Цела расійскага апазіцыянера знаходзіцца ў моргу акруговай клінічнай бальніцы Салехарда, піша «Новая газета Европа». Па стане на 17 лютага ўскрыццё не праводзілася. У гэтым моргу раней адказалі, што цела там няма.
Па словах крыніцы выдання, цела Навальнага спачатку павезлі ў Лабытнангі, але ўвечары 16 лютага даставілі ў Салехардскую акруговую клінічную бальніцу на вуліцы Міра.
— Звычайна целы памерлых у калоніях дастаўляюць адразу ў Бюро судмедэкспертызы на вуліцу Глазкова, але тут павезлі чамусьці ў клінічную, — распавёў супрацоўнік Салехардскай станцыі хуткай дапамогі, будынак якой (як і будынак крэматорыя) знаходзіцца ў радыусе 500 метраў ад бальніцы. — Давезлі да морга, занеслі, а потым перад дзвярыма два паліцэйскія ўсталі. Яны б яшчэ плакат павесілі з надпісам «Тут робіцца нешта загадкавае»!
Паводле крыніц выдання, мясцовыя паталагаанатамы не рабілі ўскрыццё.
— Тут меркаванні ў першы раз разышліся, — распавёў супрацоўнік «хуткай». — Адны казалі, што прыйшло ўказанне з Масквы дачакацца сталічных спецыялістаў, а іншыя сцвярджалі, што самі лекары адмовіліся рабіць выкрыццё. Справа ж палітычная, і як яна далей павернецца, незразумела. А калі робіш выкрыццё і прыходзіць прамы загад унесці змены ў вынік, то ўжо не адкруцішся. І потым цябе ж могуць і «крайнім» зрабіць. А калі ўскрыццё не праводзілася, то і пытацца накшталт як няма з каго.
Крыніцы ў «хуткай» паведамілі, што на целе Навальнага выяўлены сінякі, атрыманыя ім пры жыцці. Але не ад збіцця, а ў выніку іншых дзеянняў.
— Як супрацоўнік «хуткай» з даволі вялікім стажам, магу сказаць, што такія пашкоджанні, як апісвалі іх тыя, хто бачыў, зʼяўляюцца ад курчаў, — кажа медык са «хуткай». — Чалавек бʼецца ў канвульсіях, яго спрабуюць утрымаць, а сутаргі бываюць вельмі моцнымі, вось сінякі і зʼяўляюцца. А яшчэ казалі, што на грудзях у яго таксама сіняк ёсць. Але такі, які зʼяўляецца ў сувязі з непрамым масажам сэрца.
Выданне нагадвае словы рэаніматолага Міхаіла Фрэмдэрмана, які ў 2020 годзе пералічваў сімптомы атручвання «навічком», сярод якіх былі курчы: «ён, у сваю чаргу, пачынае моцна дзейнічаць на мускулатуру, дыханне, на цягліцавы тонус, на ціск, працу сэрца. Парушаецца рэгуляцыя працы ўнутраных органаў і нервова-мышачнай сістэмы. Чалавек губляе прытомнасць, у яго могуць быць курчы, канвульсіі, хутка развіваецца кома. Некаторыя віды можна нанесці нават на скуру і чалавек атрымлівае цяжкае атручванне».
Каментары
У чэкістаў у краіне ўсё стэрыльна (не як у Беларусі, але ўсё ж), ніхто і пікнуць не думае, праз месяц, выбары, якія маюць прайсці надзвычай і спакойна. І раптам забіваюць галоўнага апазіцыянера, што выклікае пратэсты, якіх на балотах не было ўжо два гады. Стасункі з Захадам бог з імі, бо там нічога, акрамя заклапочанасці, не будзе. Але знікае каштоўны актыў, якога можна было абмяняць на свайго агента. Ды і з палітвязня робіць абраз, на які цяпер вечна будуць маліцца.
Дык пытанне, навошта яго цяпер забіваць? Безумоўна, Навальнага забіў пуцінскі рэжым, але не наўпроставымі дзеяннямі, скіраванымі на гэта. І ніякую спецаперацыю чэкісты не выдумлялі.