Літаратура

Шчырае інтэрв'ю з паэткай Настай Кудасавай — пра абарону Курапатаў у 17 год і мужа, які не прымаў беларускую мову

«А з неба скрозь слёзы, абняўшы нябесны штурвал, глядзіць ашалелы ад роспачы лётчык Акрэсцін: «Усё пазабыта. Нікога не ўратаваў». Гэты верш Насты Кудасавай узарваў інтэрнэт. Сама паэтка не чакала такога рэзанансу. Пасля яе словы не раз траплялі ў самае сэрца, даючы назву тым невымоўным пачуццям, якія перажываюць беларусы апошні год.

«Наша Ніва» пагутарыла з паэткай, каб даведацца яе гісторыю. Пра першую абарону Курапатаў у 17 год, любімы футбольны клуб, жыццё ў правінцыі, мужа, які не прымаў беларускую мову, і адчуванне часу. А таксама пра тое, што рабіць, калі падступае адчай.

«Рагачоў — мая асабістая культурная сталіца»

«Наша Ніва»: Вы ўсё жыццё правялі ў Рагачове?

Наста Кудасава: Я тут нарадзілася, скончыла школу, а пасля паступіла на філалагічны факультэт БДУ і з’ехала ў Мінск. Пакуль вучылася, жыла ў сталіцы шэсць гадоў. Але так і не здолела палюбіць гэты горад. Ён для мяне занадта мітуслівы і задушлівы. Таму як толькі вучоба скончылася, я адразу збегла замуж у Гомель. Потым шмат дзе вандравала яшчэ, ужо разам з сям’ёй, пажыла патроху ў розных гарадах і вёсках, але ў выніку вярнулася ў Рагачоў. Тут я ведаю, што я дома, тут я быццам адчуваю нейкі тыл, які мяне бароніць. І дзяцей, мне здаецца, прасцей гадаваць у маленькім горадзе, бо тут усе і ўсё вакол знаёмае, менш даводзіцца хвалявацца. 

«НН»: Які для вас гэты горад?

НК: З першага погляду ён можа падацца звычайным правінцыйным постсавецкім горадам. Але калі пахадзіць патрэбнымі сцежкамі ды з патрэбным чалавекам, які пакажа дух месца, раскрые яго таямніцы… Тады можна зразумець, чаму гэты горад стаў месцам сілы шмат для якіх пісьменнікаў і мастакоў. Найбольш слынны, вядома ж, Уладзімір Караткевіч, які прыязджаў сюды адмыслова па натхненне і гаенне душы. Горад стаіць на зліцці дзвюх рэк — з аднаго боку ў нас Дняпро, з іншага Друць. І шмат азёраў вакол, гэта вельмі прыгожа, тут лёгка дыхаецца.

Рагачоў для мяне казачны ўтульны горад, мая асабістая культурная сталіца.

«НН»: Топіце за рагачоўскую згушчонку?

НК: Так, абавязкова. Хаця я, шчыра кажучы, ніколі не была фанатам згушчонкі, я яе практычна не ўжываю. Але гэта ж прынцып — падтрымліваць сваё.

«НН»: У мясцовай бібліятэцы дагэтуль вісіць ваш партрэт?

НК: Ёсць. Там у іх вялізнае дрэва намалявана на сцяне і на галінках — партрэты розных пісьменнікаў з Рагачоўшчыны, і сучасных, і тых, што раней жылі. На самай ніжняй галінцы, бліжэй да каранёў вісіць і мой. Не ведаю, хто ініцыяваў гэтае пісьменніцкае дрэва, але мае дзеці вельмі ганарацца тым партрэтам і кожны раз туды заходзяць спраўдзіць, ці мама ўсё яшчэ на месцы.

«Калі табе 17 год — як такое можна прапусціць? Мы ледзь не штодня ездзілі ў Курапаты»

«НН»: У 17 год здарылася ваша першая абарона Курапатаў і «Малады фронт». Раскажыце, як гэта было.

НК: Не магу сказаць, што я была актыўнай маладафронтаўкай. Гэта быў непрацяглы перыяд, але пасведчанне сябра МФ дагэтуль захоўваю на памяць. А здарылася знаёмства сапраўды праз Курапаты. Я толькі прыехала ў Мінск вучыцца і адразу ж рушыла з сябрамі ў Курапаты, бо пра гэтае месца мы ведалі яшчэ са школы і лічылі, што для наведвання ў сталіцы гэта пункт нумар адзін.

Была восень 2001 года. Мы агледзелі там усё, паблукалі і раптам убачылі, што нейкія бульдозеры працуюць побач. Вельмі здзівіліся, а ўжо праз некалькі дзён у СМІ напісалі, што пачалося будаўніцтва і трэба бараніць Курапаты. Туды пачалі сцягвацца актыўныя людзі.

А нам таксама балела гэтая тэма, ды і калі табе 17 год — як такое можна прапусціць? Мы ледзь не штодня ездзілі ў Курапаты, каб быць там разам з іншымі актывістамі.

Там я пазнаёмілася з Паўлам Севярынцам. Ён быў вельмі харызматычным і натхняльным чалавекам, немагчыма было не захапіцца ягонай дзейнасцю. Таму я час ад часу ўдзельнічала ў нейкіх мерапрыемствах, якія ладзіліся «Маладым фронтам». Потым яшчэ наведвала курсы «Дыджэяў Адраджэння», маю дыплом аб паспяховым заканчэнні.

Але любая арганізацыя — гэта найперш людзі, якія яе ствараюць. Былі там шчырыя і прыемныя асобы, якія выклікалі павагу, а былі і вельмі непрыстойныя. Праз гэта я, мабыць, і расчаравалася ў моладзевых рухах. Да таго ж, я зразумела, што мне цікавей даследаваць культуру, рабіць штосьці для яе развіцця — я не палітык усё ж і не грамадскі дзеяч. Я хацела пісаць вершы і змяняць свет да лепшага праз прыгажосць паэзіі. Таму сышла больш у сябе, сваю творчасць.

«НН»: У вас жа калісьці былі думкі паступаць на гістарычны факультэт, чаму ў выніку руская філалогія перамагла?

НК: Я да 11 класа не ведала дакладна, кім хачу быць. Так, гісторыя Беларусі мне была вельмі цікавая, але я не ведала, дзе потым працаваць з такой адукацыяй, хацелася больш рацыянальнага падыходу да будучыні. Увогуле, думала пайсці на перакладчыка ў «ін'яз», бо вучылася ў класе з англійскім ухілам. Але мяне залічылі на рускае аддзяленне філфаку без экзаменаў, таму што я была пераможцай рэспубліканскай алімпіяды. Я ўспрыняла гэта як знак — раз ужо мяне туды залічылі, пайду на філфак.

«НН»: Размеркаванне пасля было, у школу адпраўлялі?

НК: Не. Я пасля паступіла ў магістратуру на платнае навучанне, і размеркаванне мяне абмінула. А там ужо адразу склалася сям’я, сын нарадзіўся. Пасля другое дзіця — да 30 год я была ў дэкрэце амаль увесь час.

«НН»: Цяпер нейкая праца ёсць? Беларускія пісьменнікі ж працуюць і ў рэдакцыях, і на заводах.

НК: Займаюся інтэрнэт-крамай майго мужа, дапамагаю прадаваць ягоныя ўпрыгожанні. Мы даўно разышліся, але захоўваем добрыя працоўныя адносіны. Пісьменніцкая праца часам таксама штосьці прыносіць. Увогуле я люблю быць менеджарам — добра бачу, што трэба рабіць, каб людзі чыталі кнігі і цікавіліся нашай культурай. Напрыклад, якія можна было б ладзіць фестывалі ў Рагачове па прыкладзе той жа Украіны ці Польшчы. Але не ў гэты час, на жаль. А так, думаю, калі б нам дазволілі свабодна разгарнуцца, можна было б з кніжак і выступаў жыць — не тое, каб шыкоўна, але нармальна.

«Не адчуваю ў сабе права глядзець футбол: як, калі сядзяць людзі ў турме?»

«НН»: Вы пісалі, што многія радасці звычайнага жыцця страціліся ў жніўні 2020-га і дагэтуль не вярнуліся. Напрыклад, вы не можаце глядзець футбол і чытаць кнігі. Даўно цікавіцеся футболам?

НК: Гадоў шэсць таму я падсела. Звычайна творчыя людзі знаходзяцца ў нейкім сваім сусвеце, адарваным ад будзённасці, а футбол — гэта штосьці з зямнога жыцця, штосьці вясёлае, бадзёрае, вельмі фізічнае, тое, што цябе зазямляе. Мне падабалася, што гэта іншая плынь, іншая тусоўка, іншая інфармацыйная прастора, цалкам адрозная ад паэтычнай. А пасля жніўня — можа, гэта нейкі посттраўматычны сіндром — некаторыя радасці пачалі здавацца недарэчнымі.

Я дагэтуль не адчуваю ў сабе права глядзець футбол і заўзець. Ну як, калі сядзяць людзі ў турме? Я не магу сабе дазволіць суперажываць такім дурацкім рэчам, як забілі гол ці не. 

«НН»: За каго раней заўзелі?

НК: Мне падабалася Італія, і я глядзела італьянскую серыю А. І там я заўзела за «Ювентус».

«НН»: А за беларускім футболам сачылі?

НК: Не ведаю, я чамусьці не люблю нашых. Гэта нешта жаночае — нашы мужчыны, яны нейкія не такія (смяецца).

«Каханне мяне расчаравала, і я яго не шукаю больш»

«НН»: Хацелі б спытаць пра асабістае. Вы выхоўваеце дваіх дзяцей, але, наколькі разумею, у разводзе.

НК: Мы засталіся афіцыйна ў шлюбе, але ўжо даўно жывем асобна. Прычыны гэтага цяжка патлумачыць у двух словах — проста чалавек аказваецца не тым, з кім бы ты хацеў быць побач. Але дзеці яднаюць, даводзіцца знаходзіць агульную мову. Бо мне важна, каб дзеці паважалі маму і тату аднолькава. Таму стараюся хаваць свае крыўды і раздражненне. 

Доўгі час я злавалася з-за таго, што трэба сябе прымушаць быць цярплівай і ветлівай. А потым зразумела, што гэтая сітуацыя дадзеная мне для самавыхавання. І нават апошнія пару год злавіла нібыта дзэн. Я адчуваю, што расту, дзякуючы гэтым няпростым стасункам, вучуся талерантнасці, загартоўваюся. Можа, усе сем’і праз гэта праходзяць? Проста калі ты малады, ты не ўсведамляеш, з чым табе давядзецца сутыкнуцца. Бо сям'я — гэта складаная праца над сабой, а не матылькі ў жываце.

Наўрад ці я магу, канечне, закахацца ў гэтага чалавека наноў. Гэта не пра каханне, а пра больш хрысціянскае пачуццё прыняцця іншага чалавека. І гэта цікавы фармат стасункаў з мужчынам.

Мне цяпер такі фармат нават больш цікавы, чым каханне, бо ён пра штосьці вышэйшае. А каханне мяне расчаравала, і я яго не шукаю больш.

«НН»: А з чым, напрыклад, давялося мірыцца?

НК: У нас шмат рознага ў поглядах — напрыклад, мову беларускую ён зусім не прымае. Не верыць у тое, што існуе жаночая паэзія, лічыць, што я займаюся лухтой.

Я навучылася проста маўчаць і не спрачацца, берагу здароўе, бо пераканаць словамі тут немагчыма. Гэта розніца ў жыццёвых каштоўнасцях. Напэўна, калі кахаеш чалавека, ты вельмі шмат ад яго чакаеш узамен і спадзяешся, што ён будзе такім, якім ты хочаш яго бачыць. Таму раней я моцна перажывала з-за ўсіх нашых спрэчак і непаразуменняў. Але цяпер я не маю патрэбы падабацца яму ці быць прыемнай, то я магу ясна ўсведамляць, якім ён ёсць, і прыняць гэта як дадзенасць. І з-за розных поглядаў перажываю ўжо не так моцна, мне гэта цяпер неістотна. Галоўнае, што ў маіх дзяцей ёсць тата, яны не сумуюць.

«НН»: Чыталі, што ў вашага сына эпілепсія. Памятаеце, як вам упершыню пра гэта паведамілі?

НК: Я памятаю гэта вельмі добра. У сына з ранняга дзяцінства здараліся прыступы, яны ўвесь час былі звязаны з высокай тэмпературай, і нам казалі, што гэта фібрыльныя сутаргі (яны ўзнікаюць пры гарачцы. — «НН»), якія пасля шасці гадоў пройдуць. Я, як многія мамы, верыла, што сын перарасце і проста чакала. І толькі калі яму было 6,5 гадоў, мы ўпершыню паехалі на вялікае абследаванне ў Гродна, бо здарыўся цяжкі прыступ і гэта насцярожыла доктара. Там нам агучылі дыягназ.

