Улады не будуць індэксаваць пенсіі ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў у час прамой лініі 15 студзеня.
Датэлефанаваўшыся да намесніка міністра, карэспандэнт finance.tut.by пацікавілася, ці праіндэксуюць пенсіі ў сувязі з аслабленнем беларускага рубля.
Валерый Кавалькоў патлумачыў, што пенсіі выплачваюцца за кошт адлічэнняў з заробкаў, якія паступаюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Заробкі не індэксаваліся на рост курсу даляра, а значыць, унёскі ў ФСАН таксама не выраслі.
«А калі паступленні ў Фонд не павялічыліся, у сувязі з чым мы можам плаціць пенсію ў большым памеры?
Пераразліку [пенсій] ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля не будзе, бо ў нас валюта — беларускі рубель, у нас цэны ў беларускіх рублях, і наша ўнутраная прывязка да даляра — гэта наша асабістае перакананне. Можна перавесці пенсію на расійскія рублі, і атрымаецца, што пенсіянер пабагацеў, бо расійскі рубель быў дэвальваваны яшчэ больш, - заўважыў намеснік міністра.
Пакуль няма падстаў і для пераразліку пенсій у сувязі з ростам сярэдняй зарплаты па краіне.
Рашэнне аб павелічэнні пенсій прымаецца, калі за мінулы квартал сярэдняя зарплата павялічылася больш чым на 15%.
«На жаль, такога росту ў нас цяпер няма», — канстатаваў Валерый Кавалькоў.
З 19 снежня беларускі рубель дэвальваўся адносна даляра на 37%.
Каментары