Азараў расказаў сваю версію «справы BYPOL», па якой трое беларусаў атрымалі ад 17 да 25 гадоў
Трое беларусаў атрымалі агулам 63 гады калоніі па справе, якую звязваюць з BYPOL. Адзін з асуджаных, па інфармацыі праваабаронцаў, расказваў сукамерніку, што ў акупаваны Крым яго адправіў нібыта кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў. Азараў гэта адмаўляе і называе чалавека, які, паводле яго, мог таемна выходзіць на актывістаў ад імя BYPOL і раздаваць ім заданні.

26 кастрычніка Мінскі абласны суд асудзіў трох беларусаў: Юрыю Васілеўскаму далі 17 гадоў зняволення, Генрыху Агееву — 21 год, Івану Балашэнку — 25 гадоў.
Іх абвінавацілі паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ад «здрады дзяржаве» і ўдзелу ў «тэрарыстычнай арганізацыі» да падрыхтоўкі і замаху на «акт тэрарызму», незаконных дзеянняў са зброяй і спробаў пашкодзіць транспарт ці шляхі зносін.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму што менавіта рабілі мужчыны і на якіх доказах грунтаваліся прысуды, невядома. Пра сувязь справы з BYPOL казалі былыя сукамернікі фігурантаў.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў расказаў «Нашай Ніве» сваю версію таго, хто мог кантактаваць з асуджанымі.
Затрыманне ў Крыме і катаванні
Найбольш вядома пра 32‑гадовага Генрыха Агеева — былога сілавіка з Берасцейшчыны. У лютым 2024 года яго затрымалі ў акупаваным Расіяй Крыме, калі ён вяртаўся ў Беларусь.
Паводле расказу былога сукамерніка Агеева, мужчына казаў, што ездзіў у Крым нібыта па заданні Аляксандра Азарава. Каля сямі месяцаў беларуса ўтрымлівалі ў сімферопальскім СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі. Там яго, як сцвярджаецца, збівалі і катавалі. Увесь гэты час сваякі не ведалі, дзе ён знаходзіцца.
У верасні 2024 года Агеева перадалі Беларусі. Паводле сведчання былога сукамерніка, яго везлі амаль суткі з мяшком на галаве, а дакументы пра час, праведзены ў расійскім СІЗА, не перадалі.
Аляксандр Азараў яшчэ раней адмаўляў, што адпраўляў Генрыха Агеева ў Крым. Ён сцвярджаў, што BYPOL увогуле не дае беларусам заданняў за межамі краіны, і абяцаў высветліць, хто мог кантактаваць з мужчынам ад імя арганізацыі.
Цяпер Азараў заявіў, што гаворка можа ісці пра былога супрацоўніка BYPOL, якога ён называе Віталём Д.
«Дзейнічаў без ведама арганізацыі»
Паводле Азарава, некаторы час таму сваякі аднаго з фігурантаў справы звярнуліся ў BYPOL з просьбай дапамагчы знайсці свайго сваяка, які знік і, як меркавалася, кантактаваў з арганізацыяй.
Пасля ўнутранай праверкі ў BYPOL высветлілі, што з беларускімі актывістамі мог падтрымліваць сувязь Віталь Д.
«Ён насуперак інтарэсам і мэтам арганізацыі, а таксама нягледзячы на дзейную забарону таемна кантактаваў з беларускімі актывістамі ад імя BYPOL і даваў ім розныя заданні, якія не мелі дачынення да дзейнасці арганізацыі», — сцвярджае Аляксандр Азараў.
Паводле яго, Віталя Д. звольнілі ў першай палове 2024 года за дзеянні, якія «дыскрэдытавалі арганізацыю», а таксама за скаргі на яе кіраўніка ў розныя беларускія дэмакратычныя структуры.
Аляксандр Азараў сцвярджае, што і пасля звальнення мужчына працягваў прадстаўляцца супрацоўнікам BYPOL, а пазней называў сябе работнікам Каардынацыйнай рады і падкрэсліваў блізкае знаёмства з яе тагачаснай спікеркай Анжалікай Мельнікавай.
У пацвярджэнне Аляксандр Азараў пераказвае словы самой Мельнікавай: нібыта яна казала, што Віталь актыўна працуе, наведвае міжнародныя мерапрыемствы, фатаграфуецца з вядомымі людзьмі і «цяпер на плаву».
«BYPOL ніколі не адпраўляў беларусаў за межы краіны для выканання якіх-небудзь заданняў»
Аляксандр Азараў настойвае, што ні BYPOL, ні ён асабіста не маюць дачынення да дзеянняў, за якія асудзілі трох беларусаў.
«Нацыянальныя інтарэсы Беларусі заўсёды былі і застаюцца для нас прыярытэтам. Для нас важны кожны актывіст, кожны беларус, здольны прынесці карысць сваёй краіне. Менавіта таму BYPOL ніколі не адпраўляў беларусаў за межы краіны для выканання якіх-небудзь заданняў», — кажа ён.
Паводле Аляксандра, арганізацыя неаднаразова папярэджвала, што звязвацца з ёй трэба выключна праз афіцыйныя каналы, і заклікала не давяраць людзям, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі BYPOL, але выходзяць на сувязь іншымі спосабамі.
Кіраўнік BYPOL не выключае, што расповед сукамерніка аднаго з затрыманых мог быць вынікам аперацыі спецслужб, у рамках якой чалавек пасля вызвалення распаўсюджвае загадзя падрыхтаваныя звесткі з мэтай дыскрэдытацыі пэўных людзей. Таму Азараў патрабуе, каб справу перасталі звязваць з BYPOL.
«Я ніколі не хаваўся за чужыя спіны і заўсёды адказваў апанентам, абапіраючыся на факты. Я не збіраюся адказваць за дзеянні, якіх не здзяйсняў, і больш не дазволю мною прыкрывацца».
Каментары
Как святой зсПозняк?
Нет!...
...к Азарову есть вопросики.
Хитрый, умный. Но есть и их все больше!...
[Зрэдагавана]