Для мяне гэта быў вялікі шок, бо я не рыхтавалася да такога. Чамусьці была ўпэўненая, што з намі такога не можа здарыцца, бо я ж усё рабіла правільна і вельмі адказна ставілася да цяжарнасці, вельмі чакала гэтае дзіця. Жыццё ў той момант абрынулася. Тады гэта слова гучала як прысуд.

Але ў рэшце рэшт гэта толькі слова, затое многія рэчы сталі больш зразумелыя, калі я дазналася, як называецца тое, з чым нам давядзецца жыць. Я стала больш чытаць і вывучаць гэтую тэму. І неяк прывыкла ўжо, я не лічу наша жыццё трагедыяй.

Сын падрос, прыступы сталі не такімі цяжкімі. А потым, калі паглядзець вакол, разумееш, што ва ўсіх людзей ёсць нейкія праблемы, у кожнага свой боль і свой крыж, і ты не асаблівы «пакутнік».

Я ўвогуле доўгі час пра эпілепсію нідзе не расказвала, нават знаёмым. Мне здавалася, што сорамна пра свае беды публічна плакацца.

Літаральна некалькі год таму прагаварылася, і мяне агаломшыла проста, як людзі ўзрушыліся, пачалі спачуваць, прапаноўваць дапамогу. Я тады ўсвядоміла, што, напэўна, дарма я так доўга трымала гэта ў сабе, мне не хапала магчымасці пра гэта пагаварыць і атрымаць псіхалагічную падтрымку.

«НН»: Сын ходзіць у звычайную школу?

НК: Пакуль так. Гэты год было прасцей, бо вучыўся ў другую змену, не трэба было рана ўставаць. Сын больш павольны за іншых, яму ўсё цяжэй даецца і ў агульнай плыні дзяцей яму складана бывае. Таму ён асобна ў школе трымаецца, асабліва ні з кім не сябруе. Ён пэўны час быў на хатнім навучанні, але гэта вельмі тужліва, сядзіш дома ў чатырох сценах. А так ён выходзіць у людзі, развіваецца, ды і я магу працаваць, хоць трошкі пісаць. Таму спадзяюся, што ўсё ж атрымаецца ў яго хадзіць у школу.

«НН»: Тое, што гэта правінцыя, дадае складанасць?

НК: У школе да нас добра ставяцца. Але, канечне, даводзіцца падладжвацца пад большасць. Калі б была магчымасць вучыцца ў якой-небудзь больш спакойнай школе, дзе не так шумна і хутка, сын быў бы шчаслівейшым, безумоўна. Але ўжо як ёсць.

І яшчэ шкада, што тут не так шмат актыўнасцяў — калі б гэта быў вялікі горад, для сына знайшлося б больш гурткоў. Ён хадзіў маляваць раней, і добра атрымлівалася, але потым не змог — бо гэта вялікая нагрузка для яго, трэба было штодня ездзіць на заняткі. Гэта пагаршала яго стан — стала больш прыступаў, галаўных боляў. Потым дадаліся непаразуменні з адміністрацыяй, і я забрала яго са школы мастацтваў, на жаль. А на спартыўныя секцыі яму нельга.

«2021 год — гэта нейкая разгубленасць»

«НН»: «Мы не верылі ў трыццаць сёмы — і да нас пагрукаў дваццаты» (радок з верша Насты Кудасавай. — «НН»). Што вас агаломшыла?

НК: Гвалт найперш. Памятаеце, калі яшчэ Ганна Севярынец напісала верш пра Колю і гэта тэма абмяркоўвалася напярэдадні — няўжо могуць аддаць загад страляць? Дык вось я была з тых, хто не верыў, што такое можа быць. Развязаць вайну супраць народу? Не, да такога ў нас не дойдзе. І мяне агаломшыла, што, аказваецца, вельмі лёгка можна аддаць такі загад і яго выконваць. Я заўсёды верыла, што мы адзін народ, няважна, хто дзе працуе і якіх поглядаў трымаецца.

