Грамадства

Беларусь прызналі чэмпіёнам Еўропы па рэпрэсіях супраць журналістаў — што пра гэта думаюць абітурыенты, якія плануюць паступаць на журфак

Быць журналістам у Беларусі — гэта даўно не пра весялосць і забаўкі, асабліва пасля падзей 2020 года. Нашу краіну прызналі самай небяспечнай у Еўропе для журналістаў. Рэпарцёраў незалежных СМІ масава судзілі па адміністрацыйных артыкулах, супрацоўніцы «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова асуджаныя на два гады калоніі за стрым, журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч больш 150 дзён за кратамі па справе «нуль праміле», многія медыя дагэтуль заблакаваныя, і гэты спіс антылідарства свабоды СМІ можна працягваць доўга. У сувязі з гэтым распыталі абітурыентаў, якія збіраюцца ў гэтым годзе паступаць на журфак, што яны думаюць пра стан сваёй будучай прафесіі і дзе бачаць сваё месца пад сонцам.

Аліна Шэлег (Салігорск): «Уключаеш беларускае тэлебачанне — і хочацца адразу выключыць»

— Спачатку я думала паступаць на факультэт міжнародных адносін, але паўгода таму вырашыла ўсё ж ісці на журфак. Бацькі мой выбар ухвалілі, бо падтрымліваюць ва ўсім. Тым больш маці некалі таксама хацела быць журналісткай.

Увесь вольны час баўлю за праглядам розных інтэрв’ю — мне падабаецца аўдыявізуальная журналістыка, пісаць я люблю не асабліва.

Рыхтуюся да паступлення я сама: да рэпетытараў не хаджу, у нас вельмі добрыя настаўнікі ў школе. Плюс я чытаю зборнікі падрыхтоўкі да ЦТ.

Такіх СМІ, дзе б прам хацелася праходзіць практыку і працаваць, у Беларусі няма. Магчыма, толькі Tut.by — адзін з самых жывых і прыемных воку сайтаў. А яшчэ ў іх класны інстаграм. Беларускае тэлебачанне дакладна пакідае чакаць лепшага нават не ў плане палітычнай абстаноўкі, а проста ўсё там выглядае неяк непрэзентабельна. Якасць найжахлівейшая. Уключаеш канал — і хочацца яго адразу выключыць: знешняя карцінка і музычнае суправаджэнне, крэатыў — ніякія. А чаго вартыя перадачы ў стылі Азаронка!

Гэта жахліва, да такога я стаўлюся адмоўна і лічу, што журналістыка павінна паказваць праўду з усіх бакоў. Думаю, калі б змянілася кіраўніцтва медыя (гэта тычыцца і іншых СМІ), туды набралі каманду маладых творчых людзей, далі ім поўную свабоду, то ўсё магло б выглядзець крута, а не так, нібыта мы дагэтуль у СССР.

Яшчэ мне ў СМІ не хапае беларускай мовы.

Я лічу, што трэба больш укараняць яе і ў газеты-сайты, і на тэлебачанне. Смешна назіраць, калі на БТ часам бяруць інтэрв’ю ў кагосьці беларускамоўнага і субцітрамі даюць рускую мову. Як можна перакладаць з беларускай беларусам, нібыта гэта чужая мова?

За кім з беларускіх журналістаў сачу? Больш за ўсё падабаецца Мікіта Мелказёраў і яго «Жыццё-маліна»  на ютубе. Гэта ў стылі Дудзя, але сам па сабе Мікіта — добры інтэрв’юер, ён робіць якасны кантэнт. Я б і сама хацела рабіць нешта такое, але ў межах сучаснага тэлебачання, напрыклад.

Мне нястрашна ісці ў журналістыку: як кажуць, хто не рызыкуе — той не п’е шампанскае. Спадзяюся, за чатыры гады майго навучання на факультэце нешта зменіцца, і журналістаў, якія асвятляюць рэальныя падзеі, тое, што адбываюцца ў краіне, не будуць затрымліваць і здзекавацца з іх.

Ірына Сліжэўская (Маладзечна): «Бянтэжыць, што не магу ў поўнай меры выказваць свае думкі»

— Стаць журналістам я хацела з самага дзяцінства. Калі больш дакладна, то спачатку марыла быць пісьменніцай, а ўжо недзе ў 12 год — журналісткай. Пра існаванне журфака ведаю прыблізна з таго ж моманту і паставіла сабе мэту апынуцца там.

Бацькі з дзяцінства казалі мне, што прафесія журналіста вельмі шляхетная, і каб працаваць у гэтай сферы, трэба быць вельмі начытанай і цікавай асобай. Я люблю кнігі і ўпіваюся імі з малых гадоў.

Ідэальна было б патрапіць на аўдыявіз: гэта найбольш блізкая мне спецыяльнасць.

Я вельмі актыўная, амбіцыйная і творчая персона, таму пасля ідэальна было б праходзіць практыку на канале АНТ. А калі казаць пра друкаваныя выданні, то пакуль мне імпануе газета «Пераходны ўзрост». Яшчэ падабаецца часопіс «Бярозка»: ён прыцягвае візуальна, змястоўны і карысны па напаўненні.

Яшчэ я абсалютны рамантык, і тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, зусім мяне не натхняе. Я не хачу лезці ў палітыку, таму што не лічу, што цяпер у гэтым ёсць нейкі сэнс. Але мяне бянтэжыць, што праз усю гэтую нестабільнасць я не магу ў поўнай меры выказваць свае думкі.

Журналістыка — сфера, якую можна ўдасканальваць бясконца. Нават патрэбна! Час ідзе, змяняюцца пакаленні, а разам з імі ў свет прыходзяць новыя пытанні, праблемы, думкі, ідэі. Я лічу, што журналісты — гэта рухавікі краіны. Для некаторых тое, што напісана ў газеце — гэта жалезабетонная праўда, таму быць журналістам вельмі адказна: словам можна і параніць, і натхніць. Я гэтую адказнасць асэнсоўваю.

Дар’я Бука (Глыбокае): «Не баюся трапіць у поле ў сённяшніх умовах»

— На журфак я вырашыла паступаць у 10-м класе. Неяк само сабой выйшла, што пачала ў сацыяльных сетках сачыць за людзьмі, якія вучацца на журфаку, і натхнілася. У прынцыпе, я заўсёды ведала, што абяру сабе прафесію, неяк звязаную з творчасцю.

Думаю, ісці на спецыяльнасць інфармацыя і камунікацыя, але калі не атрымаецца, то паспрабую вэб-журналістыку.

Цяпер я наведваю рэпетытараў. А яшчэ збіраю партфоліа: пішу артыкулы ў раённую газету і на розныя інтэрнэт-парталы.

Сачу я за беларускімі навінавымі блогерамі — напрыклад, за Максімам Пушкіным. Ён актыўна расказвае навіны, якія адбываюцца ў нашай сталіцы і краіне ў цэлым. Але я паважаю абсалютна кожнага, хто не баіцца займацца ў Беларусі журналістыкай ва ўсіх яе фарбах.

Я ведаю пра тое, што адбываецца цяпер у беларускіх СМІ, і, вядома, мне ад гэтага зусім некамфортна. Спадзяюся, што ў будучыні ўсё гэта выйдзе на новы ўзровень: будзе сапраўдная свабода слова без пакаранняў за праўду і смеласць у выказваннях. Але сама не баюся трапіць у поле і ў сённяшніх умовах, інакш не ўвязялася б у такую «авантуру».

Марыя Карквеліс (Браслаў): «Рэфармаваць сістэму я вырашыла ўласнаруч»

Маё захапленне журналістыкай пачалося ў сёмым класе. Разам з бацькамі я глядзела нейкі спартовы матч і пачула, як «пыкае» дыктар. У яго каментаванні не было і мінімальнай уцягнутасці ў працэс. Гэта было проста жудасна. У той момант я зразумела, што патрэбна нешта мяняць у беларускіх СМІ. Можа, гэта гучыць саманадзейна, але рэфармаваць сістэму я вырашыла ўласнаруч.

Варыянтаў будучай прафесіі ў мяне было вельмі шмат, але я вярнулася да спрадвечнага — журналіст. Я зразумела, што хачу дапамагаць людзям, даносячы да іх розную інфармацыю. У інфармацыйным грамадстве гэта асноўны рэсурс усіх сфер жыцця. У бацькоў ад майго выбару ў вачах радасць не іскрыцца, але яны імкнуцца падтрымліваць усе мае рашэнні па жыцці.

Для сябе я разглядаю ўсе спецыяльнасці, бо на факультэце абвясцілі агульны набор, але аддаю перавагу міжнароднай журналістыцы.

Да ЦТ рыхтуюся з рэпетытарамі, а да ўступных экзаменаў ва ўніверсітэт — самастойна. Імкнуся ўлічваць досвед мінулых гадоў: людзі, што паступаюць на факультэт журналістыкі, вельмі камунікабельныя, так што ў дапамозе абітурыентам яны не адмаўляюць. Існуе вялікая колькасць груп у сацыяльных сетках, дзе сарамлівым адзінаццацікласнікам усё патлумачаць і дапамогуць парадамі.

Я б хацела працаваць у СМІ, якое піша пра культуру. Напрыклад, у газеце «Літаратура і матацтва». У Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, якія працуюць у сферы культуры, але пра іх мала каму вядома, таму мяне цягне ў гэтую сферу.

Што тычыцца журналістаў, за якімі я сачу, то мне вельмі імпануе Кацярына Барысевіч, якую, на жаль, арыштавалі. Даведалася я пра гэтага чалавека пасля падзей жніўня 2020 года: яна праяўляла актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Менавіта праз тое, што журналістыка цяпер такая напружаная, я і хачу працаваць у гэтай сферы. Мне некамфортна знаходзіцца ў такім становішчы, а гэта значыць, што сітуацыю трэба выпраўляць.

А наконт нейкіх ідэй для рэалізацыі — было б выдатна аднойчы запусціць трэвэл-шоу па беларускай глыбінцы. Можа, гэтым я і займуся ў будучыні.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне16

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі разглядае замену Сырскага10

Былога гукарэжысёра БТ асудзілі да калоніі пасля вяртання з Польшчы11

«Жыве Беларусь! Пуцін капут! Мы беларусы і мы — тут!» Павел Севярынец на фестывалі Tutaka выканаў уласны рэп27

Трамп назваў сітуацыю з прыпыненнем дыскваліфікацыі Балагуна самым запамінальным момантам мундыялю1

Зяленскі пракаментаваў сённяшнія ўдары па складах Wildberries16

Украіна ўпершыню адказала на расійскія атакі на склады «Новай пошты» сіметрычнымі ўдарамі па хабах «Вайлдберыз». Падмаскоўны згарэў дашчэнту10

Былы ратавальнік МНС стаў фермерам і вырошчвае буякі5

Беларус выгрыз кватэру памерлай сваячкі ў Пецярбургу, хоць стаяў у шостай чарзе спадчыннікаў1

Выхавацеля вучылішча алімпійскага рэзерву з Мазыра асудзілі за замах на здраду дзяржаве3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне16

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць