Кіраўнік «Дарыды»: Кажуць, ёсць спіс бізнэсменаў, якія будуць затрыманыя
Далёка не ўсе айчынныя бізнэсмены сёння згаджаюцца на размову з дыктафонам. Асабліва пасля некаторых гучных арыштаў.
Многія лічаць за лепшае надзённыя тэмы абмяркоўваць напаўголасу, а пра палітыку наогул маўчаць.
Бізнэсмен, чыё імя даўно і трывала асацыюецца з прыватным прадпрыемствам «Дарыда», — выключэнне. Калі «Народная воля» прапанавала Уладзіміру Дзялендзіку абмеркаваць некаторыя рэзанансныя пытанні, ён пагадзіўся.

— Уладзімір Віктаравіч, як вы адрэагавалі на затрыманні вядомых бізнэсменаў? Ёсць меркаванне, што гэта можа негатыўна адбіцца на інвестыцыйным клімаце і ў цэлым на краіне. Як кажа сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў, «найбяднейшыя пласты насельніцтва зноў акрыялі ад нянавісці да ўсяго прадпрымальніцтва»…
— Вядома, усіх насцярожваюць арышты і міністраў, і прадпрымальнікаў. Бізнэсмены цяпер затаіўшы дыханне стануць чакаць, што будзе далей. І хто пойдзе наступным. Можа, дарэчы, і я — бо не вядома, каго наступнага спецслужбы возьмуць у распрацоўку. А затрыманні яшчэ будуць — народ заўсёды прагне ўзрушэнняў.
— А ў вас ёсць некалькі дзясяткаў свабодных мільёнаў даляраў, якімі ў выпадку чаго можна ахвяраваць, каб начаваць дома, а не ў СІЗА КДБ?
— Адкуль? У мяне ж не купля-продаж, а вытворчасць, усё знаходзіцца ў абаротных сродках прадпрыемства.
Дарэчы, падчас майго перабывання дэпутатам «палаты прадстаўнікоў» мяне правяралі ўздоўж і ўпоперак: дзе жыву, чаму часта езджу за мяжу, ці ёсць у мяне левыя грошы. Вывучалі літаральна ўсё! Але я вельмі адкрыты чалавек. І казаў прадстаўнікам спецслужбаў: не марнуйце час, прыходзьце адразу да мяне, я вам усё пакажу. І раіў абавязкова зайсці ў «Прыёрбанк» — там могуць распавесці аб кожным кроку «Дарыды». Я ўсё аперацыі праз гэты банк раблю, у мяне няма ніякіх левых фірмаў і шэрых схемаў. Я спакойна сплю і своечасова плачу падаткі.
— Вы шмат часу праводзіце ў Іспаніі. У вас там нерухомасць? Пытаюся, бо зусім нядаўна на вочы трапілася нататка пра бізнэсмена Юрыя Авяр'янава, які завінаваціўся крэдыторам дзясяткі мільёнаў даляраў і цяпер хаваецца ад праваахоўных органаў дзесьці за мяжой…
— Я нядаўна ў замежным банку ўзяў крэдыт на 15 мільёнаў еўра і прывёз гэтыя грошы ў Беларусь. Заўважце — не вывез, а прывёз!
У Іспаніі бываю часта, таму што ў мяне там жыве сям'я. Дачка выйшла замуж за іспанца, у яе ўжо трое дзяцей. Жонка з'ехала ёй дапамагаць. Мой зяць таксама займаецца бізнэсам — у яго свая страхавая кампанія. І калі я браў крэдыт, ён за мяне паручыўся — справа ў тым, што на Беларусь так проста крэдыты не даюць. А так я цалкам афіцыйна атрымаў крэдыт пад 1,7 працэнтаў гадавых.
Дарэчы, я ведаю, напэўна, усіх міністраў, у якіх дзеці жывуць і вучацца за мяжой. А тое, што я шмат часу праводжу за межамі Беларусі, дык я бізнэсмен, маю права марнаваць заробленыя грошы!
Скажу адкрыта: я буду толькі вітаць, калі кожны беларус пачне зарабляць столькі, каб можна было раз на год разам з сям'ёй без асаблівых уціскаў ездзіць адпачываць за мяжу. У рэшце рэшт, такія паездкі не раскоша, а неабходнасць. У нас жа дагэтуль рэха Чарнобыля гучыць — шчытавіцы выдаляюць, як арэшкі лузаюць!
— Сярод бізнесменаў ходзяць чуткі, што ў найбліжэйшы час пад прыцэлам акажууцца якраз тыя, хто выводзіць свае капіталы з краіны і давярае іх замежным банкам.
— Мне здаецца, любы бізнэсовец, калі ў яго ёсць нейкі прыбытак, будзе вельмі асцярожна ўкладваць яго ў новы бізнэс, купляць нейкія аб'екты. Але ж прыватнаму бізнэсу трэба даваць развівацца. Людзі, калі ў іх ёсць галава на плячах, павінны мець магчымасць зарабляць. А у прадпрымальніцкіх колах зараз на самай справе існуе меркаванне, быццам складзены спіс з некалькіх дзясяткаў кампаній, кіраўнікі якіх будуць затрыманыя. Такое ўражанне, нібы ў нас абвешчаныя ганенні на прадпрымальнікаў. Зрэшты, у свеце не могуць быць толькі адны алігархі і мільярдэры. Гэта ненармальна. Але калі ў кагосьці ёсць 50—100 мільёнаў даляраў капіталу — гэта нармальна.
Дарэчы, сёння нават 5 мільёнаў даляраў так проста ў еўрапейскім банку не размесціш. Аўтарытэтна кажу! Незаконныя грошы не возьме ні адзін банк, нават калі ты прыйдзеш да іх з чамаданам наяўных! За выключэннем, вядома, так званых краін-памыйніц. А ў любой цывілізаванай еўрапейскай краіне ты павінен пацвердзіць, што з кожнага рубля выплачаныя падаткі.
Таму, яшчэ раз паўтаруся, я сплю спакойна, паколькі ў мяне няма замежных зберажэнняў, усё ў «Прыёрбанку».
— А як вы ацэньваеце сённяшнюю эканамічную сітуацыю ў краіне? Адны кажуць: глыбокі крызіс. Іншыя — што не так ужо ўсё і дрэнна. Каму верыць?
— Крызіс закрануў усіх, хто звязаны з еўразійскай зонай. За кошт блакады Расіі паменшыўся і таварапаток праз Беларусь. Лагістычныя цэнтры пацярпелі — вунь, «Белмытнясэрвіс» сёння пусты, хоць раней усё было забіта машынамі.
Многія прадпрымальнікі, якія атрымалі ўдар ніжэй пояса, былі закрэдытаваныя наймагутнымі грашыма пад вялікія працэнты. У нас вельмі высокая крэдытная стаўка — раней была 50 працэнтаў гадавых, зараз крыху менш. Хай не крыўдзяцца на мяне ўрад і банкіры, я скажу шчыра: ну дзе такая рэнтабельнасць?! Дзе такая прадукцыйнасць, каб 50 адсоткаў аддаць банку і сабе пакінуць хаця б 10 працэнтаў? Вось і атрымліваецца, што суб'екты гаспадарання вымушаныя прыцягваць пазыковыя сродкі: вытворцы звяртаюцца да крэдытавання ў банкаўскую сістэму, гандлёвыя арганізацыі звяртаюцца да камерцыйнага крэдытавання за кошт пастаўшчыкоў. Як вынік — рост коштаў на працягу аднаго года аж да 25 працэнтаў і зніжэнне пакупніцкай здольнасці.
Я прапаную паменшыць неабходнасць у крэдытаванні прадпрымальнікаў дзякуючы павелічэнню абаротных сродкаў з прычыны росту пакупніцкай здольнасці.
— За кошт чаго?
— Чаму ў Еўропе такія маленькія крэдытныя стаўкі? Чаму мы не можам так зрабіць? Можна ўнесці змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць выдачу крэдытаў грамадзянам з працэнтнай стаўкай ад 5 да 7 працэнтаў гадавых, максімум — 15 адсоткаў. Гэта павялічыць пакупніцкую здольнасць грамадзян і будзе спрыяць павелічэнню тавараабароту і спрыяць стабільнай працы прадпрыемстваў, паступленню падаткаў у дзяржаўную казну. Гэта пацягне за сабой памяншэнне крэдытнай нагрузкі на прадпрыемствы, паколькі адпадзе неабходнасць прыцягваць пазыковыя сродкі ў выніку дастатковай колькасці ўласных абаротных сродкаў. Вядома, такая сітуацыя нясе рызыку невяртання крэдытаў, але дадзеныя рызыкі банкаў закладзены першапачаткова пры іх стварэнні. У такой сітуацыі банкі змогуць зарабляць на абароце — да іх будзе звяртацца большая колькасць людзей.
І на сельскую гаспадарку сродкі трэба не з банкаў браць, а першапачаткова закласці гэтыя выдаткі ў бюджэт. Ва ўсім свеце існуюць дзяржаўныя датацыі для сельскай гаспадаркі.
— Вы на пасяўную грошы даяце?
— Усе даюць, я ўпэўнены ў гэтым.
— Незалежныя эканамісты, напэўна, раскрытыкуюць вашы прапановы. Тое, што вы прапануеце, — гэта не рынкавыя, а адміністрацыйна-камандныя метады…
— Я ўвогуле выступаю за тое, каб сабраць вялікі «круглы стол». Запрасіць міністраў, былых і цяперашніх дэпутатаў, незалежных эканамістаў, банкіраў і абмеркаваць самыя актуальныя тэмы. Гэта ж не выступ супраць работы ўрада, а дыялог. Такая адкрытая і шчырая размова нашаму грамадству толькі на карысць пойдзе! Усім разам трэба думаць пра тое, як падняць эканоміку краіны. Інакш будзе застой. Або прорва…
— У нас ёсць Рада па развіцці прадпрымальніцтва, у якую ўваходзяць вядомыя бізнэсмены. Чаму вас няма ў спісе гэтых засядацеляў?