Аказваецца, я цалкам памылілася ў людзях. Як лёгка, атрымліваецца, можна нацкаваць адных на другіх. Я думаю, ім доўга і мэтанакіравана ўнушалі, што на вуліцы выходзяць адмарозкі, праплачаныя, і яны рэальна верылі, калі збівалі і стралялі, што выконваюць місію па выратаванні дзяржавы.

Рэпрэсіі 1930-х, сталінізм засталіся неперажытымі, неадрэфлексаванымі ў нашым грамадстве. Гэты шлейф цягнецца за намі. Я і раней разумела, што гештальт не закрыты, але здавалася, што гэтая тэма сама рассмокчацца, год за годам, пакрысе. І вось 2020-ы паказаў, што нічога само не пройдзе, што трэба вяртацца і асэнсоўваць той перыяд, перахварэць, пакаяцца.

«НН»: Многія параўноўваюць цяперашнія падзеі з «Архіпелагам ГУЛАГ» Салжаніцына. Вы з якім творам праводзіце паралелі?

НК: Мне моцна адгукнулася Ахматава — не ведаю, колькі разоў перачытала яе «Рэквіем». Я раней не надта любіла Ахматаву. Мяне яе паэзія не кранала, здавалася халоднай. І тут я раптам плачу над кожным радком — словы, як цвікі, забіваюцца ў цела. Проста трэба было трапіць у гэту сітуацыю, каб зразумець, наколькі Ахматава была дакладнай.

І тая простая, строгая, лаканічная мова, якой яна пісала, — яна адзіна магчымая зараз. Таму што шукаць экзатычныя формы, атрымліваць асалоду ад моўных гульняў, як я любіла раней, цяпер недапушчальна, па-мойму. Трэба вярнуцца ў нейкі першасны стан, пачатак пачаткаў і называць рэчы простымі словамі: гэта дабро, а гэта зло.

«НН»: У вас жа таксама мова паэзіі змянілася.

НК: Так. З верша пра Акрэсціна пачалася новая творчая іпастась. Я ж нават спачатку, калі яго напісала, не магла зразумець, ён добры ці дрэнны. Бо гэта было штосьці нібыта не маё. Я ніколі не ўжывала такі сінтаксіс, па-іншаму карысталася мовай. А тут апавядальная інтанацыя, без усякіх надзвычайных метафар і алітэрацый. Памятаю, як сумнявалася, ці варта выкладаць такі верш.

Але ніякай іншай мовай я ўжо не магла пісаць. У мяне на пэўны час пасля падзей жніўня нібыта заняло мову, нешта ўва мне памёрла, абарвалася. І тут раптам прыйшоў новы голас.

Пасля публікацыі верша быў ашаламляльны рэзананс, у мяне такога ніколі не было яшчэ, і тады я зразумела, што трапіла правільна.

«НН»: Якое слова ў вас асацыюецца з 2020 годам?

НК: Гвалт — гэта першае, што прыходзіць у галаву. Хаця ўвосень быў такі дваісты настрой і адчувалася таксама пачуццё салідарнасці, узнёсласці. У Рагачове ж таксама маршы адбываліся, жанчыны выходзілі з кветкамі. Але за год гэтая чарната ўсё з’ела, і я больш вяртаюся да тэмы гвалту.

«НН»: А 2021-ы?

НК: Цяпер балюча, што людзі рассыпаюцца. Я бачу, што шмат хто з’язджае, разбураюцца сем’і. Я калі прыязджала ў Мінск, заўсёды сустракалася з сябрамі, а цяпер разумею, што ўсё меней тых, з кім можна сустрэцца, і гэта мяняе карціну маёй краіны.

Я б сказала, што 2021 год — гэта нейкая разгубленасць. Не ведаю, чаго чакаць.

Не магу сказаць, што я песіміст, але для аптымістычных прагнозаў таксама падстаў няма. Усё застыла ў надзеі, чаканні і роспачы.

«Заўсёды думала, што эміграцыя — самае страшнае, што можа здарыцца ў жыцці»

«НН»: Некаторыя пісьменнікі з’язджаюць, бо, на іх думку, рэфлексаваць можна толькі на адлегласці. Вы ж прынцыпова застаяцеся тут. Чаму?

НК: Наконт адлегласці — у мяне таксама была такая думка. Я ездзіла вясной на літаратурную стыпендыю ў Чэхію на месяц і вельмі спадзявалася, што, як вырвуся, збоку ўсё ўбачу больш ясна. Насамрэч не — адтуль усё выглядае яшчэ страшней. Бо ты далёка ад дома і, калі нешта здарыцца з блізкімі, не зможаш ім дапамагчы. Я пісала там шмат толькі таму, што ў мяне больш часу вольнага было, а не таму, што з далечыні лепш бачыцца.

Увогуле ж я заўсёды думала, што эміграцыя — самае страшнае, што можа здарыцца ў жыцці. Гэта была б мая асабістая трагедыя.

Для мяне любоў да радзімы — гэта любоў найперш да зямлі, да намацвальнага… Дрэваў, рэчкі — таго, што я магу абняць ці пакратаць рукой.

«НН»: Вы нядаўна былі ў вандроўцы ў Карэліі. Гэта ваш спосаб вярнуць раўнавагу?

НК: Дарэчы, якраз Карэлія — адзінае месца, дзе я змагла б жыць, напэўна, акрамя Беларусі. Калі б толькі гэта не была Расія, бо мяне шмат што ў расійскай палітыцы палохае. Я не люблю імперый і хацела б, каб усе народы жылі ў сваіх маленькіх дагледжаных краінах, не замінаючы адно аднаму.

Але калі я прыязджаю ў Карэлію, я абстрагуюся ад палітыкі. Гэта як другая радзіма, хросная маці, там я адчуваю сябе як дома. Там цудоўная прырода, падобная да беларускай, але нібыта ў квадраце, павялічаная ў некалькі разоў. Калі лес, то суперлясісты, калі возера, то ідэальнае ў сваёй азёрнасці. Там больш камянёў, больш соснаў, больш вады, рыбы, грыбоў. Я не гарадскі па натуры чалавек, і для мяне гэта ўсё важна. Таму я езджу туды за натхненнем і каб перавесці дух ад нашага беларускага вар'яцтва.

«НН»: Чаму не маеце аптымізму на найбліжэйшыя гады?

НК: Мне здаецца, гэта не скончыцца хутка.

Большасць людзей чакае пераменаў і прадчувае іх. Але ў гэтай багне трэба будзе застыць на пэўны час і проста выжыць. Чыста фізічна вытрымаць.

Хаця ўвосень мы з [паэтам] Дзімам Строцавым размаўлялі на гэтую тэму. І мяне прыемна здзівіла, што ён пасля Акрэсціна быў, але такі ўзнёслы, бадзёры!

І ён, як чалавек таго пакалення, што памятае распад Савецкага Саюза, сказаў мне, што ў 1980-х было падобнае адчуванне. Таксама ніхто не ўяўляў, што ўсё хутка разваліцца. Усе проста рабілі пакрысе сваю справу, жылі па-партызанску. І ў адзін цудоўны дзень прачнуліся ў незалежнай краіне.

Ён верыць, што зараз будзе гэтак жа — у адзін цудоўны дзень мы прачнемся, а нам скажуць: ну ўсё, канец цемры, свабода! Добра, калі ён мае рацыю, хай бы так і было.

«НН»: Што робіце, калі падступае адчай?

НК: Я тады ўспамінаю сяброў, якія перажылі нашмат больш, чым я. Згадваю Таню Гацуру, напрыклад. І думаю: ну што я, сяджу дома, жывая-здаровая, усе мае родныя ў парадку, яны побач са мной — дык чаму я так моцна перажываю?

Мне становіцца сорамна, што я падаю духам, і я стараюся не ныць. Або пісаць вершы — калі гэта ўсё выпусціць у верш, прагаварыць, робіцца лягчэй.

Каментары

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам працуе аптовая крама, дзе крупы каштуюць 1—3 рублі, а алей — ад 3,51

У Расіі паставіліся да амерыканскага папярэджання пра магчымы тэракт у Маскве сур'ёзна3

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці1

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск18

Шмат гадоў футбольную «Іслач» на матчах падтрымліваў «люты баяніст». Куды ён дзеўся цяпер?2

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі3

У Мінску пара ў прымерачных кабінках мяняла старыя адзенне і абутак на новыя

«Вы васал Масквы». Беларусь перастаюць бачыць асобна ад Расіі58

Пасольства ЗША ў Маскве папярэдзіла пра пагрозу тэракта ў адным з расійскіх музеяў. Так было і перад «Крокусам»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць