У 2016—2017 гадах Беларусь павінна абмежаваць расходы рэспубліканскага бюджэту на аплату працы.
Паводле інфармацыі БелаПАН, такія меры з'яўляюцца ўмовай выдзялення краіне еўразійскага крэдыту, атрыманне якога Мінск канчаткова ўзгадняе з расійскім бокам.
Мяркуецца, што ў 2016 годзе расходы беларускага бюджэту на аплату працы вырастуць не больш як на запланаваны ўзровень інфляцыі (12%). Аналагічная ўмова тычыцца 2017 года, калі інфляцыя плануецца на ўзроўні 9%, — адпаведна на гэтую велічыню можа вырасці фонд зарплаты рэспубліканскага бюджэту.
Акрамя таго, паводле інфармацыі БелаПАН, умовай давання еўразійскага крэдыту з'яўляюцца абавязацельствы Беларусі ў сферы тарыфнай палітыкі на платныя паслугі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб тым, што ўзровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг вырасце ў 2016 годзе да 50% (супраць 30% у 2015-м). У канцы 2017 года, як чакаецца, насельніцтва будзе кампенсаваць 70% кошту жыллёва-камунальных паслуг.
Аналагічныя змены запланаваныя ў дачыненні да транспартных паслуг. Мяркуецца, што да канца 2016 года насельніцтва будзе пакрываць 65% кошту такіх паслуг (супраць 60% у 2015-м) і на 70% кампенсаваць кошт праезду ў грамадскім транспарце ў канцы 2017 года.
Умовай выдзялення еўразійскага крэдыту таксама з'яўляецца лібералізацыя цэн на тавары і паслугі (электрасувязі і паштовай сувязі), якія рэгулююцца дзяржавай.
Як паведамлялася раней, у студзені 2016 года беларускі ўрад ужо прыняў пастанову, што скарачае пералік сацыяльна значных тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулюе дзяржава. З пераліку былі выключаныя хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне, асобныя паслугі электрасувязі.
Умовы атрымання крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) Беларусь узгадняе з Расіяй ужо прыблізна год. З заяўкай на атрыманне стабілізацыйнага крэдыту ў 3 млрд. долараў Беларусь звярнулася ў ЕФСР у сакавіку 2015 года. Пазней падчас перамоў сума крэдыту была зніжаная да 2 млрд. долараў. У лютым 2016 года пасля пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што рашэнне аб даванні еўразійскага крэдыту Беларусі «прынятае канчаткова і беспаваротна» і найбліжэйшым часам крэдытная праграма будзе падпісаная.
Каментары