— Мяне не запрашалі. Калі паклічуць — пайду. Я канструктыўны чалавек, з задавальненнем расказваў бы свае думкі.
Ну вось толькі некалькі актуальных прыкладаў. Ідзеш на Камароўку — трэба абавязкова мяшок грошай з сабой браць, асабліва калі нешта дарагое плануеш купіць. Я заўсёды абураюся. Гэта ж ценявы бізнэс! Чаму не ўвесці тэрміналы?
Або зарплата ў канвертах. Як плацілі, так і плацяць! Ну і адкуль з такой сістэмай аплаты працы пенсіянеры будуць атрымліваць нармальныя пенсіі? Хіба падатковая інспекцыя не ў стане вывярнуць ўсё навыварат і навесці парадак у гэтым пытанні?
Сфера паслуг. Усе ценявым спосабам працуюць. Манікюр-педыкюр дома, рамонт штор, зборка і рамонт мэблі — ды ўсё што заўгодна! Трэба ствараць умовы, каб людзі працавалі празрыста. Калі ў прадпрымальніка няма абароту 50—100 тысяч даляраў у месяц, не бярыце з яго падатак на прыбытак — хай ПДВ плаціць, дайце яму як след разгарнуцца, наняць людзей на працу, плаціць ім годную зарплату. Не разбагацеем мы ад гэтага падатку на прыбытак!
— Падаткі — гэта наогул тэма для асобнай гутаркі.
— У Еўропе з падаткамі ўсё проста — усе пытанні па электроннай пошце вырашаюцца. А ў нас паперу марнуюць да гэтага часу. Не дай Бог у цябе на руках не будзе кантракту з усімі подпісамі! На Захадзе нічога гэтага даўно няма: ударылі па руках і разышліся. Там галоўнае, каб падаткі былі заплачаныя, вось і ўсё.
— Думаеце, той жа Юрый Чыж не расказваў Лукашэнку, як справы ў бізнэсменаў? Або Аляксандр Шакуцін, які з Аляксандрам Рыгоравічам нават да яго цешчы на бліны ездзіць, не заводзіць пра гэта гаворку?
— Можа, не верыць ім прэзідэнт. Думае, што кожны свае пытанні лабіруе. Патрэбен памочнік, які працаваў бы з усёй сістэмай бізнэсу і з дробнымі прадпрымальнікамі ў тым ліку. Сёння чыноўнікі ў рай- ці аблвыканкамах ніякае пытанне вырашыць не могуць, баяцца ўзяць адказнасць на сябе. У прынцыпе, іх зразумець можна. У іх настольная кніга — Крымінальны кодэкс, артыкул «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў». Праявіў найменшую ініцыятыву — збірайся ў турму. Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. Вось мне гандаль не плаціць, я іду на кампраміс і забіраю патрэбную мне суму прадуктамі харчавання — каб хоць неяк кампенсаваць страты. Але я не магу зрабіць таннейшай цану на гэтыя прадукты больш, чым на 20 працэнтаў, нават калі там тэрміны прыдатнасці сканчаюцца! Інакш падатковая вырашыць, што я такім чынам вырашыў сысці ад падаткаў. Дык я сам у сябе не краду. А калі б на маім месцы аказаўся дзяржслужбовец — пайшоў бы ў каталажку.
— Сёння бізнэсменам, якія трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў, галоўнае — хутка прыняць правільнае рашэнне. Або сядзіш — або плаціш.
— Трэба працаваць вельмі сумленна, без шэрых схем. І тады не трэба будзе баяцца, што заўтра за табой прыйдуць. Хоць, вядома, варта прызнаць, што заканадаўства ў нас недасканалае.
— Бо ёсць стары анекдот у тэму: бізнэсмену прапануюць укласці грошы або ў дзіцячы садок, або ў турму, і ён адказвае: «У дзіцячым садку я ўжо быў …»
— У турмы наогул не хачу інвеставаць, а дзіцячыя дамы заўсёды падтрымліваў. Я наогул заўсёды шмат дапамагаў і дапамагаю простым людзям: і сіротам, і тым, хто бедна жыве. Калі быў дэпутатам, нават кароў людзям купляў. А тое, што турмы трэба рэканструяваць, — я не хачу, каб у нас іх было шмат.
Нядаўна прачытаў, што МУС хоча прыбраць адказнасць за некаторыя адміністрацыйныя правапарушэнні. І дзякуй Богу! У нас жа сёння амаль кожны другі пад пратаколам ходзіць! Гэта ж катастрофа: у краіне няма добрых людзей!
Я лічу, што неабходна лібералізацыя крымінальнага заканадаўства. Ну колькі можна ваяваць з карупцыяй ва ўладзе? Яна знікне, калі чыноўнік будзе атрымліваць годны заробак і ведаць, што ў яго пенсія будзе, напрыклад, 3000 даляраў у месяц.
Або доктара за 10 даляраў у турму садзяць, ды яшчэ з канфіскацыяй маёмасці! Прытым што некаторыя мільёнамі крадуць. На мой погляд, за нязначныя эканамічныя злачынствы наогул не варта адпраўляць у турму. Хай адпрацоўваюць і кампенсуюць шкоду…
Каментары