У мінскім парку думалі пабачыць нярэдкую саву, а пабачылі рэдкую
У апошні дзень 2022 года дзве мінскія птушкаркі, Аксана Суторміна і Марына Дзенясюк, выправіліся паназіраць вераб'інага сычыка, якога нядаўна там бачылі. Сычыка не знайшлі, але замест яго пабачылі іншую саву, нашмат больш рэдкую, піша канал «Дзікая прырода побач».

Сычыка дзяўчаты доўга шукалі, ды ўсё без поспеху.
«Пасля марных пошукаў наш імпэт крыху сціх, але пры паўторным абыходзе мы пачулі шалёныя, адчайныя крыкі соек, — расказала Аксана Суторміна. — У памяці ўсплылі шмат разоў чытаныя парады заўсёды звяртаць увагу на шум птушак, якія могуць праганяць соў. А што, калі… Мы тут жа накіраваліся на гук і ўбачылі, як дзве сойкі са страшнымі крыкамі пікіруюць на маленькую сасну. А на фоне сасны — стракаты сілуэт. З мяне вырваўся шэпт: «Кугакаўка!»
Птушка, якую пабачылі Аксана і Марына, аказалася даўгахвостай кугакаўкай — гэта рэдкі для Беларусі від. Чаму гэта сава заляцела ў горад — дакладна невядома, але, хутчэй за ўсё, гэта звязана з пошукам грызуноў. Увогуле ж даўгахвостая кугакаўка — лясная птушка і звычайна пазбягае людных мясцін.
Даўгахвостая кугакаўка — уключаны ў Чырвоную кнігу рэдкі для Беларусі від, які жыве на поўначы краіны. Гэтая буйная сава з размахам крылаў да 140 сантыметраў. Яна адметная доўгім хвастом, які добра відаць, калі сава сядзіць на дрэве.
Цікавы факт: даўгахвостая кугакаўка так адважна бароніць сваё гняздо, што можа параніць драпежніка ці нават чалавека.
Каментары
- я што - такая лупатая!? - асалапела я
- нет. такая же умная, как она
- ну дзякуй, - кажу, - што хоць не, як стравус
...умеюць жа некаторыя рабіць кампліменты...