Адкуль у Ціханоўскага крыўда праз грошы на зубы? Разбіраемся ў гісторыі
Чаму блогер недалячыў свае зубы, і хто ў гэтым вінаваты.

Блогер Сяргей Ціханоўскі зноў і зноў вяртаецца да тэмы сваіх зубоў, якія ён не далячыў пасля вызвалення.
Каментуючы словы Святланы Ціханоўскай пра дапамогу палітвязням, ён заявіў:
«Толькі твайму мужу не хапіла грошай зубы зрабіць!»
У іншым месцы стрыму Ціханоўскі паўтарыў, што не можа «нават зубы адрамантаваць», бо на яго нібыта «няма сродкаў».
Гэтая тэма гуляе па інтэрнэце і па стрымах ужо не першы месяц. Ціханоўскі працягвае абвінавачваць праваабаронцаў, але тыя не ўступаюць у дыскусію з ім, бо лічаць некарэктным публічна абмяркоўваць медыцынскія пытанні. «Наша Ніва» сабрала ўсе прамыя і ўскосныя сведчанні, каб разабрацца ў праблеме.
Былыя палітвязні бачылі Ціханоўскага ў клініцы
У каментарах пад публікацыяй пра прэтэнзіі Сяргея Ціханоўскага некалькі былых палітвязняў, якія жывуць у Вільні, напісалі, што ён карыстаўся такой жа праграмай стаматалагічнай дапамогі, як і астатнія.
Мікола Дзядок сцвярджае, што асабіста бачыў Сяргея Ціханоўскага ў віленскай клініцы:
«Сустрэў Ціханоўскага ў Вільні ў зубной клініцы, дзе ён лячыў зубы, там з ім першы і апошні раз паразмаўлялі. То-бок праграма яму прадастаўлялася, гэтаксама як і мне. А мне ўсе імпланты паставілі. Хутчэй за ўсё, ён не паставіў іх толькі таму, што з’ехаў у ЗША. А дапамога была прывязаная да канкрэтнай клінікі».

Ігар Лосік таксама піша, што неаднаразова сустракаўся з Ціханоўскім у стаматалогіі:
«Шмат разоў яго бачыў у стаматалогіі, дзе ўсім палітвязням без праблем паставілі ўсё, што трэба. Але гэта працяглы працэс, асабліва калі ставіць імплант: трэба некалькі месяцаў хадзіць са штыфтам, каб ён прыжыўся».

Сапраўды, імплант пасля ўстаноўкі павінен зрасціся з косткай, і толькі пасля гэтага на яго ставяць каронку. Для гэтага патрэбна ад двух да шасці месяцаў. У складаных выпадках, калі патрэбныя выдаленне зубоў або нарошчванне косткі, лячэнне можа расцягнуцца яшчэ даўжэй.
Ад вызвалення да ад’езду — менш за тры месяцы
Сяргей Ціханоўскі выйшаў на свабоду 21 чэрвеня 2025 года. Яго разам з іншымі вызваленымі вывезлі ў Літву.
У верасні 2025 года Сяргей Ціханоўскі паехаў у турнэ па ЗША і Канадзе. 9 верасня ён быў у Вашынгтоне, дзе наведаў Белы дом, 13‑14 верасня меў сустрэчы ў Маямі. Пасля турнэ ён застаўся ў ЗША.
Такім чынам, ад вызвалення да ад’езду прайшло каля двух з паловай месяцаў. Нават калі Сяргей Ціханоўскі звярнуўся да стаматолага адразу, гэтага часу магло не хапіць, каб цалкам прайсці шматэтапнае лячэнне.
«Ён проста з’ехаў і перапыніў лячэнне»
Сузаснавальнік BY_help Аляксей Лявончык кажа, што яго арганізацыя не займалася лячэннем Сяргея Ціханоўскага, таму дэталяў канкрэтна гэтага выпадку ён не ведае. Аднак ён бачыць найбольш імаверную прычыну ў ад’ездзе Ціханоўскага:
«Наколькі я разумею, ён проста з’ехаў у ЗША і перапыніў лячэнне. Вось і ўсё».
Аляксей Лявончык тлумачыць, што медыцынская дапамога былым палітвязням гэта не абстрактная сума, якой чалавек можа скарыстацца ў любой краіне. Кожная арганізацыя мае пэўныя правілы і абмежаванні. Грошы на медыцынскую дапамогу нельга аўтаматычна перанесці ў іншую краіну, якую выбраў атрымальнік.
«Калі чалавек выехаў у Штаты, гэта не значыць, што яму будуць плаціць там за зубы. У Штатах абсалютна іншы цэннік. Хутчэй за ўсё, грошы праграмы нельга выдаткоўваць у ЗША — можна толькі ў Польшчы ці Літве, бо ёсць геаграфічнае абмежаванне», — кажа наш суразмоўца.
Паводле нашай інфармацыі, праграмы стаматалагічнай дапамогі вызваленым палітвязням сапраўды супрацоўнічаюць з клінікамі ў Літве і Польшчы.
Калі чалавек жыве ў іншай краіне, для праходжання праграмы яму трэба прыехаць менавіта ў Літву і Польшчу.
Колькі каштуе імплант у Вільні, Варшаве і ЗША
Розніца ў коштах паміж Літвой, Польшчай і ЗША сапраўды істотная.
У віленскіх клініках імплант разам з абатментам і керамічнай каронкай можа каштаваць прыкладна €1300-1600. На сайтах варшаўскіх клінік гаворыцца, што ў залежнасці ад сістэмы імплантаў адзін адноўлены зуб каштуе ад €1000 да €2300.
У амерыканскіх клініках імплант з абатментам і каронкай каштуе значна даражэй. У тым жа Лос-Анджэлесе цана за адзін зуб даходзіць да $5000 і вышэй. Аднаўленне ўсёй сківіцы на чатырох імплантах можа пачынацца ад $16 тысяч.
І гэта толькі базавыя цэны. Калі патрэбныя выдаленне зубоў, нарошчванне косткі, сінус-ліфтынг або лячэнне каналаў, сума істотна павялічваецца. Таму за тыя ж грошы ў Літве ці Польшчы можна зрабіць прыкметна больш, чым у ЗША.
Ёсць і фінансавыя, і часавыя межы
Аляксей Лявончык называе тры асноўныя абмежаванні праграм дапамогі.
Першае — геаграфічнае: лячэнне адбываецца ў вызначанай краіне або ў клініцы, з якой супрацоўнічае арганізацыя.
Другое — фінансавае:
«Былы палітвязень можа камбінаваць дапамогу розных арганізацый, калі кошт лячэння перавышае ліміт адной праграмы. Гэта не забаронена. Але ў кожнай арганізацыі ёсць верхні ліміт, які яна можа выдаткаваць на аднаго палітвязня».
Трэцяе абмежаванне — час. Выдзеленая дапамога не захоўваецца за чалавекам бестэрмінова:
«Гэта не азначае, што ён можа праз два гады вярнуцца, а грошы будуць яго чакаць. Такога таксама няма».
Беларусы асобна сабралі Ціханоўскаму €10 тысяч, у тым ліку на зубы
18 ліпеня 2025 года «Байсол» адкрыў збор «Дапамога Сяргею Ціханоўскаму аднавіцца пасля зняволення».
Ціханоўскі прасіў €8000, з якіх €4500 — на стаматалогію і пратэзаванне. У апісанні збору ён пісаў, што амаль усе зубы разбураныя і што яму неабходныя поўнае лячэнне і пратэзаванне.
Патрэбныя суму сабралі ўсяго за восем гадзін. У выніку збор закрыўся на адзнацы €10 047.
Але Ціханоўскі патраціў грошы на тое, каб наняць сабе каманду — ахоўніка, аператара і прэс-сакратара.
«Што мне назбіралі на аднаўленне здароўя, я з гэтых грошай плаціў зарплату хлопцам», — казаў блогер. Па яго словах, грошы скончыліся ўжо ў верасні 2025 года.
Каментары
А хто аператар і прэс-сакратар? Вазьміце ў іх каментар?
Хопіць цкаваць герояў Беларускага паўстання!