«Бансай прыйшлося закапаць на лецішчы ў бацькоў». Як беларусы з’язджалі за мяжу без любімых раслін
Рэпрэсіі ў Беларусі змусілі многіх эміграваць цэлымі сем'ямі. Людзі пакідалі ўсё — у тым ліку вазоны з кветкамі, з якімі ў многіх звязаныя і ўспаміны, і любоў. Але ж кожны верыць у вяртанне. «Наша Ніва» распытала ў чытачоў, як яны захоўваюць свой зялёны набытак.
Адна з нашых чытачак, Кацярына (імя змененае), усё жыццё любіць кветкі і расліны. Жанчына жыла ў невялікай кватэры пад дахам пяціпавярховіка ў адным са спальнікаў сталіцы, і ўжо немаладою завяла дома шмат кветак. Кацярына натхнёна расказвае, што кожны куток, падаконнік і кожная паліца ў яе былі ў кветках: «Розныя архідэі, сукуленты, фікусы, кодыумы, гіпераструмы, пеларгоніі, фіялкі, катарантусы — раслі ўсе».
Потым жанчына вырашыла яшчэ і ўпрыгожыць лапік зямлі ля пад’езда. Яна стварыла там кампазіцыі з камянёў і раслін, для чаго купляла на Камароўцы і ў крамах цікавыя кветкі: лілеі, вяргіні, лаванду, ружы і клематысы.
А потым надышлі падзеі 2020-га, пасля якіх жанчына вырашыла змяніць месца жыхарства.
У выніку яе кветкі раз’ехаліся па ўсёй Беларусі: самы вялікі фікус пад столь забрала суседка, самыя далікатныя апынуліся дома ў мінскай сяброўкі Кацярыны. Частку жанчына перадала сяброўцы ў цэнтр дзіцячай творчасці ў раённым гарадку, некаторым кветкам знайшла гаспадароў праз тэматычныя групы ў фэйсбуку. Клумбу, створаную жанчынай, цяпер даглядаюць суседкі.
Іншы чытач, Іван, яшчэ да пераезду за мяжу стаў вывучаць магчымасці, як пакідаць расліны на доўгі час. Кветак у мужчыны багата — ад звыклых фікусаў і алоэ да больш незвычайных гранатаў і авакада. Аднойчы, калі трэба было з’язджаць на адпачынак, Івану давялося вырашаць пытанне з паліваннем раслін.
Дапамагла сістэма аўтапалівання: яна працуе цалкам самастойна, трэба толькі раз на некалькі месяцаў падліваць ваду.
Толькі адзінкі самых слабых раслін не перажылі пераход на аўтапаліў.
Пасля падзей 2020-га Іван пачаў раздумваць пра пераезд. Пачатак вайны ва Украіне стаў для мужчыны апошняй кропляй, бо было незразумела, забяруць яго на вайну ці не. Пераязджаць давялося хутка — на зборы беларус меў 1—2 дні, таму браў з сабой толькі самае каштоўнае, і любімыя расліны проста не ўлезлі ў машыну. Але ж аўтапаліванне працуе, і мужчына адчувае сябе збольшага спакойным за кветкі. На крайні выпадак, тлумачыць Іван, можна будзе іх пазней перадаць у добрыя рукі.
Некаторым беларусам знайсці новы дом для раслін дапамагаюць мясцовыя чаты. Так здарылася з Настассяй, якая пераехала ў іншую краіну ў канцы лютага гэтага года, але ж сам пераезд рыхтавала некалькі месяцаў.
За тры месяцы да ад’езду жанчына зрабіла фота ўсіх кветак, выставіла іх у чаце і прадала частку з іх за сімвалічныя грошы: напрыклад, фікус і малачай хутка знайшлі новых гаспадароў. Іншыя расліны — філадэндрон, сінгоніумы і бягоніі — Настасся раздала сваякам і сябрам, і расказвае, што кветкі ў новых умовах адразу ж пачалі хварэць. Частку кветак беларуска пакінула новым гаспадарам кватэры, а некаторыя — юку ў чалавечы рост і пеларгоніі — выставіла на лесвічную пляцоўку.
Каб перавезці расліны ў ЕС, трэба атрымаць фітасанітарны сертыфікат, і звычайныя рэлаканты вельмі рэдка на гэта ідуць. Але часам людзі, нягледзячы на рызыку, усё-такі перавозяць з сабой расліны, Настасся так і зрабіла. Яна ўзяла з сабой парасткі некалькіх раслін, загарнула іх у пакет і паклала сярод вопраткі і кніжак.
Не ўсе гісторыі пераезду з раслінамі пазітыўныя. Наш чытач Андрэй (імя змененае) расказвае, што да пераезду меў шмат раслін і ў доме, і ў садку ля яго: вырошчваў кветкі, дрэвы бансай. Калі давялося з’язджаць, частку з іх атрымалася раздаць знаёмым і тым, хто вырошчвае расліны, але не ва ўсіх выпадках кветкам удалося знайсці гаспадароў — у сяброў і знаёмых мужчыны ўжо не было месца, каб прымаць новых гадаванцаў.
У выніку шмат раслін загінула. Дрэвы бансай, як расказвае мужчына, увогуле прыйшлося закапаць на лецішчы ў бацькоў, забраць з сабой расліны ў мужчыны не атрымалася. Частка з раслін загінула, бо засталася ў Андрэя на працы, дзе не было каму іх даглядаць.
Іншай чытачцы, Ганне, больш пашчасціла: сваю калекцыю з амаль 50 раслін яна падзяліла паміж сябрамі, суседкай па кватэры і офісам маці. Адну вялікую манстэру беларуска прадала праз інтэрнэт, і цяпер кветка жыве ў адной з мінскіх кавярняў.
Нягледзячы на развітанне з калекцыяй, ад любові да раслін Ганна не адмовілася: пасля паўгода ў Варшаве дзяўчына пачала набываць кветкі, і цяпер у яе ў пакоі ўжо чатыры расліны.
Абмен раслінамі, барахолкі і перавозка па парастках
Пра тое, што рабіць з раслінамі, калі пераязджаеш, блог «Праект 1906» пагутарыў з Аляксандрай, кіраўніцай праекта «Душа Ботаника». Гэтая ініцыятыва некалі вырасла з арт-прасторы, дзе ладзіліся мерапрыемствы і майстар-класы.
Гэтую прастору супрацоўніцы праекта зрабілі дужа зялёнай, напоўнілі яе вялікай колькасцю раслін. Праз гэта супрацоўніцы праекта ўзялі на сябе праблему раслін і дапамогі людзям з імі, тым больш што сама Аляксандра — эколаг па адукацыі і раслінамі займаецца ўсё жыццё. Таму і свой праект яна ператварыла ў кансультацыйны: пачала расказваць, як даглядаць расліны і як знайсці новага гаспадара для расліны, якая табе больш не патрэбная.
Спачатку «Душа Ботаника» Аляксандры працавала выключна ў Мінску, але з часам дзяўчына вырашыла паехаць з краіны. Незадоўга да гэтага беларуска сабрала каманду дзяўчат, якія, як і яна сама, любяць расліны і гатовыя падказаць, як іх даглядаць, гэтая ж каманда працягвае працаваць і цяпер. Сама Аляксандра цяпер жыве ў Вільні, яшчэ адна супрацоўніца праекта — у Варшаве, таму праект, як кажуць дзяўчаты, пашырыўся яшчэ на дзве еўрапейскія сталіцы.
Аляксандра, калі ёй давялося пераязджаць, вырашыла не шукаць магчымасці атрымаць той фітасанітарны сертыфікат, што дазваляе ўвезці кветкі ў ЕС. Таму ёй давялося шукаць тых, хто здолее прыняць расліны з яе багатай калекцыі. І — добрая навіна: калі ў вас няма сваякоў ці знаёмых, якія б прынялі вашы расліны ў дар, зусім не абавязкова закопваць іх ці выкідваць.
Аляксандра расказвае, што ёсць арганізацыі, куды можна перадаць непатрэбныя расліны.
Некалі іх прымаў, напрыклад, дабрачынны праект KaliLaska, але цяпер лепш удакладніць у праекта, ці гатовыя яны прымаць расліны.
Аляксандра тлумачыць: «Калі я з’язджала, супрацоўнікі ўжо не надта ахвотна прымалі расліны, бо ім не было потым куды іх перадаваць, але такі варыянт яшчэ існаваў. Нейкую частку раслін KaliLaska пакідалі ў сваёй краме, нешта забіралі сабе супрацоўнікі крамы, а самыя слабыя расліны мы забіралі ў наш праект на лячэнне і потым уладкоўвалі далей».
Можна звярнуцца ў мінскі праект Biblio.plant, які ладзіць абмен раслінамі, і праз яго знайсці новых гаспадароў сваім кветкам.
У гэтым праекце вам трэба будзе пакінуць фота расліны і спасылку на сябе, удакладніць, у якім раёне Мінска вы жывяце, і да вас прыедзе чалавек, якому прыглянецца ваша расліна.
Калі ж вы не маеце часу, то, расказвае Аляксандра, можна пісаць і ў «Душу Ботаника».
Дзяўчына гатовая дапамагчы: яна можа знайсці раслінам новы дом сярод тых аб’ектаў, якія некалі дзяўчыны дапамагалі азеляняць.
Іншыя варыянты — пакінуць аб’яву на Kufar.by, што шукаеце раслінам іншых гаспадароў, або, зноў жа, звярнуцца да знаёмых. Аляксандра запэўнівае, што на «Куфры» ёсць чытачы, якія спецыяльна сочаць за сайтам, каб знайсці расліны, і калі ставіць на расліну мінімальную цэну або прапаноўваць яе забраць бясплатна, кветка вельмі хутка знойдзе новага гаспадара.
Калі расліна ў дрэнным стане, хварэе, яе экспертка раіць проста выставіць у пад’езд — магчыма, нехта яе перахопіць. У некаторых краінах Еўропы, кажа Аляксандра, прынята пакідаць ля дамоў непатрэбную мэблю і прадметы ўжытку, таму, напэўна, можна так выставіць і расліны.
У выпадку, калі вы жадаеце перавезці расліну з сабой, Аляксандра нагадвае, што ў ЕС, куды часцей за ўсё перабіраюцца беларусы, цэлыя расліны ў вазонах можна законна перавезці толькі з наяўнасцю фітасанітарнага сертыфіката, атрымаць які даволі складана. А вось на парасткі і калівы сертыфіката не трэба, бо, згодна з фармулёўкай еўрапейскага заканадаўства, сертыфікат патрэбны менавіта пры перавозцы раслін у вазонах, а не зрэзаных кветак. Сукуленты, тлумачыць Аляксандра, спакойна пераносяць пераезд, а вось калі расліна мае выражаную каранёвую сістэму, варта абгарнуць яе корань вільготнай анучай і зверху яшчэ цэлафанавым пакетам, каб зрэз не засох. Пры першай магчымасці пастаўце парастак у ваду на новым месцы, а потым перасадзіце ў новы вазон.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
і ў людзей хоць час быў падумаць пра расліны... не ляцелі ракеты... не рушыліся дамы