Яшчэ два спадарожнікі расійскага аналага Starlink пачалі падаць на зямлю
Яшчэ два спадарожнікі групоўкі «Рассвет», якую ўлады Расіі называюць уласным аналагам амерыканскай сістэмы Starlink Ілана Маска, пачалі губляць вышыню і набліжаюцца да ўваходу ў шчыльныя слаі атмасферы, дзе згараць. Пра гэта са спасылкай на звесткі касмічных назіранняў паведаміў даследчык касманаўтыкі Анатоль Зак, піша The Moscow Times.

З 17 спадарожнікаў, запушчаных у ліпені падчас другога групавога старту, тры так і не змаглі выйсці на стабільную арбіту вышынёй каля 500 кіламетраў. Два з іх цяпер падаюць. Паводле разлікаў, апарат Rassvet— 30‑17 павінен увайсці ў шчыльныя слаі атмасферы 31 кастрычніка, а Rassvet— 3‑23 — на працягу 78 гадзін пасля 6 лістапада.
Яшчэ адзін спадарожнік, які страчваў вышыню з сярэдзіны жніўня, у верасні аднавіў манеўры па ўзняцці арбіты. Большасць астатніх апаратаў застаюцца на вышыні каля 500 кіламетраў.
Падчас першага групавога запуску ў канцы сакавіка кампанія «Бюро 1440», якая займаецца праектам, вывела на арбіту 17 спадарожнікаў. Адзін з іх не дасягнуў зададзенай арбіты і ўпаў у пачатку чэрвеня. Яшчэ 14 апаратаў пачалі фармаваць спадарожнікавую групоўку на вышыні крыху больш за 500 кіламетраў.
Пры гэтым ніводзін спадарожнік першага запуску не дасягнуў запланаванай вышыні ў 800 кіламетраў. Менавіта яе кампанія вызначала як мэтавую.
Знаходжанне на ніжэйшай арбіце скарачае тэрмін службы спадарожнікаў. Гэта звязана з супраціўленнем верхніх слаёў атмасферы і большым расходам паліва для падтрымання неабходнай вышыні. Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначалі, што праз гэта расійскія апараты, верагодна, не змогуць працаваць столькі, колькі планавалася.
Паводле звестак ISW, спадарожнікі першага запуску пакуль забяспечваюць расійскім войскам сувязь з наземнымі тэрміналамі на акупаванай тэрыторыі Украіны толькі двойчы на дзень, прычым працягласць кожнага сеанса не перавышае паўтары гадзіны.
У чэрвені 2025 года кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Баканаў заяўляў, што на першым этапе групоўка «Рассвет» будзе налічваць 350 спадарожнікаў, што дазволіць забяспечыць глабальнае пакрыццё кругласутачна. Надалей колькасць апаратаў планавалася павялічыць да 900.
Кошт праекта ацэньваецца ў 430 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 5,35 мільярда даляраў). Баканаў называў яго расійскім адказам амерыканскай сістэме Starlink.
Пачатак камерцыйнай эксплуатацыі «Рассвета» быў запланаваны на 2027 год. У чэрвені Уладзімір Пуцін таксама заяўляў, што сістэму будуць выкарыстоўваць, у тым ліку, для кіравання баявымі беспілотнікамі. Паводле яго слоў, яна не саступае Starlink і, магчыма, нават пераўзыходзіць яе па некаторых параметрах.
ГУР назвала беларускія прадпрыемствы, якія ўдзельнічаюць у стварэнні расійскага аналага Starlink
Яшчэ два спадарожнікі з расійскага аналага Starlink не змаглі падняцца на сваю арбіту
Расійскі аналаг Starlink страціў адзін са сваіх спадарожнікаў
У Беларусі запусцяць расійскую сістэму, якая прэзентуецца як аналаг Starlink
Адключэнне «Старлінкаў»: як гэта паўплывала на ўкраінскую і расійскую арміі
Каментары