Грамадства

Л.Вольскі: «Дзеля пераменаў у краіне я гатовы ахвяраваць нават N.R.M.»

«Скажу праўду: на «Эўрабачаньні» наша «Крамбамбуля» ўвайшла б у дзясятку»

Адзін з найлепшых беларускіх музыкаў, літаратар Лявон Вольскі у студыі Радыё Свабода адказваў на званкі слухачоў, разважаў над электроннай поштай, SMS-паведамленьнямі ў праграме "Начны госьць".

«Скажу праўду: на «Эўрабачаньні» наша «Крамбамбуля» ўвайшла б у дзясятку»

(Спадар: ) «Пытаньне да спадара Вольскага. У «Народнай Волі» прачытаў невялікае інтэрвію са сьпявачкай Смолавай. На адно з пытаньняў яна зрэагавала так: «Дык што, можа, на Эўрабачаньне паедзе «Нэйрадзюбель» ці Мілінкевіч?» Пракамэнтуйце, калі ласка, гэтае выказваньне».

(Вольскі: ) «З задавальненьнем паехала б «Крамбамбуля», і ў дзясятку дакладна ўвашла б... Бо мы ведаем, як гэта зрабіць – чым зьдзівіць і гэтак далей. Разумна трэба падыходзіць да конкурсу. Але такога падыходу якраз не хапае і нашым выканаўцам, і нашаму начальству. Скажу бязь лішняй сьціпласьці: а вось мы маем неабходную інтуіцыю і ўменьне...

Другое – чаму я выступіў у абарону беларускіх «мэга-зорак»? (Дарэчы, сапраўдныя мэга-зоркі жывуць у мэга-краінах, выключэньне, напэўна, хіба толькі Швэцыя.) Дык што зьменіцца, калі «белзорка» Смолава не даедзе ў Атэны? А проста ўмомант стане ну такой гераіняй! Бо дзякуючы поп-машыне, якая пастаянна бухае па галаве, народ яе сапраўды ведае, ня кажучы пра таго ж Ярмоленку... Адпаведна пры ўмове забароны ўезду-выезду маса пакрыўджаных шарагоўцаў стануць у абарону няшчасных «герояў», якіх крыўдзяць злосныя імпэрыялісты... Навошта такі розгалас у сьвеце?»

(Спадар: ) «Чуў, што Вы задумвалі неяк сумесны праект з Гюнеш Абасавай. Цікавы голас, дарэчы, у дзяўчыны. Паразуменьне не знайшлі зноў жа па «ідэйных» матывах? Ёй забаранілі выступаць разам з Вамі? І яшчэ: ці ведаеце Вы факты, калі дзяржэстраднікі не баяліся сапсаваць кар’еру і працягвалі кантактаваць з «чорнасьпісачнымі» артыстамі?»

(Вольскі: ) «Ціск на Гюнеш сапраўды быў: ёй прапанавалі: альбо «Славянскі базар», альбо «Крамбамбуля»... Пры такой дылеме Абасава, натуральна, выбрала шлях айчыннай поп-зоркі. Для дзяўчыны з Баранавічаў, якая імкнецца заняць нейкія першыя месцы ў эстрадзе краіны, гэта натуральна. І я ня ведаю ніводнага эстраднага сьпявака, які б адмовіўся ад эстраднай кар’еры паводле нейкіх ідэйных меркаваньняў».

Глупства, узьведзенае ў абсалют: у чорнай краіне забаранілі рэп, а ў «белай» – рок...

(Мікалай, Магілёў: ) «Што стаіць за гісторыяй эфірнай забароны шэрагу рок-выканаўцаў: тут улада прадэманстравала сваё самадурства, ці яшчэ болей глупства нарабілі са страху быць залічанымі ў «ідэйна ненадзейныя» розныя начальнікі дзяржаўных і камэрцыйных тэле- ды радыёстанцый?»

(Вольскі: ) «Хутчэй за ўсё і тое, і другое. Унутраны цэнзар... Неразумныя дзеяньні ананімных «ідэолягаў»... З дурных паралеляў – хіба забарона рэпу, здаецца, у Зімбабвэ. Сьмех: у чорнай краіне забараніць рэп... Пра гэта даведаўся ўвесь сьвет! Тое самае й тут: больш за паўтара году нацыянальныя рок-гурты практычна не іграюць вялікіх канцэртаў, адлучаныя ад любога эфіру... Узьведзенае ў абсалют глупства! І сьвет зрэагаваў на яго падтрымкай беларускіх музыкаў».

«Чаму пайшоў за Шарамета? Я публічная асоба, і ў судзе мне куды прасьцей, чым, скажам, студэнтам, якіх могуць выгнаць з вучобы»

(Алена, Слуцак: ) «Я вельмі ўдзячная вам за выступ на Кастрычніцкай плошчы, за Вашую песьню. Але яшчэ больш – за тое, што выйшлі на сайт «Белорусский партизан», калі арыштавалі Паўла Шарамета і прапанавалі стаць сьведкам у судзе, бо бачылі, як затрымлівалі апазыцыйнага журналіста. Такі ўчынак – контрфон тыповай беларускай сьвядомасьці: схавацца, не рызыкаваць сабой, асабліва калі ёсьць магчымасьць застацца незаўважаным і тады судзьдзя – толькі тваё сумленьне... А гэта і быў той самы момант».

(Вольскі: ) «Слухайце, я публічная асоба ў той ці іншай ступені, і мне ў судзе значна прасьцей, чым, напрыклад, Вам, альбо нейкім студэнтам, бо іх могуць за тое выгнаць з вучобы».

(Спадар: ) «Людзі, якія маюць дачыненьне да тэлебачаньня, казалі, што беларускія каналы выкарыстоўваюць 25-ы кадр для замбаваньня народу. Ці сапраўды гэта так? Вы ж спэцыяліст...»

(Вольскі: ) «Сапраўды, я некалі працаваў на 8-м тэлеканале, дзе вёў такую сьмешную, гіранічную перадачку «Квадракола», таму пэўнае ўяўленьне пра тэхналёгіі сапраўды маю... Але сёньня, мне здаецца, дзяржаўная мэдыямашына цудоўна абыходзіцца бяз розных там хітрыкаў кшталту таго самага 25-га кадру... Людзі добра замбуюцца і празь бясконцыя «ідэйна вывераныя» праграмы, перадачы, зь якімі яны прачынаюцца ад шостай раніцы і кладуцца спаць. Б’юць і б’юць па галовах... У такіх умовах раней-пазьней пачынаюць верыць, што «нашыя» сябры – іранцы, а «нашыя» ворагі – тыя ж эўрапейцы...»

«У гэтым рамане да зрэзу нашага часу прыплюсаваны дадатковы абсурд...»

(Спадар: ) «Ведаю, што ў Вас ёсьць паэтычныя зборнікі...»

(Вольскі: ) «Так, два. Але зараз ня маю часу для заняткаў свабоднай паэзіяй».

(Спадар: ) «Ці можна знайсьці Вашыя вершы ў інтэрнэце?»

(Вольскі: ) «Абсалютна не займаўся гэтым. Бо ня дужа задаволены тым, чым займаўся пятнаццаць гадоў назад».

(Аліна, Пухавічы: ) «Ці закончылі вы свой раман? Пра што ён, калі і дзе выйдзе?»

(Вольскі: ) «Карэктура кнігі ўжо вычытаная. Там паўтара дзясятка апавяданьняў і ці то раман, ці то аповесьць – я ня дужа разьбіраюся... Пра што? Зрэз часу плюс нейкі дадатковы абсурд... Як выйдзе, дык пачытаеце».

(Юнак, Маладзечна: ) «Спадар Лявон, куды можна зьвярнуцца сёньня літаратарам-пачаткоўцам, якія пішуць на не зусім «цікавыя» для дзяржаўных выданьняў тэмы?»

(Вольскі: ) «На жаль, з прэсай такая сытуацыя, як і з усёй культурай... Апошняй такой вольнай выспачкай была газэта «Наша Ніва», зараз яна ў вельмі цяжкім стане – уся зашчэмленая ўладнымі структурамі. Але ёсьць сайт тыднёвіка, знайдзіце яго праз інтэрнэтны пошук. Яшчэ раю адмысловы літаратурны партал: на беларускай лацініцы набярыце litara.net. І там вы зможаце спаткацца з цэлым літаратурным беларускім сьветам, надрукаваць нешта сваё».

Практычна ідэал: не прымаў наркотыкі і не прадаваў Леніна, а мацюкаецца толькі разы са два на год...

(Аляксей: ) "Недзе чытаў, што Вас арыштавалі ў Сочы за наркату. Ці праўда?"

(Вольскі: ) «Мяне затрымалі летась у Ялце падчас аблавы на нефармалаў. Я цягну на іх сваім выглядам, гэта праўда... Знайшлі ў партманэце палову таблеткі ад галаўнога болю: зразумелі ўсё і адпусьцілі. Такія вось «калёсы»...

(Мікалай Галынец, Мазыр: ) «Расказвалі, у маладосьці для падтрымкі штаноў вы пісалі партрэты Леніна. Праўда?»

(Вольскі: ) «Маляваў. Але ня так, як вядомы па групе «Бонда» гітарыст Ваня Маркаў: скульптар па спэцыяльнасьці, ён ваяў Ільічоў, калі не было грошай у сям’і... А я маляваў Леніна ў войску, бо меў мастацкую адукацыю і таму мне даручалася выпускаць «баявыя лісткі».

(Спадар: ) «Скажыце нарэшце праўду: сьпяваеце ў ZETе?»

(Вольскі: ) «Пра што Вы – там зусім іншы чалавек! Проста ён падобны да мяне, хоць пастаянна ў масцы ходзіць... Дарэчы чарговы ZETаўскі альбом выйдзе калі ня ў гэтым месяцы, дык у наступным дакладна».

(Спадар: ) «Ці мацюкаюцца рок-музыкі і Вы асабіста?»

(Вольскі: ) «У мяне зь дзяцінства неяк не заладзілася з гэтай «мудрагелістай» справай. Таму й зараз злоўжываю «выбранай» лексікай у выключных выпадках – можа, раз на два гады. Альбо, напрыклад, калі трэба працытаваць трапны анэкдот, альбо песьню нейкую, адкуль слоў ня выкінеш... А музыкі – яны ж такія людзі, як і ўсе. Розныя. Ёсьць інтэлігентныя, але ўвесь час лаюцца матам! Іх шмат...»

Новы альбом N.R.M. будзе «адступнцкім». З чорным пэсымізмам ды ідыёцкім аптымізмам...

(Спадар: ) «Дзе і як можна набыць Вашыя зборнікі?»

(Вольскі: ) «У розных крамах тыпу «Містэрыі гуку», або ёсьць крамка пад ГУМам... Шукайце, пакуль яшчэ прадаюць!»

(Антося: ) «Спадар Вольскі, трэба рабіць акцыі супраціву больш яскравымі, каб прыцягнуць у рух новых людзей. Ці плянуеце недзе выступаць у хуткім часе, якія пляны на новы альбом? Разумею, што ўмовы складаныя, але перадрэвалюцыйная муза павінна натхняць творцу, каб творца натхняў людзей. Дзякуй, Жыве Беларусь! Антося».

(Вольскі: ) «Жыве! Паглядзіце афіцыйны сайт нашага фан-клюбу – там ёсьць цікавыя рэчы пра некаторыя задумкі, выступы... Што да альбому, дык як ні дзіўна – у нас ужо дзесяць песень! Мы займаемся імі, нібыта ў завадзкім канвэеры: зьбіраемся тройчы на тыдзень. І ў гэтым сэнсе магу вас парадаваць – справа зрушылася».

(Максім, Вільня: ) «Прывітаньне, шаноўны спадар Лявон! Як Вы маецеся? Калі чакаць наступны альбом гурту N.R.M.? Загадзя дзякуй, спадар Максім з-пад Вільні».

(Вольскі: ) «Альбом на падыходзе. Палітра пачуцьцяў у ім багатая: ад чорнага пэсымізму да ідыёцкага аптымізму... Сёлета, дарэчы, цікавая сытуацыя: чакаюцца рэлізы, то бок выхады новых альбомаў гуртоў N.R.M., «Крамбамбуля», плюс яшчэ the best «Крамбамбулі» і альбом ад ZET»

(Спадар, Берасьце: ) «Ці адыходзіце Вы ў новым альбоме ад сваёй традыцыйнай канцэпцыі?»

(Вольскі: ) «Адыходзім, вы як зь языку зьнялі...»

(Спадар, Івацэвічы: ) «Будзеце даваць тур у падтрымку новага альбому? Дык заедзьце ў наш раён: тут многа людзей любяць вас...»

(Вольскі: ) «Цэлых дваццаць восем чалавек?»

(Спадар: ) «Памыляецеся: дваццаць дзевяць! Адкуль такое веданьне сытуацыі?»

(Вольскі: ) «Даўно рок-музыкай займаюся, дык паступова разьвіваецца тэлепатыя...»

Гады тры – энтузіязм, далей – сям’я, дзеці, хлеб надзённы: чэзьне-чэзьне і ўсё, каманда рассыпаецца...

(Алесь, Менск: ) "Ці праўда, быццам Вы настолькі паўплывалі на Кулінковіча, што ён перайшоў на родную мову?»

(Вольскі: ) «Кулінковіч і безь мяне дастаткова сфармаваная асоба, каб урэшце рэшт дайсьці да беларускамоўных песень. Я вельмі рады гэтаму ягонаму рашэньню і лічу, што альбом «Танкі» – адзін зь лепшых у дыскаграфіі Сашы. Вельмі цікавыя песьні, зусім па-іншаму ён загучаў... У любым выпадку, гэта прадуктыўны пошук, за які толькі радуесься».

(Макс: ) «Як вы ставiцеся да хiп-хоп гурту "Чырвоным па-беламу"? Зь вялiкай павагай, Макс».

(Вольскі: ) «Вельмі добра стаўлюся, ведаю лідэра гэтай каманды, Кроу. Мы рэгулярна сустракаемся і ў Варшаве, і тут. Магчыма, зробім нават агульны трэк: удвох начытаем, для сьмеху...»

(Макс: ) «Лявон, каго б Вы адзначылi сярод маладых беларускiх сьпевакоў ды гуртоў?

(Вольскі: ) «Добрых маладых выканаўцаў у нас проста безьліч! Шкада толькі, выжываюць самыя магутныя, самыя ўтрапёныя і самыя ўпартыя. Бо на гэтай тэрыторыі, дзе адсутнічае нармальны шоў-бізнэс – ёсьць толькі дзяржаўны, уся гэтая музыка «нерэкамэндаваная»... Яна па-за законам – ніхто нікуды ня будзе вас запрашаць. Людзі на энтузіязьме займаюцца два, тры, чатыры гады, потым сям’я-дзеці, няма чым карміць, трэба працаваць... Чэзьне, чэзьне – каманда распадаецца.

Паўтараю: у нас вельмі шмат добрых выканаўцаў, якія ў любой іншай краіне «раскруціліся» б праз год».

«Як кажуць у «вэртыкальных» вярхах, вы «ня ў курсе структуры моманту...»

(Алесь Асіпцоў, Магілёў: ) « У мяне нібыта й простае пытаньне... Патлумачце, чаму Вы ды й іншыя рок-музыкі так мала бываеце на гастролях у беларускай глыбінцы? Справа ў ганарарах? У заканадаўстве? У адсутнасьці Вашай аўдыторыі? Я пытаюся пра гэта, бо артысты блізкія да ўлады наадварот часьцяком у нашых краях. Як і расейскія папсавікі...»

(Вольскі: ) «Шаноўны Алесь і шаноўнае спадарства, вы, як кажуць верхнія вэртыкальнікі, крышачку «ня ў курсе структуры моманту». Вельмі цяжка выбіць гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт рок-каманды, той жа, напрыклад, N.R.M. Калі хтосьці сходзіць у аддзел культуры Магілёўскага гарвыканкаму і праб’е дазвол на канцэрт нашага гурту, то абавязкова прыедзем!»

(Спадарыня: ) «Дзень добры самаму моднаму і самаму беларускаму музыку РБ! Спачатку хочацца пажадаць Вам самых вялікіх посьпехаў у творчасьці, якую гэтак шмат людзей любіць у Беларусі! А цяпер пытаньне: калі Вы ўжо наведаеце Горкі? Тут жа столькі моладзі і студэнтаў. У Воршу езьдзіце, а яшчэ 40 км да Горак не даяжджаеце…Чакаем!»

(Вольскі: ) «Дзякуй – і паўтараю тое самае, што сказаў Алесю: пры станоўчым адказе тэлефануйце і абавязкова сустрэнемся!»

(Анатоль, Менск: ) «А ці нельга ладзіць канцэрты ня вельмі легальна?»

(Вольскі: ) «Вы давайце тут гэта, не расхіствайце ўстоі дзяржаўнасьці! Колькі гадоў маеце?»

(Анатоль: ) «Трынаццаць...»

(Вольскі: ) «У інтэрнэт час ад часу лазіце? Тады загляніце на наш сайцік nrsm.org – ёсьць цікавая для вас інфармацыя…»

«Народ прызвычаіўся да папсовай жуйкі і лічыць, што эстраднікі ведаюць толькі тры акорды. А як пяць – тады яны проста геніі!»

(Ганна, Менск: ) "Вас нярэдка бачаць разам зь "Ляпісамі": няўжо сур’ёзна ставіцеся да творчасьці каманды Міхалка? Часам тое, што яны робяць, яшчэ горш, чым прасьпяванае той жа Смолавай. Як увогуле ацэньваеце высілкі беларускай папсы?"

(Вольскі: ) «Ляпіс-Трубяцкі» абсалютна па-за стылямі. Міхалок надзвычай таленавіты чалавек, зь ім вельмі цікава працаваць – гэта, па-расейску кажучы, дужа «искромётно»... І музыкі ягоныя таксама своеасаблівыя людзі: ніколі ня будуць граць тое, што ім не па душы. У адрозьненьне ад тых папсавікоў, пра якіх вы пытаецеся.

Папса – гэта калі дасьведчаныя людзі адмыслова робяць песенькі з трох папулярных блатных акордзікаў, ну, пяці акордаў... Тады ўжо зусім «нармальна»... Таму што яны, бачыш, лічаць, быццам народ іншага не зразумее! А народ папросту прызвычаіўся да вось гэтай жуйкі, да гэтых трох ці пяці акордаў, і ўпэўнены: нашыя кампазытары нічога лепшага не напішуць... Такое заганнае кола!»

(Мікалай Гарыніч, Барысаў: ) «Вам ня сорамна, што некалі пісалі тэксьцікі для песенек жонкі менскага банкіра спадара Краўцова?»

(Вольскі: ) «Ну, адно што гэта быў, на мой погляд, мёртванароджаны праект... Прынамсі для мяне. Як толькі я займаюся чымсьці празь сілу, яно не атрымліваецца. Рады, што і тут не атрымалася. А шкада банкіра, які быццам бы ні за што сядзіць зараз у вязьніцы».

На які музычны нацыянальны прадукт варта трымаць раўненьне

(Сьвятлана, Бялынічы: ) "На які нацыянальны музычны прадукт варта арыентавацца тым, хто ведае беларускую музыку ня лепшым чынам? Што Вы думаеце пра сёньняшняе разьвіцьцё беларускай культуры?"

(Вольскі: ) «Арыентавацца трэба на тое, што вам бліжэй да сэрца і да душы. Можа быць, да галавы... Беларуская музыка вельмі багатая і разнастайная: ад усялякіх прычытаньняў фолькавай музыкі, старажытнай музыкі, раскапанай энтузіястамі, да ультрасучаснай – і дэнсавай, і рокавай... Тое, што вам будзе бліжэй, і выбірайце.

А культурная сытуацыя ў Беларусі, на мой погляд, вельмі цяжкая. Яна перажывае ня тое што крызыс – сапраўдную катастрофу. Бо ўсё незалежнае, усе найлепшыя творцы ў гэтай сытуацыі папросту напалову як бы па-за законам: не рэкамэндуюцца, не вітаюцца... Я ўжо не кажу пра рок-музыку ці любую незалежную! Гэта зусім «ня наша – апазыцыйнае...»

(Віталь Бендажкевіч, Наваполацк: ) «Можа, Вы плянуеце альбом з перакладам на родную мову гітоў расейскіх выканаўцаў? Ці не паспрыяе такі дыск на тых, хто думае, што на беларускай мове прыгожых песень не бывае?»

(Вольскі: ) «Шкада іхняй зашоранасьці, неразуменьня вартасьцяў... Калі яны лічаць, быццам расейскае лепшае, то я магу адказна заявіць: у васьмі зь дзесяці выпадкаў лепшае менавіта нашае! Проста яны больш раскручаныя праз тую ж тэлевізію. Мы гралі шмат зь якімі расейскімі выканаўцамі і можам сказаць – гэта параўнаньне не са мной, а зь беларускімі менавіта выканаўцамі – шмат каму зь іх няма чаго рабіць побач з нашымі нармальнымі гуртамі... Таму й не зьбіраюся нічога перакладваць. Хапае свайго. Вось зараз будзе трыб’ют «Нэйрадзюбелю», і хутчэй за ўсё мы перакладзем якую-небудзь іхнюю старую песьню на беларускую мову. Карацей, ёсьць чым займацца бяз гэткіх рэчаў».

Чаму музыкі дэманструюць культуру спалучэньня адрознага, а палітыкі – бескультур’е канфрантацыі?

(Максім: ) «Вы блізкія да палітыкі: чаму ў такім разе яны не бяруць прыклад з уменьня рок-музыкаў – вельмі розных – знаходзіць агульную мову дзеля карысьці важных праектаў. Сваімі супольнымі праектамі вы дэманструеце культуру спалучэньня разрозьненага, адрознага. А яны – бясконцае канфрантацыйнае бескультур’е. Ці не на Вашых вачах пасварыліся, напрыклад, Мілінкевіч з Казуліным? Няўжо беларусы такія бясконца канфліктныя людзі?»

(Вольскі: ) «Так, мы адмыслова прадэманстравалі творчую інтэграцыю, здавалася б, з выключна розных людзей – я зь Міхалком ды Кулінковічам... Розныя людзі, розныя творцы, розныя каманды. Да таго ж мы супрацоўнічалі з украінцамі, з палякамі зараз будзем. А вось наконт маёй блізкасьці з палітыкамі вы памыляецеся: ледзь-ледзь ведаю Мілінкевіча, а з Казуліным наагул незнаёмы. На плошчы з намётавым лягерам я падтрымліваў людзей, якія выйшлі туды з пратэстам. Бо нашая справа – пісаць песьні і дапамагаць людзям: калі яны змагаюцца, дык павінны нешта слухаць... Астатняе хай робяць палітыкі».

(Юнак, в.Багданаўка, Лунінецкі р-н: ) «Ці не заплянаваныя ў Вас супольныя музычныя праекты накшталт «Крамбамбулі» з такімі сьпевакамі, як Сьвятаслаў Вакарчук і Аляксандар Кулінковіч?»

(Вольскі: ) «Месяцы два таму мы прэзэнтавалі ў цэнтры Варшавы, у Старым горадзе, вялікі канцэрт з удзелам гуртоў «Крама», Сашы Кулінковіча, Русі зь «Індыга» плюс культавыя польскія выканаўцы – гэта апошні супольны музпраект. Далей – новыя акцыі, пабачым якія...»

Стасункі «творцы – дзяржава» часьцей заканчваюцца жорсткай драмай першых...

(Антось Цыбуля, Полацак: ) «Ці не зьбіраецеся Вы зьяжджаць зь Беларусі?»

(Вольскі: ) «Сёньня не, а ў будучым? Хто ведае, што з намі здарыцца заўтра... За мной стаіць не адна тысяча людзей, якія слухаюць нас, цэняць нашую творчасьць... І калі я раптам зьеду на пошукі лепшай долі, нейкіх там грошай, шмат маладых людзей разьверыцца ў сваіх ідэалах, скажам так... Таму я хутчэй магу паехаць з адным ці другім гуртом на нейкія студыі, пабыць там месяц-два... Але ўсё роўна буду вяртацца сюды на канцэрты, рэпэтыцыі».

(Вікторыя, Менск: )«Прывітанне! Мяне завуць Вікторыя, я – студэнтка зь Менску. Хачу спытацца ў Лявона, ці ня думаў ён пра тое, каб вылучыць сваю кандыдатуру на пост кіраўніка дзяржавы. Мне здаецца, у беларусаў ёсьць давер да яго асобы... І ўвогуле, што Лявон думае пра музыкаў, творчых дзеячоў, якія пачынаюць займацца палітыкай?"

(Вольскі: ) «Як хочаце, каб краіна ляжала ў руінах, каб заводы ўсе спыніліся, каб вуліцы былі засьмечаныя, каб скончыўся ўвесь спорт, а была толькі культура, вакол адна культура – тады выбірайце! Я, канечне, паспрабую «запусьціць эканоміку», толькі ня ўпэўнены, што тое атрымаецца, хоць і буду старацца… Вам гэта трэба? Мне – не!

Што да сутыкненьняў творчых асобаў з уладай, дык магу прыгадаць хіба ці не адзіны ўдалы прыклад – Вацлаў Гавэл. Але ён заняўся палітыкай у досыць сур’ёзным узросьце… Так што я пачакаю!»

(Спадар: ) "Ці ёсьць у Вас такая песьня, якая б магла стаць гімнам дэмакратычнай Беларусі? І калі «не», то ці плянуецца ейнае напісаньне?"

(Вольскі: ) «Ня справа рок-гурту пісаць гімн краіны. Мы можам стварыць гімн Незалежнай Рэспублікі Мроя, але гэта ўжо іншае... А для новай дэмакратычнай Беларусі – не, ня нашая справа. Як тыя казалі, тут падыходзіць наступны варыянт: аўтар музыкі – Саюз кампазытараў, аўтар тэксту – Саюз пісьменьнікаў... А рок – гэта музыка па-за любой дзяржавай: па-за дэмакратычнай, па-за таталітарнай, па-за капіталізмам, па-за сацыялізмам... Рок і ўся незалежная, авангардная музыка ідзе паралельна зь дзяржавай. Яны рэдка перакрыжоўваюцца. І стасункі «творца – дзяржава» ў большасьці выпадкаў кепска заканчваюцца. Для творцы менавіта. Для дзяржавы радзей...»

(Спадар: ) «Аб чым Вы будзеце пець, калі да ўлады прыйдзе нармальны чалавек? А можа Вы па крыві – апазыцыянэр?»

(Вольскі: ) «Рок-н-рольшчык заўсёды да ўлады калі не апазыцыйны, дык... Ну, калі нават улада і падабаецца, ён такі... халодны да яе! Ня лезе звычайна ў гэтыя справы. Раней я дэкляраваў: можа быць, N.R.M. ня знойдзе сябе ў новай Беларусі – не застанецца месца для нас. Можа быць... І няхай так здараецца! Я буду толькі рады, што дзеля шчасьлівай Беларусі гурт памрэ... Мне не шкада, каб у нас усё памянялася, у тым ліку і з культурай.

Каб усё зьмянілася, стала нармальным, як у астатнім сьвеце, я гатовы ахвяраваць нават N.R.M...»

Аляксандар Уліцёнак, Радыё Свабда

Каментары

Цяпер чытаюць

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома32

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі бізнэсмен: «Расія і Беларусь дэ-факта ўжо адна краіна, проста лагатыпы розныя». А нязгодных называе каструлямі41

Расійскі «АўтаВАЗ» прыпыніць вытворчасць пасля падзення продажаў сваіх машын Lada5

У Іране ўпаў амерыканскі самалёт. Пілота шукаюць як іранцы, так і амерыканцы3

Украіна атрымала базу ў Лівіі для атакі на расійскія караблі

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі17

Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу патлумачыў, ці ён арганізаваў напад на Ідрака Мірзалізадэ9

Зяленскі заявіў, што сітуацыя на фронце найлепшая за 10 месяцаў1

«Табе што, рускіх грошай шкада?» Данейка згадаў забаўны выпадак з Бабарыкам у самалёце15

Жыхарка Мядзельскага раёна ў канцы сакавіка назбірала журавінаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома32

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць