Меркаванні

«У часе ўсіх нашых спатканняў, калі заходзіла гаворка пра гэтае месца, у Андрэя камянеў твар» — жонка Скурко

Паўліна Скурко, жонка асуджанага нашаніўца Андрэя Скурко, дзеліцца сямейнай гісторыяй, як з пакут, любові, бяды і радасці з'яўляюцца сонечныя дзіцячыя вершы Андрэя.

Яшчэ на сустрэчы ў Магілёве тыдзень таму Андрэй сказаў такое. Калі ён ужо з рэчамі выходзіў з камеры Валадаркі, то ўспомніў, як па першым часе ў гэтай камеры паўтараў сабе:

«Аднойчы я выйду адсюль і больш ніколі сюды не вярнуся. І цяпер я стаяў у дзвярах і думаў: вось, я адсюль выходжу», — кажа Андрэй. Гэтак жа будзе і з магілёўскай турмой, і з усімі наступнымі этапамі.

І праведзены там час будзе здавацца не месяцамі, а тыднямі.

Не ведаю, як далей, але ў мяне (мусіць, праз стрэс) таксама няма адчування, што прайшло 9,5 месяцаў. Хутчэй, тыдняў.

Сёння хачу падзяліцца адным з першых Андрэевых турэмных вершыкаў — цяпер яго таленавіта перарабілі ў мульцік (паклон артысту і мастаку), змяшчу яго ў каментарыі.

Андрэй пісаў вершыкі на паштоўках, якія я перадавала. У першыя тыдні ў мяне ўнутры быў вэрхал, але трывала сядзела думка, што канверты і паштоўкі — рэчы першай неабходнасці:) І мы з Наташай, жонкай Андрэя Дынько, у першыя дні пасля затрымання хлопцаў пайшлі на паштамт.

Хоць гэта не мела ніякага сэнсу — пісаць лісты з Акрэсціна яны не маглі — але нам здавалася: вось-вось іх перавядуць на Валадарку, і тады адразу трэба, каб былі напагатове канверты і паштоўкі перадаць:)

Помню свой стан: галава затуманеная, у горадзе спёка +35, адчуванне нерэальнасці. Але мышцы рук і ног страшна ныюць ад стрэсу — нагадваюць, што гэта не сон.

У крамцы ў канцы залы набіраю стос паштовак са звярамі.

Пра кожнага з іх у нас ёсць сямейны жарт, і ўсе яны ўспамінаюцца, пакуль дзяўчына на касе перакладвае і прабівае мой набор.

Два тыдні хлопцаў трымалі ў акрэсцінскай катавальні. Перадачы там прымаюць па чацвяргах. Адбываецца гэта знешне вельмі прыстойна: нешта адбракоўваць — «алей мы не бяром, ды і нашто яму алей», нешта раяць — «што ж вы не купілі яблыкі, мы ж іх бяром!» («а на мінулым тыдні, мне расказвалі, вы не бралі…» — заўважаю я).

Чынна завяраюць родных, што ўсё перададуць у той жа дзень.

Насамрэч, перадачы нашым хлопцам аддалі толькі праз восем дзён, пераводзячы ў СІЗА на Валадарцы.

Для сяброў не з Беларусі патлумачу. Гэта такая асобная форма здзеку ў мінскім ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы адважнага лётчыка Акрэсціна: прымаць перадачы — але аддаваць іх толькі пры пераводзе або вызваленні; не даваць вязням матрацы, падушкі і тыднямі не выводзіць на прагулкі і ў душ; а яшчэ двойчы на ноч цябе будзяць, і трэба ўстаць ды назваць сваё прозвішча. Калі пішаш на гэта скаргу, атрымліваеш адказ: праведзеная праверка, парушэнняў не выяўлена.

Усе ведаюць пра гэта.

І з гэтым немагчыма нічога зрабіць.

Але трэба запамінаць.

Падчас усіх трох нашых спатканняў, калі заходзіла гаворка пра гэтае месца, у Андрэя камянеў твар…

Карацей, акрамя арэхаў, дзіцячай пасты (каб не займаць вагу вялікім цюбікам — перадачу ж прымаюць усяго 2 кг!), нейкага пячэння ды дыябетычнага хлеба (у музеі сям’і захаваўся бланк з поўным пералікам), я паклала часопісы «Нэшнл Джэагрэфік» і некалькі паштовак.

«А гэта што?»

«Ну, вы разумееце, гэта дзіця тату перадавала… Прыміце, глядзіце, яны чыстыя…» Хлопец-прыёмшчык нахмурыўся…

Так да Андрэя паляцелі першыя чатыры паштоўкі: Мыш, Заяц, Дзік і Лось, герой сённяшняга верша.

(Можа, варта было сказаць ахоўніку на Акрэсціна праўду: вазьміце, гэта нашы сямейныя мемы? У той момант здавалася, што трэба быць максімальна зразумелай яму, гаварыць спакойна, мякка. Хаця на справе нішто не ўплывае ні на што. Прывычная нам формула жыцця:))

Паштоўкі з ласём і кампаніяй Андрэй убачыў больш як праз тыдзень па дарозе ў следчы ізалятар на Валадарку — з тэмпературай і запаленнем у лёгкіх.

Не знаю, ці яны яго ў той момант падтрымалі — і ці нешта ўвогуле магло яго тады падтрымаць.

Адвакатка ў тыя дні пазваніла мне са словамі: я пад падпіскай, нічога не магу сказаць, але выглядае Андрэй кепска. Ён прасіў вам не гаварыць, але ён заўжды падчас нашых сустрэч быў такі вясёлы, а цяпер не ўсміхаецца і бачна, што яму цяжка і блага.

Я сёння ўспамінаю яе маналог — я слухала, гуляючы з малым па станцыі «Ждановічы», гледзячы цягнікі — і я не магу зразумець, чаму не запанікавала. На цяперашнюю галаву — гэта ж разгар кавіду, мы не прышчэпленыя (усё чакалі пфайзера), страшныя ўмовы і нулявое лячэнне… Але помню, што пасля званка прыйшла толькі дзікая стома ў нагах і руках, расстройства і думка: «Блін, бедны Андрэйка».

Але — пару дзён кропельніц, таблетак і пасцельнага рэжыму (з матрацам!) у бальніцы СІЗА, і мой каханы ўжо не толькі ацаніў Лася з кампаніяй, але і натхніўся:)

«Лось з пірагамі» прыляцеў у другім ці трэцім лісце.

Натхніцеся і вы.

Век так не будзе. Перажывём і яшчэ больш умацуемся.

  • Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко знаходзяцца за кратамі з 8 ліпеня 2021 года.
  • 15 сакавіка яны былі асуджаныя да двух з паловай гадоў калоніі праз абсурднае абвінавачванне ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненае групай асобаў па папярэдняй змове, у буйным памеры».
  • У красавіку нашаніўцаў перавялі ў СІЗА Магілёва. Яны будуць знаходзіцца там на час разгляду апеляцыі.

Падтрымайце Андрэя і Ягора лістамі:

СТ-4, Магілёў, вул. Крупскай, 99А, 212011.

Скурко Андрэю Генадзевічу,

Марціновічу Ягору Аляксандравічу.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам21

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

Былога кіраўніка «фабрыкі троляў» Прыгожына ў Расіі прысудзілі да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму

«Цяпер зброя вайны — клавіятура». Брытанія выдаткуе 1 мільярд фунтаў на мадэрнізацыю кібервойскаў

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»12

«У жыцці кожнага бывае апатыя». Кацярыну Казнадзей знайшлі10

Дзіўную гарачую пляму на полі заўважылі пад Брэстам4

Бэнксі прэзентаваў новую працу, але не сказаў, дзе знаходзіцца1

Сёння пачынаецца суд над Нінай Багінскай7

Каб зняць прапагандысцкі кліп, прыдворны кампазітар Алейнік выцягнуў літаральна з-пад кропельніцы 86-гадовую бабулю11

У ДТЗ у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам21

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць