Усяго патроху66

Міс свету на вазку Аляксандра Чычыкава расказала, што надумала рэзка змяніць сваё жыццё

У нашай пастаяннай рубрыцы «Пяць рэчаў» традыцыйна расказваем пра тое, што робіць жыццё розных беларусак (ці беларусаў) больш далікатным, камфортным і ўтрымлівае ў сабе важныя ўспаміны.

У мінулым годзе імя Аляксандры Чычыкавай стала вядомае ўсяму свету: дзяўчына перамагла ў конкурсе Міс свету на вазку, прытым што ўдзельнічаць у ім вырашыла спантанна.

Да гэтага Саша працавала ў сэрвісе паслуг 124, грала ў спектаклі «Дом № 5» Свабоднага тэатра і вучылася на псіхолага. У Беларусь пасля конкурсу яна вярталася медыйнай асобай, з вуснаў якой праблемы людзей з інваліднасцю ўжо гучалі ў разы мацней.

Нагадаем, вазок у жыцці Аляксандры з‘явіўся ў 17 год: яна ўпала з трэцяга паверха, зачапіўшыся за край бетоннай пліты, і зламала хрыбетнік.

Аляксандра Чычыкава.

— Пасля конкурсу маё жыццё змянілася кардынальна. Спачатку я гэтага не разумела, але цяпер асэнсоўваю. За любой маёй заявай, за падзеяй у жыцці ўважліва пачалі сачыць — да гэтага трэба было прызвычаіцца. Вельмі класна, калі твой голас, нарэшце, набывае дадатковую вагу, ты можаш на нешта ў грамадстве ўплываць.

Я вярнулася з конкурсу вельмі натхнёная. Думала, што буду рабіць і тое, і гэта… Плённа працаваць у грамадскай сферы. Але сутыкнулася з цяжкасцямі. Адна з іх — недахоп часу. Калі ты цэлы дзень праводзіш на працы ў офісе, бывае, што пасля яе больш нічога і не хочацца. Пра ўдзел у нейкіх працяглых праектах я ўвогуле маўчу (я нават не змагла стаць паўнавартаснай студэнткай у студыі пры Свабодным тэатры). Праз гэта грамадскае жыццё прыйшлося паставіць на паўзу. Але хутка я звольнюся з працы і расстаўлю прыярытэты ў адваротны бок.

Канечне, сваякі мяне адгаворваюць. Кажуць: «Можа, не звальняйся? Як ты будзеш жыць?». Але я хачу заняцца тым, што рэальна будзе прыносіць задавальненне, бачыць вынікі той працы, да якой мяне цягне. Бамжаваць, думаю, мне не прыйдзецца.

Ланцужок — сімвал сяброўства

Гэта тое, што заўсёды на мне, нават калі я мыюся. Упрыгожванне — падарунак валанцёра, які працаваў у лагеры для людзей з інваліднасцю каля ўкраінскага Роўна, у які я прыехала ў 2013 годзе. Мы вельмі з ім пасябравалі, працягваем кантактаваць і сёння.

А гэты ланцужок быў падарункам на мой дзень нараджэння. Для мяне ён стаў сімвалам таго, што чалавек можа быць дарагі камусьці іншаму. Асэнсаванне гэтага надае мне сілы.

Конкурсная карона

Тут шмат казаць не трэба. Конкурс «Міс свету на вазку» і карона адтуль — усё гэта моцна змяніла маё жыццё. Бяру яе кожны раз у рукі з трапятаннем. Для мяне гэта вельмі важная рэч.

Нататнік з самым асабістым

Раней я ніколі не вяла нататнікі, максімум — запісвала нешта для сябе на паперках. А гады тры таму гэты нататнік мне падарыў брат. Больш я з ім не развітваюся.

Я не пішу на старонках паслядоўна, па чарзе. Дазволіла сабе адкрываць яго дзе захочацца і пісаць у любым месцы. Калі ў тэлефон заносяцца нейкія дзелавыя планы, то тут змяшчаюцца мае думкі, перажыванні, асабістыя планы, вершы, што спадабаліся.

Унутры ёсць яшчэ вельмі цёплыя рэчы: засушаная кветачка, якую мне падарылі, і фотаздымкі маці. Кожны раз, як гляджу на іх, становіцца вельмі цёпла.

Кніжка «Абуджэнне пачынаецца з мяне»

Гэта кніга пра евангеліста, які паехаў у Афрыку і спрабаваў адукоўваць мясцовыя плямёны. Ён чакаў, што мясцовыя хутка пацягнуцца за ведамі, за рэлігіяй, чакаў цуда. Але нічога не атрымлівалася. Тады ён задаўся пытаннем: чаму людзі не хочуць мяняцца, жывуць па старому ўкладу? І ў кніжцы апісваецца працэс асэнсавання важнасці ўнутраных зменаў: пакуль ты не зменішся сам (не выпрацуеш у сабе дабрыню, жаданне дапамагаць людзям), ніхто вакол таксама не будзе мяняцца.

Кніжку падарыла маці жонкі майго брата пасля таго, як я атрымала траўму. Я яе перачытвала некалькі разоў і параіла б зрабіць гэта многім. Каб зразумець, што ўсё ў вашых сілах.

Духі

Гэта Versace, я зусім нядаўна адкрыла для сябе гэты пах. Раней карысталася больш лёгкімі, салодкімі духамі. Гэтыя куды больш складаныя і незразумелыя. Але калі я ўпершыню ўзяла флакончык з імі ў рукі, зрабіла першы ўдых — зразумела: гэта тое, што трэба.

Я карыстаюся імі, калі іду на важныя сустрэчы, дзе прысутнічае хваляванне. З імі адчуваю сябе больш акрыленай, натхнёнай і нават упэўненай. Для штодзённасці ж маю іншы пах. 

Каментары6

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Выбухнуў і загарэўся Амурскі газахімічны комплекс на мяжы з Кітаем за 6500 кіламетраў ад Украіны2

Ці можна ў Ірландыі замовіць вячэру па-ірландску? Эксперымент блогера, які стаў вірусным22

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з уласным смеццеправодам1

Памылка пры павароце: у Мінску сутыкнуліся два грузавікі МАЗ і Mercedes

Допыты і пагрозы. Што адбываецца са студэнтамі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкім»7

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак4

Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі». Гісторыкі называюць яго біжутэрыяй за 4000 еўра15

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару12

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць