Учора з'явілася інфармацыя, што на аўкцыёне прадаюцца мошчы, якія маглі належаць ці то святой Еўфрасінні Полацкай, ці то святой Параскеве. Сцвярджалася, што мошчы захоўваліся ў біскупа Баляслава Слосканса.
Баляслаў Слосканс быў не чужы для беларусаў чалавек. Ён латыш, але родам з беларуска-латгальскага памежжа. Ва ўмовах савецкіх рэпрэсій служыў апостальскім адміністратарам Мінскім і Магілёўскім, а пасля Другой сусветнай вайны апекаваўся беларусамі-католікамі ў дыяспары гэтак жа, як і католікамі-эмігрантамі з Латвіі і Эстоніі.
Дакументы, напісаныя рукой біскупа Слосканса, захоўваюцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане, якую да самай сваёй смерці ўзначальваў апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў замежжа, айцец Аляксандр Надсан.
Пасля з'яўлення ў інтэрнэце інфармацыі пра выстаўленне на аўкцыён «мошчаў» пераемнік айца Надсана, пробашч беларускай парафіі ў Лондане Сяргей Стасевіч, які апякуецца бібліятэкай цяпер, у той жа вечар адшукаў некалькі дакументаў, напісаных рукой біскупа Слосканса. Дарэчы, біскуп свабодна пісаў беларускай лацінкай, адно што з уласцівымі Латгаліі лексічнымі асаблівасцямі.
Дастаткова параўнаць почырк гэтых лістоў біскупа Слосканса з почыркам дакумента, які яму прыпісваецца, каб пабачыць, што почыркі не супадаюць.
Не супадае і подпіс біскупа. Вось якім ён быў у сапраўднасці.
«Працуйце, carissimo, пакуль можаце», — звяртаецца біскуп Баляслаў Слосканс на пачатку апошняга абзаца гэтага ліста. Carissimo — гэта зварот па-італьянску, аналаг нашага «даражэнькі».
Акрамя почырку, ёсць і іншая падстава для сумневу. Калі б у біскупа захоўваліся мошчы святой, то пра гэта ведалі б звязаныя з ім людзі, у тым ліку беларус-біскуп Часлаў Сіповіч. Але такой інфармацыі няма.
Мошчы святой Еўфрасінні захоўваюцца ў Полацку. Пра мошчы святой Параскевы нічога не вядома, бо і сама яна, напэўна, выдуманы персанаж — у легендзе пра яе спляліся вобраз Еўфрасінні і іншых людзей таго часу.
На думку айца Сяргея Стасевіча, мы маем справу з падробкай, накшталт тых, што фабрыкуюцца дзялкамі ў сферы антыкварыяту.
У гэтым выпадку маем даволі грубую падробку. Яе аўтары нават не далі сабе працы адшукаць сапраўдны почырк і подпіс Слосканса і паспрабаваць пераняць яго.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
У крыніцазнаўстве столькі асаблівасцяў. Чалавек мог пісаць у розны час свайго жыцця, пад час розных абставінаў. Почырк мог змяняцца. Ды ўвогуле мог іншы чалавек пісаць.
А ў подпісу бачу агульныя рысы, але канешне варыянты розныя.
Тут варта комплексна распытаць розных гісторыкаў, якія разбіраюцца і ў гісторыі каталіцтва, каліграфіі, крыніцазнаўстве, лаціністы і г. д. А зараз вельмі аматрская выснова.
Не рабіце адназначныя высновы на адным меркаванні.