Грамадства66

«Мама прасіла тату сысці з палітыкі». Дачка Рыгора Кастусёва пра бацькаву няволю ды трывожныя навіны з-за кратаў

«Звяртацца да Лукашэнкі і прасіць літасці тата не будзе. Ён ужо столькі нацярпеўся за час няволі, што мог бы даўно аблегчыць сабе жыццё, пайшоўшы на супрацоўніцтва са следствам. Але прызнавацца яму няма ў чым», — кажа Галіна Антончык, старэйшая дачка Рыгора Кастусёва. Сёння пракурор запрасіў для палітыка 12 гадоў калоніі. У гутарцы з «Нашай Нівай» Галіна апавядае пра сям'ю, дзяцінства, бацькавы прынцыпы ды трывожнае расставанне.

Фота: БелТА

Палітык Рыгор Кастусёў — фігурант справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Яе разглядае Вярхоўны суд.

На адным з судовых пасяджэнняў пракурор зачытаў «чыстасардэчнае прызнанне» Кастусёва, адрасаванае старшыні КДБ Івану Церцелю. На судзе палітык даводзіў, што тое зрабіў праз ціск следства, затрымліваліся ягоныя дачка і зяць.

«Калі тваю сям'ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна», — тлумачыў ён.

Разбуранае гняздо Кастусёвых

У Рыгора Кастусёва вялікая сям’я. З жонкай Ларысай ён мае траіх дзяцей. Яны ўжо дарослыя.

Фота тут і далей: асабісты архіў сям'і

Старэйшая Галіна цяпер у Польшчы. Яе сям’я вымушана была зʼехаць з Беларусі пасля арышту бацькі.

Яшчэ адна дачка Кацярына ў Магілёве. Яна апякуецца зняволеным бацькам. Сын Андрэй даўно ў Польшчы і вяртанне ў Беларусь для яго небяспечнае. Ён удзельнічаў у моладзевых акцыях пратэсту, быў сярод абаронцаў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў 2006-м. 

У Андрэя ў снежні 2020 года нарадзіўся сын, малодшы ўнук Кастусёва. Дзед яго бачыў толькі на фотаздымках, бо праз кавідныя абмежаванні не мог выбрацца з краіны. Не быў на сынавым вяселлі. Збіраўся ў адведкі да яго ўлетку 2021 года, але трапіў у турму.

Пасля зняволення Рыгора Кастусёва на допыт у міліцыю вазілі яго жонку Ларысу. Бацькоўскі дом, у якім жылі Кастусёвы, цяпер пад арыштам.

У доме старэйшай дачкі Галіны быў ператрус. Па яе словах, «падазрона часта да іх стаў наведвацца ўчастковы». Яна лічыць, што за бацькам арыштавалі б і мужа. Зміцер Антончык у Шклове быў прыкметнай асобай, публічна выказваў свае погляды.

Галіна з мужам наважыліся зʼехаць з Беларусі, не чакаючы яшчэ адной бяды. У іх чацвёра дзяцей.

Галіна Антончык з дзецьмі

«Напачатку нам вельмі хацелася вярнуцца. Але і праз год, мы не можам паехаць на Радзіму нават у госці…» — са скрухай адзначае Галіна.

Яна скончыла філалагічны факультэт Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. Па адукацыі Галіна настаўніца.

Пра сябе кажа, што ейнае жыццё занятае дзецьмі і хатнім клопатам.

Галіна з пачаткам суду над бацькам стала «медыйнай асобай». Гэта роля, як яна прызнаецца, ёй не падабаецца. Асабліва пытанні пра чаканні ад суду. Яна кажа, што спадзеваў на літасць у яе няма, бо вырак толькі агучыць суд, а напісаны ён будзе ў іншым месцы.

Кастусёў хацеў, каб у сям’і былі не толькі дзеўкі, але і хлопец…

У Галініных успамінах з дзяцінства бацька заўжды быў у працы і дадому вяртаўся пад вечар. Яна кажа, што «тата шмат часу аддаваў працы, робячы ў Цяхціне інжынерам, а калі стаў дырэктарам саўгаса і начальнікам шклоўскай камунальнай гаспадаркі, то службовыя абавязкі яму наогул не давалі продыху».

Увечары ён праглядаў навіны па тэлебачанні і ў газетах. Сачыць за падзеямі ў свеце было для яго абавязковай справай.

«Калі жылі на вёсцы, то мелі невялікую гаспадарку з кавалкам зямлі. Калі ж пераехалі ў Шклоў і абжыліся ў кватэры, то тата нават лецішча не набываў. Ягоныя бацькі старэлі, трэба было ім дапамагаць. Таму, як толькі цяплела, мы выпраўляліся на вёску да зямлі. Кожныя выходныя да лістапада там прападалі», — згадвае Галіна.

Цяхцін — родная вёска Рыгора Кастусёва на Бялыніччыне. Непадалёк ад яго паселішча Крынкі, дзе нарадзіўся знакаміты мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Кастусёў у сваёй вёсцы скончыў школу, выправіўся ў войска, а дэмабілізаваўшыся, пачаў кар’еру аграрніка. У Шклоў Кастусёвы перабраліся пасля аварыі на Чарнобылі. Мясціны, дзе жылі Кастусёвы, накрыла радыяцыя, і ў дзяцей стала кепска са здароўем.

На летнія канікулы дзвюх сясцёр Галіну і Кацярыну выпраўлялі дапамагаць у вёсцы бабе і дзеду. Дзяўчатам давяралі прыглядаць свойскую жывёлу і нават жаць сярпом, а зжатае складаць у снапы. Брат быў у школьным летніку, пакуль бацькі працавалі.

«З Беларусі мы амаль нікуды не выязджалі. Бацькі толькі аднойчы адпачывалі разам у Адэсе. Я ўпершыню паехала на мора амаль у 29 гадоў, калі выйшла замуж і на ўзмор’і правяла з мужам мядовы месяц», — апавядае Галіна.

Па яе словах, бацька хоць і быў занятым, але знаходзіў час на забавы з дзецьмі. Вазіў іх у Хатынь. Галіне, аднак, больш запомніліся шпацыры з бацькам на Друць, у якой купаліся пасля дня сялянскай працы. Ён вучыў дачку ездзіць на ровары і бегаў побач, пакуль яна не асвоіла яго.

Вадзіў Кастусёў дзяцей у бярэзнік па венікі і паказваў, як іх нарыхтоўваць для лазні. Узімку натхняў скакаць пасля парылкі ў снег. Галіна з сястрой упадабалі гэты занятак, а бабця жартавала, што гурбаў у двары менела пасля іх уцехаў.

«Для мяне тата, як і для іншых дзяцей іхныя таты, з добрымі якасцямі і хібамі. Такі звычайны тата… Да нас траіх бацькі ставіліся аднолькава, не вылучалі некага аднаго. Калі б трэцім нарадзіўся не доўгачаканы сын, а зноў дачка, то нас магло б быць чацвёра, а мо і пяцёра», — адзначае Галіна.

«Мама прасіла тату, калі выйшаў на пенсію, сысці з палітыкі»

Рыгора Кастусёва забралі са шклоўскай кватэры 12 красавіка 2021 года. Яму не далі развітацца з роднымі, але ён паспеў паведаміць па тэлефоне старэйшай Галінінай дачцэ, што «ў яго важныя госці». Паводзіны дзеда здзівілі дзяўчынку, і яна запытала ў маці, што магло здарыцца. Спробы дазваніцца да яго аказаліся марнымі. Дзедаў тэлефон не адказваў.

«У кватэры не было прыкмет ператрусу. Нібы тата выйшаў у краму і хутка вернецца. Мы не маглі нават уявіць, што чакае нас наперадзе. Былі спадзяванні, што раніцай знойдзецца. Аб 11-й вечара мне пазванілі і паведамілі, што тата ў мінскім СІЗА КДБ», — згадвае Галіна.

Ларыса і Рыгор Кастусёвы

Сям’я амаль тыдзень не ведала, што адбываецца. Адваката не дапускалі, перадачы не прымалі. Родныя даведаліся пра абставіны справы з паказанага па АНТ фільму. У ім паведамлялася, што Кастусёва вінавацяць «у спробе ўчыніць узброены мяцеж» і «забіць Лукашэнку».

«Фільм паказалі 17 красавіка, акурат на дзень народзінаў таты. Такі падарунак быў ад Лукашэнкі. Мы зразумелі, што хутка ўсё гэта не скончыцца. Я шкадавала, што ў жніўні 2020-га народ не выстаяў. Калі б перамог, то Беларусь не мела б столькі вязняў і ўцекачоў. Шкадавала, што тата не прыслухоўваўся да парадаў маці», — згадвае эмоцыі ад асэнсавання сітуацыі з Кастусёвым яго дачка.

«Да Лукашэнкі звяртацца не будзе»

Рыгор Кастусёў у 1982 годзе скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Падчас вучобы пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У 1988-м дапамагаў стаць яму дэпутатам Вярхоўнага савету СССР. У 1990 годзе дапамог абрацца ў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання, які абвясціў незалежнасць Беларусі.

Праз несупадзенне поглядаў на перспектывы развіцця Беларусі шляхі Кастусёва з Лукашэнкам разышліся. Кастусёў стаў сябрам Беларускага Народнага Фронту і ўзначальваў спачатку шклоўскую суполку БНФ, а пазней магілёўскую абласную структуру гэтай арганізацыі.

Галіна Антончык лічыць, што «Лукашэнка не можа іначай кіраваць народам, акрамя як гвалтам, запалохваннем і арыштамі». Па яе словах, маці папярэджвала бацьку, каб той з такімі людзьмі, як Лукашэнка, і набліжанымі да яго чыноўнікамі, не звязваўся, бо «ў іх няма правілаў». Калі ж бацька выйшаў на пенсію, то наогул прасіла яго сысці з палітыкі, адчуваючы нядобрае.

Зміцер Антончык з дзецьмі

«Тата быў упэўнены ў законнасці сваіх слоў і дзеянняў. Лукашэнка ж, як стаў прэзідэнтам, пераследаваў тату. Калі быў дырэктарам шклоўскага камунгаса, яго неаднаразовыя спрабавалі пасадзіць ці зняць з пасады. Ну, напрыклад, за хабар. Але кампрамату на тату так і не назбіралі. Тады проста сказалі: «Звальняйся сам, бо ўсё адно што-небудзь прыдумаем і пасадзім», — апавядае Галіна.

Сам Рыгор Кастусёў казаў, што падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе яго запрашалі ў каманду Лукашэнкі, але ён адмовіўся. Кіраваць шклоўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркай Кастусёва прызначылі ў 1995 годзе, калі ён быў сябрам апазіцыйнай арганізацыі.

У 2000-м, калі райцэнтр рыхтавалі да «Дажынак», праца Кастусёва была пад асаблівым кантролем. Па сканчэнні фестывалю яго выклікаў следчы, спрабаваў вінаваціць у злоўжываннях, але доказаў таму не было.

У 2001 годзе Рыгору Кастусёву ўсё ж давялося звольніцца. Ён працаваў у розных камерцыйных арганізацыях, у якіх узнікалі праблемы з кантрольнымі органамі і яго звальнялі.

«Звяртацца да Лукашэнкі і прасіць літасці, думаю, тата не будзе. Ён ужо столькі нацярпеўся за час няволі, што мог бы даўно аблегчыць сабе жыццё, пайшоўшы на супрацоўніцтва са следствам. Але прызнавацца яму няма ў чым.

Ён не вінаваты і не аднойчы сам пісаў аб гэтым. І ў сваіх самых першых лістах паведаміў, што ў тым фільме з нібыта яго прызнаннямі — нарэзка. Упэўнена, што і мама будзе супраць такога звароту», — адзначае Галіна.

«Цешыліся, што жывы…»

Галіна першы раз убачыла бацьку за паўтара года няволі на фотаздымках з пасяджэння суду 29 ліпеня. Яна не можа падабраць словаў, каб пераказаць тыя пачуцці. Бацька выглядаў дужа схуднелым. Нявольніцтва асабліва цяжка сказалася на ім і Фядуце, заўважае яна.

«Але ж жывы… Улічваючы ўзрост, умовы зняволення і, галоўнае, стан здароўя, мог суду і не дачакацца… Адразу адправіла здымкі маме. Пасля выйшла з ёю на відэасувязь. Адна адну супакойвалі, але стрымаць слёз было проста немагчыма. Позна ўвечары, калі дзеці спалі, перачытвала навіны, зноўку пераглядвала здымкі і плакала. Бо эмоцыі бралі верх», — згадвае Галіна.

Рыгор Кастусёў з сынам Андрэем

Наймацнейшы ўдар сям’я Кастусёва атрымала, калі ў яго ў няволі дыягнаставалі анкалогію. Просьбы змяніць меру стрымання пакідалі без задавальнення. Турэмныя медыкі супакойвалі, што стан здароўя зняволенага пад іхным кантролем. Аперацыю адмовіліся рабіць, бо высветлілася, што пухліна завялікая і канстатавалі: будзем назіраць.

Галіна Антончык упэўненая: калі б своечасова аказалі належную медычную дапамогу, то далі б рады. Па яе словах, за першыя паўгода ўтрымання ў СІЗА бацька займеў «цэлы букет хваробаў і належнага лекавання не было».

«Дзякуючы ўколам, якія параілі знаёмыя дактары, стан здароўя крыху нармалізаваўся. У сваіх лістах апошніх піша, што адчувае сябе значна лепш, чым раней. Хвароба, вядома, нікуды не знікла. Але хаця б зніклі моцныя болі, якія не давалі яму спаць начамі».

Галіна прызнаецца, што даведаўшыся пра рак былі думкі: «А ці пабачымся мы яшчэ…»

Кастусёў пра бэтэшныя фільмы: Нагаварылі абы чаго, што ажно вушы вянуць!

Галіна кажа, што бацькавы лісты даходзяць да родных дужа рэдка. Бывае, што іх няма па некалькі тыдняў. Перад пачаткам судовага працэсу ліставанне наагул перарвалася. 

«У лістах ён цікавіўся, як растуць унукі, як мама спраўляецца адна з агародам, жыццём і здароўем знаёмых», — апавядае Галіна.

«Найчасцей сам ён пісаў, што ў яго асабліва навінаў няма, бо ніякіх следчых дзеянняў з ім даўно не праводзілася, — працягвае яна. — Пісаў, што «марнуе час і здароўе, чакаючы невядома чаго».

Адзначаў, што стаў згадваць нямецкую мову, якую вучыў яшчэ ў школе і акадэміі. Узяўся складаць вершы. Дасылаў вершаванае віншаванне маці на дні народзінаў».

У СІЗА ў Кастусёва сеў зрок, бо ў камеры амаль адсутнічае дзённае асвятленне. Палітык стараўся найхутчэй азнаёміцца са справай, каб перавялі на Валадарку, бо там лепей умовы, даступны доктар і дзённае святло. Праз некаторы час нават зрок аднавіўся.

Рыгор Кастусёў з дачкой Галінай

Пра падзеі ў краіне і свеце Кастусёў даведваецца з выпускаў навінаў па БТ і газеты «СБ».

«Напісаў у апошнім лісце за 17 жніўня: «Беларускае тэлебачанне не забывае пра нас. Амаль кожны дзень паказвае рэпартаж. А ў мінулым нагаварылі зусім абы чаго, што ажно вушы вянуць!» — кажа Галіна і дадае: — Кожны свой ліст бацька заканчвае: «Усё будзе добра! Прарвёмся! Да сустрэчы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Сава
    30.08.2022
    Вось улада так улада, амаль усе кандыдаты розных часоў былі ў няволі.
  • Яснавяльможны
    30.08.2022
    І Кастусёў і Фёдараў, тагачасныя кіраўнікі БНФ на Магілеўшчыне падтрымлівалі Лукашэнку, бо лічылі што гэта прахадная фігура на выбарах, што ня трэба па шклоўскай вылучаць бнфаўца, іх крытыкавалі , спрачаліся, але яны ляпілі свае. Ну вось і разьлік. Ніколі нельга ісьці супраць сумленьня.
  • Valadzimir
    30.08.2022
    Nord, мне здаецца, што за гэта асуджаць Костусева ніяк нельга. Бо будучага ніхто не ведае, і пра гэта ёсьць шмат пагаворак. 
    Мяне значна больш зьдзіўляе тое, як маглі ён і Федута, людзі, здаецца, у палітыцы вельмі дасьведчаныя, так жэстачайшэ падставіцца пад гэты "заговор" -  што іх, "як пацаноў", банальна "развелі" заакіянскія борцуны Шчыгельскі і Ко.

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў4

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Усе навіны →
Усе навіны

Рэктар БДУ пра жонку: У нас цывілізаваныя дагаворныя адносіны8

У Стаўрапольскім краі РФ выбухнуў ларок з феерверкамі ВІДЭА1

Самалёт ЗША падбілі «сяброўскім агнём» над Чырвоным морам1

«Гэта літаральна зрывае дах!» Тэлевядучая Люцыя Герашчанка распавяла пра паездку ў Індыю з сынам7

Ужо тыдзень у Расіі не могуць знайсці мужчыну, які забіў паліцэйскага, а пасля згвалціў і забіў яго маладую жонку12

«Скралі тры партсігары, тры курткі». Віцебскі губернатар абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару3

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года69

Афіцыйна пацвердзілася трагічная прычына смерці хакеіста Уладзіміра Цыплакова1

Ідэя на падарунак — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў4

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Галоўнае
Усе навіны →