Беларусы не вераць дзяржаве і рублю. Нацбанк паказаў статыстыку па куплі і продажы валюты
Нацбанк апублікаваў гадавую статыстыку куплі і продажу валюты. З яе вынікае недавер насельніцтва да дзяржаўных структур і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. А што адбываецца, калі ў насельніцтва назапашваецца вялікая маса наяўнай валюты, разбіраецца тэлеграм-канал «Нашы грошы».
На працягу года мы назіралі цікавае супрацьстаянне: было незразумела, застанецца насельніцтва чыстым пакупніком валюты ці ўсё ж стане чыстым прадаўцом. Прычым паўгода прасочвалася адна выразная тэндэнцыя, паўгода — іншая. Да чэрвеня насельніцтва стабільна купляла валюту, а ўжо пачынаючы з ліпеня — стабільна больш прадавала.
Урэшце па выніках года, з невялікім адрывам у $53 млн, беларусы сталі ўсё ж чыстымі прадаўцамі валюты.
Прадпрыемствы за год таксама прадалі больш, чым купілі — на $679 млн, і гэта лагічна, дзякуючы добрай экспартнай кан'юнктуры. Замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, прадалі на чыстай аснове $575 млн. Гэтак жа сама больш стабільна прадавалі, чым куплялі, і банкі, але розніца ў іх пры гэтым невялікая — $151 млн.
Увогуле, усе прадавалі валюту. Часта бывае, што ў выніку гэтага значна растуць золатавалютныя рэзервы краіны, але падобнага гэтым разам не адбылося.
Што яшчэ цікавага можна ўбачыць па выніку 2021-га?
Гэты год запомніўся некалькімі незвычайнымі пікавымі паказчыкамі. Насельніцтва прадавала ў месяц па мільярду даляраў у жніўні, верасні, лістападзе і снежні. Раней такога не назіралася, таму можна казаць пра новы ўзровень продажу фізічнымі асобамі замежнай валюты.
Вялікія аб'ёмы валюты прадаюцца, але не нашмат меншыя — купляюцца. Гэта значыць, што ў насельніцтва на руках пастаянна знаходзіцца шмат валюты, яе не імкнуцца пакласці на банкаўскія ўклады і наўрад ці перапрадаюць, імкнучыся гуляць на курсавой розніцы. Усё гэта можа быць звязана з асаблівым стылем ашчадных паводзін — атрымаўшы на рукі «вавёркі», беларусы імкнуцца абараніць сродкі, пераводзячы іх як мага хутчэй у цвёрдую валюту. Калі ж узнікае неабходнасць у беларускіх рублях — даляры аператыўна мяняюць.
Вам гэтая стратэгія нічога не нагадвае? Напрыклад — «ліхія 90-я», калі ўпэўненасці ў людзей не было абсалютна ні ў чым, і ўсе свае грошы яны трымалі ў далярах, прычым — часцяком у рэальнай банцы (трохлітровай, схаванай пад ложкам). Таму што банкам тады ніхто не давяраў.
Так, інфляцыя ў нас не такая як у 90-я, але першыя ластаўкі ўжо выразна бачныя. Гэтыя сімптомы — недавер да ўсіх дзяржаўных структур, нацыянальнай валюце, няўпэўненасць у заўтрашнім дні.
А што адбываецца, калі ў насельніцтва назапашваецца вялікая маса наяўнай валюты? Што гэта значыць для эканомікі ў цэлым? Гэта павышае залежнасць эканомікі ад паводзін насельніцтва, прадказаць якія досыць складана.
Мяркуючы па ўсім, узмацненне гэтага фактара нявызначанасці бачыць і Нацбанк. Прадбачачы магчымыя праблемы з узнікненнем спантаннай валютнай панікі, галоўны банк краіны купіў каля мільярда даляраў наяўнымі. Каб было зразумела: у пачатку 2021 года на рахунках Нацбанка было ўсяго $24 млн наяўнымі, на 1 лістапада іх стала $420 млн., а 1 снежня — ужо $1 млрд 348 млн.
Што значыць для Нацбанка сысці ў наяўную валюту на такую буйную суму? Гэта значыць, што ён не ўклаў гэтыя грошы ў замежныя дэпазіты і гатовы змірыцца са зніжэннем даходнасці актываў толькі для таго, каб мець магчымасць супрацьдзейнічаць валютнай паніцы. Гэта значыць, Нацбанк настолькі не выключае такога развіцця сітуацыі, што гатовы сядзець на $1,3 млрд грошай, якія не працуюць.
Праблема ў тым, што ў сённяшніх рэаліях мільярд даляраў — гэта ўсяго толькі месячны попыт насельніцтва. У выпадку непрадбачаных абставін запас на «тушэнне пажару» можа вычарпацца досыць хутка, тады прыйдзецца залезці ўжо ў ЗВР.
Сітуацыя нагадвае покер: два гульцы сядзяць насупраць, падазраючы адзін аднаго ў блефе. Насельніцтва не даверае ўраду, урад, чакаючы сюрпрызаў, закупляецца валютай, каб хоць на час стварыць ілюзію спакою і стабільнасці. Найбольш сумна, што гэтае супрацьстаянне становіцца ўсё больш напружаным, нервовым, і пакуль няма ніякіх перадумоў да разрадкі сітуацыі. Але ў выніку, з вялікай верагоднасцю, у пройгрышы могуць апынуцца абодва бакі.
Каментары