У суботу, 12 кастрычніка, на Японію абрынуўся тайфун «Хагібіс» — самы моцны за апошнія 60 гадоў. У зону дзеяння тайфуну трапілі і беларусы — гімнастка Меліціна Станюта і выкладчыца Аліна Севец.
Меліціна Станюта ў гэтыя дні знаходзіцца ў Токіа. Яна паехала ў Японію з майстар-класам.
«Бацькі гімнастак прынеслі ежу на цэлую армію, каб я не выходзіла заўтра нікуды. Паклала блізка пашпарт», — пісала Меліціна ў сваім інстаграме за дзень да тайфуна.
У суботу ў Токіа ўсё было зачынена, не працавала метро. Тайфун гімнастка перачакала ў нумары гатэля. На вуліцу выйшла толькі на дзве хвіліны — парывы ветру адразу зламалі новы парасон. Сёння надвор'е ў японскай сталіцы ўжо і не нагадвае пра стыхію — сонечна і спякотна, дзеліцца Меліціна Станюта.
Выкладчыца гімнастыкі з Беларусі Аліна Севец, якая стала жыве і працуе ў японскім горадзе Сібата, прэфектура Ніігата (на паўночны захад ад Токіа), расказвае, што пра тайфун ім загадзя паведамілі ў навінах і на працы. Усе мерапрыемствы, якія былі запланаваны на выходныя, адмянілі.
«Мяне праінструктавалі на рабоце, выдалі ліхтарык на выпадак, калі выключыцца святло, сказалі закупіцца ежай і вадой, каб не выходзіць на вуліцу, — дзеліцца Аліна. — Таксама сказалі зачыніць усе вокны і завесіць шторамі на выпадак, калі разаб'е шкло».
Ні крамы, ні транспарт у суботу не працавалі. Зранку ішоў дождж і быў невялікі вецер, але з кожнай гадзінай надвор'е пагаршалася.
«Самы моцны вецер і дождж у нас быў прыкладна з васьмі вечара да гадзіны ночы. Адзін раз трэсла, як пры дробным землятрусе. Было страшна. Мне пастаянна тэлефанавалі і пісалі калегі з універсітэта, пыталіся, як я, і казалі не хвалявацца. З маіх знаёмых ніхто, дзякуй Богу, не пацярпеў», — расказвае дзяўчына.
На тэлефон часта прыходзілі экстранныя паведамленні. Там расказвалася, як дзейнічаць на выпадак эвакуацыі (з іншых раёнаў, дзе быў ачаг тайфуна, людзей вывезлі загадзя). У нядзелю ранкам жыхары горада атрымалі sms, што план эвакуацыі адмяняецца.
«У маім раёне усё абышлося, але ў іншых былі затапленні. Зранку яснае надвор'е, дажджу пакуль няма. Машыны ездзяць, людзі выходзяць на вуліцу, усё працуе», — кажа Аліна.
У мясцовых навінах паказваюць, як у іншых прэфектурах экскаватары разбіраюць завалы на месцы разбураных дамоў. На вуліцах — перавернутыя машыны і паваленыя лініі элетраперадач. Асабліва затапіла прэфектуры Сайтама і Нагана.
Колькасць ахвяр тайфуна «Хагібіс», які абрынуўся на Японію, дасягнула 33 чалавек, паведамляюць інфармагенцтвы. Яшчэ 19 чалавек прапалі без вестак і каля 150 атрымалі траўмы.
Тайфун ударыў па Японіі ў суботу. Мясцовыя ўлады абвясцілі максімальны ўзровень пагрозы ў 12 прэфектурах цэнтральнай часткі краіны, у тым ліку Токіа.
У прэфектурах Нагана і Сайтама адбыліся буйныя паводкі з-за разліву рэк. Мясцовыя жыхары вымушаныя чакаць дапамогі на дахах сваіх дамоў, адкуль іх эвакуююць верталётамі.
Каментары