонкае, пасуе спеваку. А Кудэльман гучыць непрыгожа…»

Зала ўзрываецца воплескамі.

Некалькі доўгіх хвілін усё журы расказвае пра свае габрэйскаія карані. Асабліва лютуе Надзея Бабкіна. З чаго, урэшце, усе даведваюцца, што паходжаннем яна нібыта з нейкага габрэйскага казацтва, а зараз знаходзіцца ў цесным сваяцтве з цёткамі… Забыўся на імёны, што назвала, нешта накшталт Сары і Цылі, жывуць у Данецку. Апошняе вымаўляецца з такім натуральным націскам, што мімаволі цёткі Сара і Цыля ўяўляюцца ратавальніцамі «русского мира». Вядома, на чале яўрэйскага казацтва…

Зала ўзрываецца воплескамі.

Але памяць прагне цішыні.

…Яна была вельмі цяжкой, тая цішыня, у якой прагучала аднойчы: «Да таго ж прозвішча не зусім прыгожае, немілагучнае…»

Гэта быў апошні аргумент, якім бацька і маці, хаваючы позіркі, даціскалі мяне, каб я пагадзіўся змяніць татава прозвішча Пінхасік на матуліна.

Ішоў 1957 год, надыходзіў час атрымліваць пашпарт.

Ніхто з бацькоў, вядома, не тлумачыў мне, што краіну захлынае хваля антысемітызму, што пад пагрозай далейшая вучоба, кар’ера, няўцямны поспех у жыцці… Абое былі камуністамі, шчыра верылі ў інтэрнацыянал, у сусветнае братэрства працоўных. «За слова «жыд» да вайны ў турму саджалі!» — усклікнула маці, калі малым дзіцём я паскардзіўся ёй на пачутую ўпершыню абразу. І я доўга яшчэ ўяўляў сабе, як добра было да вайны…

Калізія, што ўтварылася напярэдадні атрымання пашпарту, тычылася 5-га пункту. То бок габрэем пісацца мне ці беларусам. «Ну што ў цябе габрэйскага?» — пыталася маці. Бацька моўчкі ківаў галавой. Што праўда, ягонае габрэйства ўяўлялася мне толькі праз бабулю Гіту і доўгія, паўшэптам, недзе ў кутку, незразумелыя іхнія размовы на ідышы.

Не, не толькі. Яшчэ праз матулін дакор, які раз-пораз прамаўляўся, калі яна была ў чымсьці бацькам незадаволена: «няміга!»

Не, не толькі ў дакор. Здаралася, і ў жарт…

Дакоры — дакорамі, жарты — жартамі, але вера ў інтэрнацыянал была непахісная. Мабыць, з таго інтэрнацыяналу і ўзгарэла паміж імі каханне. Бо ўявіць сабе, каб да трыумфу інтэрнацыяналу знайшлі адно аднаго вясковая беларуска і габрэй з жабрацкай мінскай Нямігі, проста немагчыма. Немагчымым, адпаведна, было б і мне з’явіцца на свет.

О, якое то было каханне!

Праз сумесную працу ў газеце; праз вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь; праз біблейскі сыход цяжарнай маці з Мінску ў чэрвені 41-га; праз доўгае няведанне, хто дзе і ці жывы; праз нараджэнне сына; праз гібель адных лепшых сяброў і здрадніцтва іншых; праз каварны на бацьку данос і пагрозу арышту; праз шчаслівае — жывы! — вяртанне з вайны… 

Патаемна ад бацькоў я чытаў схаваныя ў пісьмовым стале іх лісты з вайны і на вайну, амаль трыста лістоў. І ўжо нават дзіцячым розумам разумеў, што ратаваліся яны ад жахаў вайны толькі каханнем.

І маленькім Пінхасікам. А тут — на табе: «Няміга…»

Мабыць, з-за той «нямігі» мне было асабліва шкада бацьку.

З-за той габрэйскай Нямігі, дзе ён насамрэч нарадзіўся; з-за той Нямігі, дзе ягоны бацька, мой дзед Саламон, рабочы разніцы, памёр ад сухотаў, калі бацьку было два месяцы; з-за той Нямігі, дзе бабуля Гіта, працуючы прыбіральшчыцай, адна здолела выхаваць чацвярых дзяцей, а зараз ляжыць у прыцемку вільготнага сутарэння, у старэйшай дачкі, і слухае, як грае на скрыпачцы ўнук Мулік…

«Не, я застануся Пінхасікам! І буду пісацца габрэем!» — чамусьці з выклікам абвясціў я. Маці сядзіць, абхапіўшы рукамі галаву, нібыта ўтрымлівае на твары счарнелую хмару. «Давід, скажы яму…» —

«Я забараняю! — дрыжачым голасам вымаўляе тата. — Не, я прашу цябе, сынок…» З жахам гляджу, як ягоныя вочы набрыньваюцца слязьмі…

Я не ведаю яшчэ, што ў 37-м расстраляны Лазар Пінхасік, старэйшы бацькавы брат.

Я не ведаю яшчэ, чаму колькі год таму з такой насцярогай шапталіся бацькі за сцяной, чулася толькі нешта пра касмапалітаў і Бірабіджан.

Я не ведаю яшчэ, што Міхоэлс быў забіты, а не выпадкова трапіў пад колы… Так, я нічога яшчэ не ведаю. Нічога з таго, пра што ведаюць яны. Але маўчаць…

Хаця ведаюць, што я ўжо пра ўсё ведаю. Але маўчаць…

Усё жыццё маўчаць пра тое. Да сыходу ў вечную цішыню. 

Каментары42

Цяпер чытаюць

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага16

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага

Усе навіны →
Усе навіны

150 гадоў Яну Булгаку — майстру мастацкай фатаграфіі1

«Або на 15 гадоў, або трэба будзе дапамагчы краіне». Былы палітвязень заяўляе, што яго завербаваў КДБ і адправіў у Польшчу выконваць заданні21

Маскоўскае РУУС Мінска засталося без начальніка3

Вынеслі прысуд маці, якая забіла нованароджанага сына5

Пад Брэстам кітайцы будуюць цяпліцу, дзе за агуркамі і памідорамі будзе сачыць штучны інтэлект2

Больш за 200 кліентаў пацярпелі ад фірмы «Кухні Чэры», што рэкламаваў прапагандыст Тур з жонкаю3

49‑гадовага праграміста з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе

Пісьменнік Джэфры Арчэр памёр за суткі да выхаду сваёй новай кнігі1

«Я — Джэйн Доу». Справа аб групавым згвалтаванні ў элітным універсітэце запусціла новы сусветны флэшмоб36

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага16

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць