Свет44

«Магчыма, ён ведае густы свайго кліента лепш». Чаму дзейнасць «кухара Пуціна» становіцца ўсё больш крывавай

Прыгожын — гэта хутчэй не кухар Пуціна, а афіцыянт «чего ізволіте?», які атрымлівае велізарныя грошы «на чай». І робіць ён усё толькі дзеля таго, каб Пуцін лепш яго бачыў і больш цаніў. Так мяркуе рэдактар «Медыязоны» Дзмітрый Трашчанін, які распавёў на ютуб-канале выдання, што стаіць за бізнэсам і матывамі заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына.

Рэстаранны бізнэс

Пераказваць крымінальную біяграфію Прыгожына савецкага часу няма вялікага сэнсу. Ён здзяйсняў страшныя, але банальныя для таго часу злачынствы. Быў злоўлены, адбыў пакаранне.

Пасля вызвалення Прыгожын паспрабаваў сябе ў гандлёвым бізнэсе. А ў 1996 годзе стаў рэстаратарам. Ён адкрыў рэстаран «Старая мытня» — першы па-сапраўднаму элітны ў Санкт-Пецярбургу. У 90-я рэстаран хутка стаў папулярным у гарадской эліты. Напрыклад, Ксенія Сабчак згадвала, як бывала ў «Старой мытні» «яшчэ маленькай дзяўчынкай»: «Добра памятаю Прыгожына, які выходзіць у залу, каб пагутарыць з кліентамі, як у Еўропе».

Відавочна, Ксенія была там з бацькам — мэрам горада Анатолем Сабчаком. Імаверна, у той час Прыгожын і пазнаёміўся з Пуціным, які быў намеснікам Сабчака.

Прыгожын адкрыў яшчэ некалькі рэстаранаў, у тым ліку адзін — на цеплаходзе. Там у кампаніі Пуціна ў 2001 годзе абедаў прэзідэнт Францыі Жак Шырак. А ў 2002-м — прэзідэнт ЗША Джордж Буш. У 2003 годзе Пуцін адзначаў на борце цеплахода свой дзень нараджэння.

Паралельна Прыгожын спрабаваў запусціць сеткавы фаст-фуд, але бізнэс не пайшоў. Затое на базе праекта Прыгожын запусціў кейтэрынг (паслуга выязнога абслугоўвання ў грамадскім харчаванні) і абслугоўваў ужо больш маштабныя імпрэзы: піцерскі эканамічны форум, інаўгурацыю Дзмітрыя Мядзведзева і іншае.

У 2008 годзе Прыгожын стаў уладальнікам рэстарана ў Маскве на тэрыторыі конна-спартыўнага комплексу на Рублёўцы. Менавіта там была зробленая знакамітая фатаграфія, пасля якой за Прыгожыным замацавалася мянушка «кухар Пуціна».

Фота: AP Photo / Misha Japaridze, Pool

Харчаванне ў арміі і школах

Ключавымі для Прыгожына сталі дзве падзеі, якімі ён таленавіта скарыстаўся — рэформы ў Мінабароны і адхіленне ад улады Лужкова.

Мэта сердзюкоўскіх рэформаў гучала разумна: трэба скараціць войска, але не за кошт змяншэння колькасці вайскоўцаў, а вывесці за штат грамадзянскія функцыі — карміць вайскоўцаў, апранаць іх, абслугоўваць вайсковыя часці павінны звычайныя камерцыйныя арганізацыі. Так з'явілася ніша, якую з цяжкасцю можна назваць рынкавай. За закупкі адказвае ТАА «Ваенгандаль». Арганізацыя размяркоўвае замовы сярод падрадчыкаў. І год за годам усё больш такіх падрадчыкаў аказваліся звязаныя з Прыгожыным.

Дзясяткі, калі не сотні, фармальна не звязаных адно з адным прадпрыемстваў атрымліваюць кантракты на абслугоўванне часцей па ўсёй краіне. «Медыязона» падлічыла, што за 8 гадоў кампаніі імперыі Прыгожына асвоілі мінімум 209 мільярдаў рублёў.

Гэтая сума дакладна не поўная. З 2017 года Дзмітрый Мядзведзеў, тады яшчэ прэм'ер-міністр, дазволіў не публікаваць вайсковыя дзяржзакупкі, менавіта таму невядома, што адбываецца на гэтым рынку цяпер.

200 з лішнім мільярдаў рублёў — жахліва вялікая сума: Крымскі мост абышоўся танней. Але дзяржкантракты, якія атрымлівае Прыгожын, ахопліваюць не толькі войска.

Яшчэ адзін бізнэс Прыгожына — сняданкі ў маскоўскіх школах.

Звязаны гэты поспех з палітычнай падзеяй, калі ў 2010 годзе ў адстаўку адправілі ўсёмагутнага мэра Масквы Юрыя Лужкова. Менавіта ў гэты час у маскоўскіх школах запусцілі рэформу, падобную да сердзюкоўскай у войску. Гатаванне ежы ў школах аддаюць на аўтсорс буйным падрадчыкам. Але падрады раптам перацяклі ад лужкоўскіх людзей структурам Прыгожына.

Па апошніх вядомых даных, пад кантролем кухара Пуціна было каля 90 % рынку школьнага харчавання ў Маскве.

Расследаванне вядомага выпадку масавага атручвання школьнікаў у Маскве вяла супрацоўніца Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль. Тут выявіліся ўсе таленты Прыгожына як піяршчыка, які ўмее выкарыстоўваць і якому падабаюцца брудныя прыёмы. Прыгожыну ўдалося заслаць падстаўную сведку, якая ў публічнай прасторы часткова разбурыла доказную базу расследавання. І піярам справа не абмежавалася.

Ледзь не загінуў муж Любові Собаль Сяргей Мохаў. Злачынец, злавіць якога так і не ўдалося, падбег да яго і ўкалоў шпрыц з нейкай вадкасцю. Выратаваць Сяргея Мохава ўдалося выпадкова — відавочцы аператыўна выклікалі хуткую.

Зразумела, дачыненне Прыгожына да гэтага нападу ніяк не даказанае.

Фабрыка троляў

Засваенне такой масы дзяржкантрактаў, безумоўна, дазваляе акумуляваць гіганцкія сумы.

Марнуе ён іх не толькі на стайні ў Еўропе, яхты (у яго іх як мінімум дзве) або бізнэс-джэты (іх у яго мінімум тры), але і ўкладвае грошы ў авантуры і злачынныя прадпрыемствы. Напрыклад, у медыяімперыю і фабрыку троляў.

«РИА ФАН» — самы раскручаны прыгожынскі медыярэсурс. Іншы знакаміты актыў Прыгожына — фабрыка троляў. Спачатку платныя каментатары пакідалі каментары толькі ў расійскіх медыя і ў сацсетках на рускай мове. Але ў нейкі момант не меншую актыўнасць яны сталі праяўляць на пляцоўках замежных медыя.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША ў 2016 годзе ўвага троляў пераключылася на сацыяльныя сеткі — Instagram, Twitter і Facebook. Паводле расследавання РБК, на кампанію сышло больш за 2 млн даляраў, а пасты груп пад кантролем фабрыкі троляў глядзелі да 70 млн чалавек на тыдзень.

Тролі разгойдвалі расавыя і рэлігійныя канфлікты, нават стварылі лжывы клон руху Black Lives Мatter і ад яго імя сабралі як мінімум адзін мітынг супраць паліцэйскага гвалту.

Наколькі гэты ўклад у радыкалізацыю быў важкім і ці паўплываў ён на канчатковы вынік выбараў, у гэтым эксперты разыходзяцца.

У любым выпадку рэакцыя амерыканскага боку дазволіла Прыгожыну прыпісаць сабе яшчэ адну перамогу: глядзіце, каго заўгодна магу абраць у прэзідэнты ў гэтай вашай Амерыцы.

ПВК «Вагнер»

У 2015-м імя Прыгожына ўпершыню звязалі з ПВК «Вагнер». Адкуль узялася ПВК і як яна апынулася пад кантролем Прыгожына, дакладна невядома.

Геаграфія прысутнасці вагнераўцаў пастаянна пашыралася. Спачатку яны з'явіліся ў Сірыі, потым у Судане, Лівіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Мазамбіку і г. д.

У Лівіі выявілася, што ў распараджэнні наймітаў ёсць не толькі стралковая зброя ці бранятэхніка, але нават штурмавая авіяцыя. Гэта ўжо падобна не да ПВК, а да прыватнай арміі. Такога, мабыць, няма нідзе ў свеце.

Такая дзейнасць Прыгожына прыцягвала ўвагу журналістаў, публікаваліся расследаванні. Група даследчыкаў, якія спрабавалі ўбачыць усё на ўласныя вочы, — Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка — прыехалі ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку і неўзабаве былі забітыя.

Паводле афіцыйнай версіі СК РФ, яны былі забітыя пры спробе абрабаваць. Пры гэтым асабістыя рэчы загінулых былі цэлыя, але знішчаныя ў пасольстве Расіі як незапатрабаваныя. Вядома, што ніхто з людзей Прыгожына па гэтай справе дапытаны не быў, а забойцаў так і не знайшлі.

ПВК «Вагнер» не ўдзельнічала спачатку ў вайне з Украінай. Але рэальнасць аказалася такой, што неўзабаве і найміты спатрэбіліся, прычым так моцна, што ў ПВК спачатку адмянілі чорныя спісы і сталі браць усіх запар, але і гэтага не хапіла.

Прыгожыну дазволілі вербаваць зэкаў, пра што стала вядома дзякуючы яму ж.

У сеціва было злітае відэа. Наўрад ці хтосьці з зэкаў або персаналу калоніі так рызыкнуў і зняў усю гэтую сцэну, а потым перадаў журналістам.

Хутчэй за ўсё, гэта відэа здымалася з ведама Прыгожына і па яго замове.

Па падліках «Медыязоны», вярбоўшчыкам Прыгожына ўдалося адправіць на фронт 23 тысячы зняволеных.

Такі вывад зроблены са статыстыкі службы выканання пакаранняў. Менавіта столькі зэкаў проста зніклі з сістэмы за верасень і кастрычнік.

Піяр і самапіяр

У сваіх публічных заявах Прыгожын ужо ўпіваецца роляй чалавека, які выйграе гэтую вайну. Яго ўплыў, відавочна, вырас, раз ён дазваляе сабе наезды на кіраўніцтва Міністэрства абароны.

Распавядаючы аб Прыгожыне цяпер, немагчыма не ўзгадаць пра забойства кувалдай, і варта нагадаць, што гэта ўжо не першае забойства такім жудасным чынам.

Папярэдняе пакаранне здарылася ў Сірыі — так распраўляліся з дэзерцірам з войска Башара Асада. «Новай газеце» ўдалося даказаць, што забойцамі былі вагнераўцы.

Першае відэа, хутчэй за ўсё, з'явілася выпадкова — найміты перасылалі яго адно аднаму.

Але новае відэа было знята наўмысна, прычым сувязь з Вагнерам амаль не хавалася. Яго перапосціў вагнераўскі тэлеграм-канал, а потым адбылася яшчэ і піяр-акцыя — адпраўка скрываўленай кувалды з сімволікай ПВК у Еўрапарламент, прычым у ролік быў уманціраваны і кадр са старога сірыйскага відэа.

У Прыгожына наогул своеасаблівае разуменне піяру і прапаганды. Акрамя медыяімперыі, на яго працуюць дзясяткі паліттэхнолагаў.

І чым больш вар'яцкія хады яны прыдумляюць, тым больш гэта падабаецца кухару Пуціна.

Любімая правакацыя Прыгожына — гэта яго смерць. Упершыню мы «страцілі» кухара Пуціна ў Афрыцы — у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга разбіўся стары савецкі транспартны самалёт з расійска-ўкраінскім экіпажам. Выданне Readovka (тады яшчэ яго сувязь з Прыгожыным не была відавочнай) са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што на борце быў і кухар Пуціна. Пасля гэтага Прыгожын не з'явіўся на публічным мерапрыемстве, дзе яго прысутнасць чакалася, але праз некаторы час ён як ні ў чым ні бывала ўваскрос.

Другая смерць Прыгожына здарылася нядаўна ва Украіне, у занятай вагнераўцамі Папаснай. Пад удар «хаймарсаў» трапіў будынак, дзе нібыта знаходзіўся штаб наймітаў. За пару дзён да таго там сапраўды пабываў Прыгожын. Чутку ўкінулі і яго актыўна абмяркоўвалі, а потым Прыгожын зноў прыехаў у Папасную, каб пераможна пазіраваць на руінах: вось я, нішто мяне не бярэ.

Многія рэчы, якія мы ведаем аб Прыгожыне, мы ведаем дзякуючы таму, што гэта ён захацеў зрабіць іх публічнымі.

«Я думаю, што публікацыі ў варожай ліберальнай прэсе — гэта найлепшы спосаб для яго расказаць аб сваіх поспехах і дасягненнях непасрэдна Пуціну. Навошта марнаваць мільёны даляраў на авантуры ў Афрыцы? Каб парадаваць Пуціна. Навошта трагічна паміраць у Афрыцы ці Папаснай? Каб Пуцін звярнуў увагу на цяжкую і небяспечную працу. Навошта забіваць зняволенага кувалдай?..

У гэтым і ёсць сапраўдны бізнэс Прыгожына. Ён імкнецца быць не толькі карысным, але і вельмі прыкметна карысным. Як дакучлівы і ненатуральна дагодлівы афіцыянт, які вельмі хоча атрымаць на чай.

Прыгожын — гэта «чего ізволіте?» Толькі вось стравы гэты кухар рыхтуе з кожным разам усё больш крывавыя. Магчыма, ён проста ведае густ і свайго кліента лепш за нас. Ну і затое напівак у яго вельмі салідны», — рэзюмуе журналіст.

Каментары4

  • Конец тупика
    07.12.2022
    Распутинщина есть не только в России, в путинской России, она - коллективной - пригожинско-кадыровско-золотовщинеской, так для Путина и россиян.
    В Беларуси, распутинщина - кочанова, массандра, тертель и упокоившийся макей, за которыми есть Б...г.
  • Паляшук
    07.12.2022
    Прыгожын і яго злачынствы - гэта адзін са званочкаў для гульнявой прасторы на Куйбышава, каб зрабіць рэбрэндынг. Кувалда неяк двухсэнсоўна цяпер гучыць.
  • А
    08.12.2022
    Саша Курара ўсё расказаў пра прыгожына))

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра стан беларускі, якая звалілася з чацвёртага паверха на Пхукеце

Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання6

Стаў вядомы прысуд пінскаму журналісту Яўгену Мікалаевічу, які вярнуўся ў Беларусь4

Сацыёлаг Коршунаў: Лукашэнка хоча паказаць, што ён дыктатар з чалавечым тварам, не доктар Асад

«У беларускім тэатры сёлета рост рэпрэсій. Толькі ў лістападзе звольнілі шэсць чалавек з РТБД»

У мінскім аэрапорце запускаюць электрычны перонны аўтобус1

«Растлумачце мне, дзе зайчыкі і сняжынкі?» Тата з Брэста абурыўся адзеннем чужых дзяцей на ранішніку31

Стала вядома, за што пасадзілі на чатыры гады журналістку Вольгу Радзівонаву2

Лідар паўстанцаў заявіў, што Сірыя не ўяўляе пагрозы для свету, і папрасіў зняць з краіны санкцыі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Галоўнае
Усе навіны →