Меркаванні3838

Меркаванне пра размеркаванне, «белую футру» і цырульні для БРСМ — камертон Сяргея Ваганава

Ігар Бузоўскі, той, што першы сакратар ЦК БРСМ, заявіў, што беларуская моладзь падтрымлівае дзяржаўнае размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў. Маўляў, час, каб адмяніць яго, не наспеў. Але перш як наспее, магчымы варыянт размеркавання па жаданні…

Заяве гэтай два тыдні. Майму асабістаму размеркаванню 51 год.

Атрымліваецца, што за паўстагоддзя нічога ў дзяржаве не змянілася. Не змянілася нават тое, што актыўнае сяброўства ў камсамоле, а зараз у БРСМ, давала і дае пэўныя магчымасці ўладкавацца ў жыцці па ўласным жаданні.

Што праўда, жаданні і магчымасці розныя. Раней — каму Мінск, каму Масква, каму палеская вёска. Сёння — каму чарнобыльская вёска, каму Парыж. Мінск — гэта так, па дарозе…

Паўстагоддзя таму, калі ты драў горла на камсамольскіх падмостках ці рваў на грудзях савецка-патрыятычную кашулю, Мінск, ну а потым і Масква, былі гарантаваны — ці то праз «органы», ці то праз партыйна-партызанскія сувязі, ці то праз «органы» і сувязі разам.

 Ці то праз дачок уплывовых асоб.

«Вось пабачыце, з гэтым белым футрам ажанюся!» — аб’явіў знаёмы першакурснік з журфаку, калі ўпершыню ўбачыў яе здалёк.

Як сёння, перад вачыма пранізлівы снежаньскі туман, клубіцца вакол жоўтых ліхтароў… «Белае футра» пераходзіць вуліцу, наўпрост да дома, дзе жывуць знакамітыя навукоўцы. Я ведаю «белае футра», дачку акадэміка, мы сябруем… «Валера, — смяюся, — яна выходзіць замуж за майго сябра, ужо пярсцёнкі купленыя…» Валера, які прыехаў аднекуль з расійскай правінцыі і ходзіць толькі ў выцвілай гімнасцёрцы, моўчкі ўсміхаецца, нават пазнаёміць не просіць…

Тое, што падалося жартам, здзейснілася адразу пасля Новага года.

Напярэдадні нейкім чынам ён апынуўся ў адным з ёй самалёце да Рыгі… Такое вось размеркаванне па ўласным жаданні. Ну, а якая «раёнка» не дачакалася «маладога спецыяліста», меркаваць не выпадае…

Зрэшты, класічны сюжэт. Мо і для астатняга свету, дзе моладзь не ведае дзяржаўнага прымусу. Адно толькі адрозненне: наша дзяржава гуляе ў сваю гульню, жыццё — у сваю.

А тыя, хто не драў горла, не рваў кашулю і не заляцаўся да «белых футраў», сабраліся вясновым вечарам 1963 года ў пакойчыку студэнцкага інтэрната на Дзімітрава (таго, што нядаўна знеслі з праспекта Пераможцаў), разаслалі на падлозе мапу Беларусі, парасстаўлялі па «сваіх» вёсках кілішыкі…

Між тым кожны, хто палічыць, што такім чынам святкаваўся дзяржаўны прымус ці аплакваліся няспраўджаныя мары, вельмі памыліцца. Амаль усе, хто з’язджаў тады настаўнічаць у вёскі, адзначыліся падчас вучобы ўпартай, а хто і таленавітай навуковай працай, шмат каго навуковыя кіраўнікі цягнулі ў аспірантуру… Не, у тых кілішках на мапе Беларусі было нешта іншае.

Таго «напою» сёння няма.

А вось у таямнічыя лабірынты дзяржаўнага размеркавання патрапіў праз год настаўніцтва, калі мне прапанавалі працу ў «Чырвонай змене», і я вярнуўся ў родны горад. Вядома, здрадзіў…

 Праца не пайшла. Адна справа — пісаць у газету, зусім іншая — у газеце працаваць.

Да ўсяго — ведаць газетную тэхналогію, якую на гістфаку не выкладалі. Праз два месяцы Жора Клябанаў, мо хто памятае вядомага на той час журналіста, выцягнуў аднекуль з нетраў вялізнага пісьмовага стала гару зжаўцелых папак і кінуў на абдзёртую паверхню: «Тут лісты чытачоў за дванаццаць гадоў. Трэба адказаць». Ледзь не да столі ўзняўся едкі пыл, і я зразумеў — трэба сыходзіць.

Сышоў у аблана: хачу вярнуцца ў вёску. Адказ — няма вакансіяў.

Сышоў у Міністэрства адукацыі: хачу вярнуцца ў вёску. Адказ — няма вакансіяў.

Напісаў чамусьці ў Калугу: у любую вёску паеду. Уласна кажучы, ведаю чаму — Салжаніцын, «Матрёнин двор»… Адказ — не маем патрэбы.

Па ўсім СССР, не толькі па Беларусі, стаяў стогн: не хапае вясковых настаўнікаў!

Сапраўды не хапала. Але для тых, хто працаваў, гэта было ці не адзінае выйсце, каб падвысіць заробкі. Ды я сам выкладаў ажно пяць прадметаў!

…Сённяшняе вясковае настаўніцтва — асобная балючая тэма. Шукаць у кароткіх нататках пра некаторыя прыгоды размеркавання адказы, чаму ўлада і яе «баявы атрад» так зацікаўлены ў захаванні гэтага затупелага інструмента прыгонніцтва, таксама не выпадае — яны даўно знойдзены. Адно нагадаю: БРСМу вельмі хочацца і надалей існаваць на дзяржаўныя грошы.

Тыя б грошы — ды настаўнікам. Ды на падтрымку іншых грамадскіх моладзевых структур. А тут — «падайце вечна маладым».

І падаюць. І не толькі з бюджэту. Сам бачыў у цырульнях аб’явы пра зніжкі для чальцоў БРСМ.

Не ведаю, ці захаваліся тыя зніжкі дасюль, стрыгчыся ў цырульнях для моладзі мне ўжо без патрэбы. Але ведаю, што іншую моладзь, напрыклад, з «Маладога фронту», час ад часу размяркоўваюць па іншых цырульнях. Тых, дзе ўвогуле стрыгуць бясплатна.

Без уліку жадання.

Каментары38

Цяпер чытаюць

Палова Беларусі зарабляе менш за 1990 рублёў, палова — больш за 1990 рублёў1

Палова Беларусі зарабляе менш за 1990 рублёў, палова — больш за 1990 рублёў

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся10

«Расія 1» назвала «справай гонару» забойства рэпера Kyivstoner2

На лецішчы пад Смалявічамі знайшлі грыб дзіўнай формы. А вельмі рэзкі пах адчуваецца здалёк1

Матч паміж Англіяй і Аргенцінай прывёў да палітычнага скандалу з-за Фалклендскіх астравоў7

Ва Украіне — новы прэм'ер2

Кіраўнік ЦРУ: Сярэдняя працягласць жыцця расійскага навабранца пасля прыбыцця на поле бою — 20‑30 хвілін4

400‑тысячны артыкул апублікаваны на сайце «Нашай Нівы». А пра што былі 300-тысячны, 200-тысячны, 100-тысячны?8

Азаронак пра закрыццё беларускіх крам: Прыбралі таму, што вы гэта любілі. Мне не лянота сядзець і глядзець, дзе што прадаюць58

Ціханоўская: Калі мы не пазбавімся гэтага рэжыму, пагроза з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца пастаяннай14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палова Беларусі зарабляе менш за 1990 рублёў, палова — больш за 1990 рублёў1

Палова Беларусі зарабляе менш за 1990 рублёў, палова — больш за 1990 рублёў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць