Меркаванні1111

Андрусь Горват. Вёска — гэта спарахнелы куфар з багаццем

Беларуская нацыя вырасла з вёскі. Гэта не добра і не дрэнна — гэта проста факт.

gulevich.net

Калі беларусы паперлі ў горад, то замыкалі свае душы ў матчыных куфрах і ехалі ў выглядзе пустых бутэлек, якія горад напаўняў сваім — не беларускім — змесцівам. А тыя куфры з багаццем спарахнелі разам з хаткамі, разам з маткамі.

Беларускае засталося толькі вясковым, а вясковае было бедным. То ў горадзе ад яго адмаўляліся, яго цураліся, саромеліся.

Пару год таму ў такім тэксце можна было ставіць кропку. Але ніхто не ведаў, што мы ўвойдзем у Эру Вышыванкі. Што настане час, калі беларускія арнаменты з бабулінага хвартуха стануць ляпіць і на машыну, і на сраку (выбачайце за вульгарнасць, я з вёскі — мне можна).

Калі вы ўбачылі ў маіх словах сарказм, то яго няма. Па праўдзе, я захоплены тым, што ў спарахнелых куфрах не спарахнеў арнамент. Што мінчукі едуць у вёску да бабулі і вязуць стуль у горад не буракі, а ручнікі. І няма розніцы, хто гэта робіць, — «Арт-сядзіба» ці БРСМ. Калі агулам, то яно і лепей, неяк больш жывенька і актыўненька.

Яшчэ болей я захоплены (зараз СЭТаўцы пачнуць мяне клясці), што гэтыя ручнікі ў горадзе пачынаюць жыць па-новаму.

Арнаменты выходзяць за межы традыцыйнага вясковага ўжытку. Напачатку я і сам абураўся, быў яшчэ тым кансерватарам: нацыянальны строй — гэта святое, гэта сакральнае, бла-бла-бла. Але потым пасядзеў, падумаў і сказаў сабе: «А як ты хацеў, Андрусік Іванавіч, — каб мінскія маладзіцы надзявалі льняныя кашулі і ішлі палоць каноплі?».

Горад — гэта не вёска. І тое, што ён бярэ арнамент (атрыбут беднай, Богам і беларусамі забытай дзярэўні!) і пачынае ўжываць яго так, як лічыць патрэбным, можна толькі грызці моркву і радавацца, што замкнёнае кола «беларускае-вясковае-беднае-беларускае…» у гэтым месцы разамкнулася, за што дзякуй нашым суседзям-украінцам. Бо самі б мы не дакумекалі.

Тое самае тычыцца і беларускай мовы. От я першы бурчун на Facebook, што беларускія словы ў горадзе нейкія не такія, што ніхто так не гаворыць, што наватворамі мінчукі ўбіваюць асінавы кол у труну ідэальнага беларуса. А людзі ж вы мае дарагія! А дай вам Божанька здароўя і шчасцейка за тое, што прывезлі ад бабулі разам з ручнікамі і нашу мову і што не паклалі яе пад шкляны каўпак, а ўтвараеце з вясковай беларускай мовы мову беларускую гарадскую — тое, што мусілі былі зрабіць нашыя бацькі!

Вёска ўмірае. Добра гэта ці дрэнна, я не ведаю. Але я тут і, можа, толькі таму, каб паспець пазбіраць усё забытае, што яшчэ можа быць у тых куфрах, пакуль бульдозеры не закапалі іх разам з хатамі. Гэта даволі цяжка, бо за дзесяцігоддзі культу горада, вёска таксама ў нечым стала горадам. Яна добраахвотна пазбаўляецца ад свайго ўласнага багацця праз той самы комплекс непаўнавартасці, на які былі хворыя і нашыя бацькі — пустыя бутэлькі, якія ехалі з чамаданамі ў мястэчкі ды мегаполісы.

Сёння з вяскоўцамі адбываецца тое, што адбывалася тады з імі: выпраўляецца «рэч», ідзе змена арыенціраў і каштоўнасцяў. Я гэты працэс называю ўнутранай урбанізацыяй.

Але нейкі цень колішняй беларускай вёскі пакуль угледзець можна. А ў ім — і багацце, якое я хачу паспрабаваць перадаць гораду.

Днямі прыйшла да мяне цётка ды кажа:

— Андрэй!

— Оў!

— Я прыйшла саліць твае агуркі. Не магу глядзець, што ў цябе агуркі жоўкнуць.

Паўдня мы салілі агуркі, а цётка вучыла мяне палескай мудрасці:

— Мая маці так казала: «Ты, донька, ніколі не чакай, каб табе чужыя людзі давалі, у цябе ўсё сваё мусіць быць». От зараз засолім, і будуць у цябе свае агуркі. І не будзеш зімою хадзіць па людзях пабірацца.

З гэткай філасофіяй мусіла вырасці вельмі самастойная нацыя. Але мы засаромеліся сваёй вясковасці і не ўзялі яе ў горад.

Я атрымаў вышэйшую адукацыю, пражыў пятнаццаць год у Мінску і ніколі б не падумаў, што вёска можа чамусьці мяне вучыць. Не, не толькі хадзіць пад хвою і падцірацца лапухом (што таксама ў жыцці можа спатрэбіцца), а і такой складанай катэгорыі, як самастойнасць.

Мне не хочацца, каб яна спарахнела ў куфары. Я ўбачыў яе і кажу вам:

— Во, знайшоў самастойнасць! Вам там самастойнасць трэба? То бярыце, змяняйце, упісвайце ў горад, наносьце хоць на машыну, хоць на майткі.

Бо не трэба пабірацца й чакаць, пакуль чужыя людзі дадуць. Трэба сваё мець.

Каментары11

Цяпер чытаюць

На вайсковыя зборы масава забіраюць гродзенцаў. А што мінчукі? Падрыхтуйцеся, ваша чарга — 2027‑2028 гады6

На вайсковыя зборы масава забіраюць гродзенцаў. А што мінчукі? Падрыхтуйцеся, ваша чарга — 2027‑2028 гады

Усе навіны →
Усе навіны

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі1

У 2025 у Расіі апублікавалі на 40% больш некралогаў па вайскоўцах, чым у 202410

Жыхары дома ў «Мінск-Свеце»: Тэмпература ў пакоях — ніжэй за 18 градусаў, спім пад дзвюма коўдрамі5

Садоўніка з-пад Барысава асудзілі. Меркавана, па справе Гаюна

«Сёння роўна чатыры гады, як Пуцін бярэ Кіеў за тры дні». Уладзімір Зяленскі запісаў зварот у гадавіну пачатку вайны3

Маск хоча пабудаваць горад на Месяцы за 10 гадоў. Чаму ўжо не на Марсе?3

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»30

«Уся справа ў адной асобе»: Зяленскі звярнуўся да Трампа з адной просьбай

У Расіі Паўла Дурава абвінавацілі ў садзейнічанні тэрарызму1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайсковыя зборы масава забіраюць гродзенцаў. А што мінчукі? Падрыхтуйцеся, ваша чарга — 2027‑2028 гады6

На вайсковыя зборы масава забіраюць гродзенцаў. А што мінчукі? Падрыхтуйцеся, ваша чарга — 2027‑2028 гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць