Амерыканская кампанія Transcend дае плацежаздольным кліентам магчымасць стаць дрэвамі, прычым кліент сам можа выбраць від дрэва.
Дарэчы, такая ж паслуга прапануецца і для катоў з сабакамі: наборы для пахавання хатніх жывёл прадаюцца асобна, праўда з абмежаваннем вагі ў 40 кг.
Кампанія заснаваная Мэцью Кохманам, прадпрымальнікам, эколагам і трансцэндэнталістам. Трансцэндэнталізм развіўся ў канцы 1820-х і 1830-х гадах у Новай Англіі ў ЗША. Гэта філасофская плынь, асноўнымі элементамі якой з’яўляюцца індывідуалізм і вера ў сілу асобы (звязаная найперш з асабістай свабодай), індыйскія Веды і філасофія, ідэалізм і выключная важнасць прыроды (паважлівае стаўленне і захаванне яе).
Кампанія Transcend абяцае, што калі вы памраце, то (за неназваную плату) будзеце пахаваныя ў ложку з драўнянай шчэпкі або сена, у дзвюх гадзінах за межамі асноўнага мегаполіса па вашым выбары і прыкладна ў метры пад пластом глебы, узбагачанай мікарызай (гэта сімбіёз грыбнога міцэлію з каранямі вышэйшых раслін). Такім чынам ваша цела, якое раскладаецца, будзе карміць грыбы і забяспечваць пажыўнымі рэчывамі карані маладога дрэва, якое вы самі зможаце абраць (на гэты момант ёсць 10 відаў на выбар), пераплятаючыся таксама з сеткамі міцэлію і каранямі іншых дрэў, якія будуць расці вакол вас.
Так вы станеце адным цэлым з дрэвам і ўсім навакольным асяроддзем, а зямля, у якой вы пахаваныя, будзе навечна абароненая ад далейшага развіцця, абяцае кампанія. Верагодна, гэта неблагі шанец (перад тым, як стаць дрэвам і пазнаёміцца з мікарызай бліжэй) проста змяніць сваё ўспрыманне смерці і пры гэтым дапамагчы выратаваць планету.
Transcend таксама абяцае пасадзіць 1000 дрэў ад вашага імя, калі вы памраце, дзякуючы партнёрству з One Tree Planted (генеральны дырэктар Мэт Хіл з'яўляецца адным з дарадцаў Transcend).
У каментарыі для Inverse Кохман кажа, што яго амбіцыі адносна Transcend яшчэ больш сур’ёзныя: ён сканцэнтраваны на прыцягненні людзей у такі бізнес, які не проста пахавае іх праз 70 гадоў, але і «збудуе з імі адносіны на ўсё астатняе жыццё, дапамагаючы ім годна старэць як спажыўцам з экалагічным мысленнем».
Па даных New Hampshire Funeral Resources and Education, у ЗША цяпер налічваецца 351 зялёны цвінтар. Дваццаць з іх з'яўляюцца прыродаахоўнымі могілкамі, што азначае, што яны (як і Transcend) маюць падвойную місію: забяспечваць натуральныя пахаванні і абараніць зямлю ад забудовы.
На вэб-сайце Transcend не паведамляецца, колькі першапачаткова будуць каштаваць браніраванні гаёў, якія стануць даступнымі пазней у гэтым годзе. У той жа час, паведамляецца, што «адзіная плата Tree Burial складае 1/2 цаны традыцыйнага пахавання», аднак у сакавіку 2023 года Transcend распрадала свае пакеты прэміум-класу Future Tree па 8500$ (яны абяцаюць пакупнікам «доступ да фінансавых і прэферэнцыйных пераваг» шляхам фіксацыі індывідуальнай цаны, а таксама 100 дрэваў, пасаджаных «неадкладна» на «тэрыторыях з вялікай патрэбай»).
Праблема трыльёна дрэў
Нягледзячы на тое, што многія зялёныя могілкі сапраўды прапануюць пасадзіць дрэва непасрэдна на магіле, не ўсе ў галіне згодныя з экалагічнасцю гэтай практыкі. Маладым дрэвам, якія растуць, патрэбна дастаткова прасторы (у ідэале, не менш за 4,5 м²).
А што з дадатковай тысячай дрэў, якія Transcend плануе высаджваць за кожную замову? Вэб-сайт кампаніі неаднаразова адзначае патэнцыял кампаніі ў дасягненні жаданай лічбы ў 1 трыльён дрэў — гэтая лічба была ўпершыню прапанаваная ў даследаванні 2019 года як тое, што можа дапамагчы аднаўленню глабальнага ляснога покрыва на планеце і стаць вырашальным у барацьбе са змяненнем клімату.
Але многія эксперты па клімаце і лясной гаспадарцы не згодныя са сцвярджэннем, што пасадка 1 трыльёна дрэў з'яўляецца годным рашэннем у змаганні з кліматычным крызісам. Даследчыкі кажуць, што найбольш эканамічна эфектыўным кліматычным рашэннем з’яўляецца не высадка новых дрэваў, а захаванне ўжо існуючых цэлых экасістэм, а таксама прадухіленне іх разбурэння. Даследчыкі кажуць, што насаджэнне дрэў на лугах, хмызняках і тарфяніках можа знішчаць біяразнастайнасць, а лясы могуць аднаўляцца на высечаных землях натуральным шляхам, калі толькі чалавек не будзе гэтаму перашкаджаць.
Як і ў выпадку з пасадкай аднаго дрэва над адной магілай, пытанні масавай пасадкі дрэў шмат у чым залежаць ад выканання. Арганізацыі, якія распрацоўваюць праекты, зачастую заснаваныя на недасведчанай палітыцы, не высаджваюць адпаведную расліннасць, саджаюць дрэвы толькі для таго, каб зноў іх высекчы для карпаратыўнага выкарыстання, і наўмысна засяроджваюцца на пасадцы дрэў у шкоду іншым намаганням па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу.
Таму стаць дрэвам пасля смерці — цудоўная ідэя, якая, аднак, павінна рэалізоўвацца найперш на аснове навуковых даных, а не сыходзячы з тэндэнцый і законаў рынку.
І ўсё ж незалежна ад таго, ці метады Transcend сапраўды экалагічна чыстыя, факт, што традыцыйныя пахаванні ў многіх культурах штогод прыводзяць да выкіду ў навакольнае асяроддзе агромністых колькасцей металу, бетону, вадкасці для бальзамавання і іншых рэчываў. Таму кожны мае сам абіраць, які след ён захоча пакінуць пасля сябе на планеце.
Каментары