Аўтобусны перавозчык рэкламуе туры з Мінска ў Крым з прыемнай зніжкай. Каментатары ацанілі
«А дроны суправаджаюць?»

«Ну, бахне ноччу пару разоў, а так усё добра»
Днямі ў адным з мінскіх навінавых інстаграм-паблікаў з'явілася рэклама турыстычных паездак у Крым.
Intercars (перавозчык «БаерТранс») плануе праз дзень выконваць рэгулярныя рэйсы на акупаваны Крымскі паўвостраў. А каб заахвоціць кліентаў — прапануе зніжку 10% пры куплі білетаў адразу ў абодва бакі.
Каментатары хутка адрэагавалі на такую сумнеўную прапанову.
«А дроны суправаджаюць?» — гучыць самы залайканы каментар.
На што адна з карыстальніц адказала: «Кожны год ездзім ужо шмат-шмат гадоў. Ну, бахне ноччу пару разоў, а так усё добра».
«У цяперашняй сітуацыі гучыць як здзек…» — ацаніла прапанову набыць квіткі са зніжкай іншая каментатарка.
«З глузду з'ехалі?» — задаюцца пытаннем.
Туапсэ і Перм таксама ў модзе
Яшчэ адзін мужчына з іроніяй дадае, што ў Туапсэ таксама можна паехаць — маўляў, і там, і ў Крыме цяпер «так бяспечна».
«Збіралася ў Туапсэ, але перадумала… Паеду ў Перм!» — жартуе іншая жанчына.
Прапаноў арганізаваць туры ў расійскія Перм і Туапсэ сярод каментатараў хапае.
Людзі задаюць шмат пытанняў кшталту: ці ўваходзіць завяшчанне ў кошт паслугі і ці ідуць у падарунак бронекамізэлькі і каскі?
«Да квітка прыкладаецца нафта і мазут проста з пляжу, так?» — жартуюць.
Адзін з мужчын заўважыў, што ў Расію можна наогул бясплатна паехаць — па кантракце.
«Калі назад вярнуцца не атрымаецца, то лічы — зэканоміў», — іранізуе яшчэ адзін карыстальнік.
«Толькі ватныя дэбілы паедуць у акупаваны Крым, дзе ідзе вайна», — лічыць іншы каментатар.
А як там з сувяззю?
Апроч палітычных аспектаў і пытанняў бяспекі, некаторыя адзначылі праблемы з сувяззю, якія будуць чакаць аматараў адпачынку ў Крыме.

«Ехаць без сувязі і туды, дзе сувязі літаральна няма — ай, малайцы!» — адзначае каментатарка.
«Так? А як там з сувяззю? Падключыце «Макс»? Прадумалі, як паведаміць у дарозе, што ўсё добра? Сімкі ў Расіі не купіць! Аказалася, што не будзе магчымасці камунікаваць у дарозе! І па месцы толькі вай-фай у гатэлі! Так сабе!» — піша іншая.
Таксама пад допісам шмат кароткіх каментароў кшталту: «Які жах», «Дзякуй, не трэба», «Ды не дай бог…».
Пазней магчымасць пакідаць каментары пад допісамі была абмежаваная.
Каментары