Я ўжо неаднаразова казаў, што Пуцін не можа спыніць вайну, не прадставіўшы расіянам нейкага падабенства перамогі ў ёй. Я зыходзіў з таго, што пуцінская легітымнасць у апошнія гады трымалася выключна на здагадцы, што ён моцны і заўсёды перамагае, так што калі цяпер раптам высветліцца, што вораг аказаўся мацнейшы і перамагчы яго Пуцін не змог, то ад гэтай легітымнасці нічога не застанецца.

І вось я задумаўся: а ці не занадта лінейна я думаў? Хіба граматны таймінг не здольны змяніць успрыманне? Давайце пафантазіруем.

Галавакружэнне ад поспехаў

Уявім, што дачакаўшыся моманту, калі вайна стане па-сапраўднаму непапулярнай і соцыум будзе марыць толькі пра тое, як бы яму вярнуцца да мірнага жыцця,

Пуцін раптам рэзка дасць «ястрабам» па руках, абвінаваціўшы іх у «перагінах на месцах», «галавакружэнні ад поспехаў» і «лявацкіх заскоках». Ці не акажацца ён тады зноў у выйгрышы?

У рэшце рэшт, адмову ад спачатку абвешчаных лозунгаў таксама можна лічыць праявай сілы. «Я гаспадар свайго слова: Я даў, я і назад узяў». Тэарэтычна, нават выбарчую кампанію 2024 года можна будзе правесці пад лозунгам «нармалізацыі», выдаўшы большую частку таго, што адбываецца, за адхіленне ад генеральнай лініі партыі. Гэта як оруэлаўская Акіянія раз на чатыры гады мяняла ворага з Остазіі на Еўразію і наадварот, кожны раз робячы зачыстку гістарычнай памяці і фармуючы новую ідэалагічную канструкцыю, у рамках якой ранейшы вораг аб'яўляўся сябрам, а сябар — ворагам.

Пра сталінскі тэзіс пра галавакружэнне ад поспехаў, выкарыстоўваючы які правадыр дыстанцыяваўся ад рашэнняў, прынятых ім самім, але якія пасля аказаліся няўдалымі, я ўжо згадаў. А можна, напрыклад, яшчэ Леніна ўспомніць. Ён таксама як мінімум двойчы рабіў развароты, падчас якіх нядаўна абвешчаныя ім догмы адмяняліся ім жа самім.

Першы выпадак — гэта адмова ад байкоту выбараў у Дзяржаўную думу, якая здарылася ў 1906 годзе. Ленін пайшоў на гэта, калі зразумеў, што рэвалюцыя адкладаецца і ад тактыкі бліцкрыгу трэба пераходзіць да зацяжной барацьбы, у якой прыйдзецца задзейнічаць у тым ліку і легальныя інструменты.

Другі кейс — гэта НЭП. Абвяшчаючы яго, Ленін публічна прызнаў, што курс на яго азначае частковую рэстаўрацыю капіталізму — рэч не самую прыемную, але жыццёва неабходную.

Абодва згаданыя выпадкі спарадзілі шмат размоў аб «здрадзе ідэалам» і «выраджэнні рэвалюцыі», радыкалы былі незадаволеныя, аднак Ленін з праблемай справіўся і ўладу ўтрымаў.

Ужо згаданы Оруэл вельмі добра апісаў усё гэта ў сваім эсэ «Літаратура і таталітарызм», якое пабачыла свет у чэрвені 1941 года: «Ёсць некалькі карэнных адрозненняў паміж таталітарызмам і ўсімі артадаксальнымі сістэмамі мінулага, еўрапейскімі, таксама як і ўсходнімі. Галоўнае з іх тое, што гэтыя сістэмы не мяняліся, а калі мяняліся, то павольна. У сярэднявечнай Еўропе царква паказвала, у што верыць, але хаця б дазваляла трымацца адных і тых жа вераванняў ад нараджэння да смерці. Яна не патрабавала, каб сёння верылі ў адно, заўтра ў іншае. <…> Таталітарызм азначае проста супрацьлеглае.

Асаблівасць таталітарнай дзяржавы такая, што, кантралюючы думку, яна не фіксуе яе на чымсьці адным.

Вылучаюцца догмы, якія не падлягаюць абмеркаванню, аднак змяняюцца з дня на дзень. Догмы патрэбныя, паколькі трэба абсалютнае падпарадкаванне падданых, аднак немагчыма абысціся без карэктываў, якія дыктуюцца патрэбамі палітыкі тых, хто трымае ў руках уладу. Абвясціўшы сябе бязгрэшнай, таталітарная дзяржава разам з тым адкідае само паняцце аб'ектыўнай ісціны. Вось відавочны, самы просты прыклад: да верасня 1939 года кожнаму немцу ставілася ў абавязак адчуваць да рускага бальшавізму агіду і жах, пасля верасня 1939 года — захапленне і гарачае спачуванне. Калі паміж Расіяй і Германіяй пачнецца вайна, а гэта вельмі верагодна ў найбліжэйшыя некалькі гадоў, з непазбежнасцю зноў адбудзецца крутая змена. Пачуцці немца, яго любоў, яго нянавісць пры неабходнасці павінны імгненна замяняцца на супрацьлеглыя».

Ваяр ці мудры старац?

Некалькі гадоў таму лаяльныя палітолагі ўжо пачыналі разважаць пра трансфармацыі вобраза Пуціна з «ваяра» ў «мудрага старца», і я з гэтай нагоды тады пасмейваўся. Цяпер думаю: а раптам ва ўмовах ваеннага шоку згаданая трансфармацыя сапраўды стане магчымай?

Вось уявіце, аб'яўляе Пуцін пра далучэнне новых рэспублік, а потым кажа: «Паколькі асноўныя мэты спецаперацыі дасягнутыя, прыйшоў час разабрацца з якасцю выканання задач, якія стаялі, з унутранымі праблемамі. Тая няпростая сітуацыя, у якой апынулася наша краіна, з усёй відавочнасцю прадэманстравала, што іх — гэтых праблем — нямала. Ад шапказакідальніцкіх настрояў часткі апарата — да адкрытага непрафесіяналізму, няздольнасці выбудаваць сістэмную працу ведамстваў і негатовасці арганізоўваць усё па-новаму з улікам зменлівых абставін. Асабліва шмат прэтэнзій да сілавых ведамстваў і прапагандысцкага апарату…»

Усё, пасля гэтага можна спакойна біць па шапцы за «перагібы», апелюючы да банальнага здаровага сэнсу — балазе, у апошні час ён парушаўся столькі разоў і такім відавочным чынам, што спрачацца з прэзідэнцкай крытыкай не зможа ніхто.

Нацыя літаральна вочы расплюшчыць ад здзіўлення: «А сапраўды ж! Чаго гэта мы?! Што гэта за морак быў?! Мы ж быццам бы прыстойныя людзі, а паводзілі сябе як фашысты нейкія! Дзякуй богу, прэзідэнт у нас мудры, разабраўся, што да чаго».

Некалькі дзясяткаў чалавек, вядома, прыйдзецца пасадзіць, сотню-другую на пенсію адправіць, але для моцнага лідара хіба гэта праблема?

Я не буду цяпер са стоадсоткавай упэўненасцю казаць, што такі разварот абавязкова прынясе жаданы вынік. Каб сцвярджаць гэта, спачатку трэба правесці фокус-групы. Тым не менш, магу выказаць здагадку, што калі цяперашнія няўдачы на фронце працягнуцца, то

згаданы манеўр — нягледзячы на ўсе рызыкі, якія ён з сабой нясе, — у нейкі момант можа аказацца для Пуціна адзіным магчымым варыянтам. Чым цяжэйшая сітуацыя ва Украіне, тым больш здаецца, што іншага выйсця ў яго няма.

Клас
29
Панылы сорам
19
Ха-ха
38
Ого
11
Сумна
7
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
( • ) / Адказаць
31.07.2022
Одурманенные рабы и холопы все схавают.
0
Лютик / Адказаць
01.08.2022
Одурманенные рабы и холопы придумывают как барину сделать вид что он не обоср..лся
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру