«Калі выпадкова натрапіць на люстэрка, не можа паверыць, што яго давяло да такога стану» — зяць пра зняволенага Рыгора Кастусёва
Асуджаны на 10 гадоў калоніі старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў ужо тры гады ў няволі. За гэты час у яго моцна пагоршылася здароўе, знайшлі анкалагічную хваробу. Умовы ўтрымання змяніліся з жорсткіх на невыносныя. Што вядома пра палітвязня, «Белсату» расказаў ягоны зяць Зміцер Антончык.
12 красавіка 2021 года Рыгора Кастусёва затрымалі, абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 5 верасня 2022 года яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 студзеня 2024 года 66-гадовага палітыка пастанавілі перавесці на турэмны рэжым — у гарадзенскую турму № 1.
Выбары-2020
Зміцер Антончык, зяць Рыгора Кастусёва, згадвае, што шмат абмяркоўваў з Кастусёвым падзеі выбарчай кампаніі 2020 года. Кастусёў не браў удзелу ў той кампаніі — ад БНФ на праймерыз апазіцыі ішоў намеснік старшыні Аляксей Янукевіч, які дапускаў, што партыя падтрымае кандыдатуру сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.
Чэргі паставіць подпіс за кандыдатаў Кастусёва вельмі здзіўлялі, згадвае Антончык: для Беларусі падзеі выбараў-2020 былі «новай з’явай». Хутчэй за ўсё, мяркуе суразмоўца, Кастусёў адчуваў цікавасць і здзіўленне, бо даволі добра ведаў грамадскія і палітычныя працэсы ў Беларусі. А падзеі развіваліся нібы снежны ком.
«Даволі скептычна ён ставіўся да гэтай кампаніі, ніякага падтрымання нікому з кандыдатаў не выказваў, — згадвае Антончык пра Кастусёва. — Ён лічыў, што гэта такая неарганічная сітуацыя для Беларусі, якая аднекуль звонку была прынесеная».
На думку Антончыка, Кастусёў не верыў, што такім дэмакратычным шляхам, праз выбары, можна перамагчы рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Прадчуваў, што ўся актыўнасць будзе жорстка раздушаная, бо бачыў відавочны ўплыў Расеі, якая, у выпадку чаго, падтрымае Лукашэнку і зробіць ягоны рэжым яшчэ больш жорсткім.
«Змова»
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 сакавіка 2021 года ў Шклове. Яго змясцілі ў следчы ізалятар паводле справы за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Гэтую «змову», паводле сілавікоў, рабілі з Кастусёвым Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч і іншыя, «доказы» — фрагменты відэаразмоваў у Zoom.
Антончык згадвае: з Кастусёвым у 2020 годзе часта сустракаўся, шмат абмяркоўваў падзеі ў Беларусі, але пра тыя размовы ў Zoom Кастусёў ніколі не згадваў. Але Антончык, магчыма, аднойчы тыя размовы бачыў: зайшоў у госці да Кастусёва, у таго на камп’ютары ішла Zoom-канферэнцыя.
«Калі мы пачалі размаўляць, Рыгор адключыў свой гук. Мы абмяркоўваем свае справы, побач гэты Zoom, — расказвае Антончык. — Я адтуль пачуў нейкую фразу, пытаю, што там. Ён кажа: «Ай, дурное ў хлопцаў». Прыкладна так».
Ці з Зянковічам, Фядутам ды іншымі са справы пра «змову» тады размаўляў Кастусёў, Антончык не ведае.
З таго, што паказалі на тэлебачанні, Антончык не пабачыў доказаў «змовы» — на ягоную думку, закіды прагучалі «даволі смешна». Суразмоўца перакананы, што Кастусёў не ўдзельнічаў ні ў якіх «змовах». Антончык зазначае, што Кастусёў наогул чалавек не імпульсіўны, разважлівы, ён плануе дзеянні на шмат крокаў наперад, успрымае закон з вялікай павагай, нават калі той закон яму не падабаецца. Раз не падабаецца, трэба змяняць прававым шляхам. Вунь жа Кастусёў і ішоў і ў дэпутаты, і ў прэзідэнты.
Дарэчы, «змоўнік» Кастусёў яшчэ ў канцы 2019 года расказваў, як перадаваў Адміністрацыі Лукашэнкі план для ўмацавання патрыятызму і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. А ягоная партыя ў паслявыбарчых публікацыях паслядоўна падкрэслівала, што выступае за мірны шлях залагоджвання крызісу, за дыялог і перамовы. Рэжым Лукашэнкі на гэта не пайшоў.
Зяць Кастусёва дадае, што ягоны цесць — добры бацька і дзядуля, які апошнім часам перад зняволеннем вельмі шмат займаўся ўнукамі, вадзіў на трэнаванні, дапамагаў з хатнімі заданнямі. Ад’езд, нягледзячы на рэпрэсіі навокал, нават не абмяркоўвалі: Кастусёў моцна прывязаны да сям’і і радзімы, да роднай вёскі, дзе ён пакрысе рамантаваў бацькоўскую хату.
Ціск
Яшчэ ў першы перыяд, калі Кастусёва кінулі ў СІЗА КДБ, «Амерыканку», там былі даволі жорсткія ўмовы, расказвае Антончык. Чалавек, якога забралі з дому ў лёгкім гарнітуры, хіба ў пінжаку, быў вымушаны спаць на бетоннай падлозе. Цяпер, заўважае суразмоўца, зняволеным чыняць і больш жорсткія ўмовы, але на 2021 год беларусы яшчэ не прызвычаіліся да маштабаў і «якасці» рэпрэсіяў, і тады гэта гучала вельмі жорстка — што чалавеку ў такім узросце і стане здароўя не даюць нават матраца і коўдры.
На суд над Кастусёвым не пускалі незалежныя медыя — толькі дзяржаўныя беларускія і расейскія. Тыя перадавалі, што Кастусёў спачатку адмовіўся даваць паказанні, а потым напісаў «чыстасардэчнае прызнанне» пра тое, што Зянковіч прапаноўваў яму прыняць удзел у анлайн-канферэнцыях.
Калі на судзе пракурор спытаўся ў яго, ці не агаварыў Кастусёў кагосьці з абвінавачаных, той, паводле дзяржаўных медыя, адказаў: «Імкнуўся не агаворваць, цяжка ўспомніць». І адзначыў, што пакуль быў у СІЗА, сілавікі часова затрымлівалі ягоных дачку і зяця: «Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна».
Антончык кажа, што не мае шмат інфармацыі пра тое, што рабілі з Кастусёвым. Хутчэй за ўсё, яго трымалі ў інфармацыйным вакууме, а ўся інфармацыя да Кастусёва даходзіла толькі ад следчых і аператыўнікаў. У тым, што дзяржаўныя медыя перадавалі з суда, ён бачыць дзіўныя заявы: хоць бы пра тое, што Кастусёў разглядаў ад’езд і што яму нібы прапаноўвалі жытло за мяжой.
Зяця сапраўды затрымлівалі, але ненадоўга — Антончык кажа, фармальна гэта магло і не лічыцца затрыманнем: «Злавілі і павезлі на вобшук», праз тры гадзіны ўсё скончылася. Калі ў медыя сталі пісаць, што ён затрыманы, супрацоўнікі КДБ, якія праводзілі ператрус, сказалі яму: «Вас жа ніхто не затрымлівае».
Антончык згадвае, як адказаў, што яшчэ не ведае, куды яго павязуць далей. Чаго шукаюць, не казалі, але, заўважае суразмоўца, на фоне сённяшніх рэпрэсіяў сілавікі з ім тады паводзіліся «даволі карэктна і, напэўна, прафесійна».
Цяпер сувязі з Кастусёвым амаль няма. Лісты даходзяць толькі жонцы і адной дачцэ, і тое нерэгулярна: бывала, месяц лісты не даходзілі, потым прыходзілі адразу тры, падпісаныя рознымі датамі (паводле сённяшніх мерак і гэта добра). З атрыманага вынікае, што Кастусёву лісты ад сваякоў не даходзяць або даходзяць з вялікім затрыманнем. Адзінае кароткатэрміновае спатканне было адразу пасля суда.
Пасля Кастусёву сталі выпісваць «парушэнні», за якія кідалі ў штрафны ізалятар і «памяшканне камернага тыпу» — цяпер гэта звычайны метад ціску на палітвязняў. Антончык сумняецца, што Кастусёў мог бы ісці на канфлікт з турэмнікамі — ізноў жа, праз павагу да законаў. Таму яму дзіўна, што Кастусёву выпісвалі столькі «парушэнняў». Ды, працягвае суразмоўца, гэта ўжо «абкатаная схема», «шаблон» для палітвязняў.
«Вось, напрыклад, кідалі ў ШІЗА за тое, што ён не пагаліўся, — расказвае Антончык. — А ён раніцай пагаліўся, праверка глядзела, усё ў парадку. А пішуць, што парушэнне: не пагаліўся. І нікому нічога не дакажаш».
Цяпер Кастусёва перавялі на турэмны рэжым на тры гады — максімум з таго прэсінгу, што могуць аказваць на палітвязняў. Навошта ціснуць, Антончык не ведае: з лістоў выходзіць, што Кастусёў сам не разумее гэтага, патрабаванняў яму не выстаўлялі.
Хвароба
За нейкі час да затрымання, згадвае Антончык, Рыгор Кастусёў рэгулярна наведваў шпіталь, здаваў аналізы, прымаў лекі. Ужо было вядома пра пэўныя праблемы са здароўем, у прыватнасці, з прастатай. Было вядома і пра алергію на некаторыя прадукты і на палын. Пра анкалагічную хваробу ніякіх размоваў не вялося. Хутчэй за ўсе, яе на той момант не было, лічыць суразмоўца.
Да таго ж, яшчэ на волі Кастусёў меў даволі моцны варыкоз на нагах, дадае Антончык. З адным толькі варыкозам цяжка ўявіць, як чалавек пераносіць этапаванне, калі трэба і тварам у сцяну стаяць, і на кукішках сядзець.
Праблемы са здароўем у Кастусёва адразу ж пагоршыліся ў СІЗА: ён перанёс за кратамі кавід і інфаркт. У кожным лісце Кастусёў расказваў пра нейкія новыя праблемы. На думку Антончыка, ролю мелі не толькі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, але і тое, што Кастусёў апынуўся ў стрэсавай сітуацыі, да якой не рыхтаваўся.
З абследаваннем на анкалогію ў СІЗА марудзілі тры месяцы. Антончык не ведае, чаму, але нагадвае, што ў той час быў самы пік каронавіруснай інфекцыі — можа, сапраўды лекары былі перагружаныя. А можа, турэмнікі баяліся паказваць нават лекарам, у якім стане Кастусёў. Дый сам Кастусёў пасля пытаў, які сэнс ехаць на абследаванні, бо трэба ж праходзіць праз цяжкое этапаванне, а нават калі абследаванне нешта выявіць, за кратамі лекаваць не будуць.
У пачатку красавіка стала вядома, што Кастусёву зрабілі аперацыю, вывелі катэтар з мачавіка.
Знаёмыя медыкі казалі Антончыку, што такую аперацыю робяць, калі ёсць пагроза, што мачавік не вытрымае і проста лопне. Але ад такой аперацыі раілі ўстрымлівацца да апошняга, бо пасля чалавек фактычна застаецца інвалідам.
Сам Кастусёў расказваў у лістах, што апошнім часам проста не мог спаць, бо кожную гадзіну мусіў падымацца. А ён і без таго быў у цяжкім фізічным і псіхалагічным стане. Антончык дапускае, што прыйшоў той момант, калі з медычнай дапамогай нельга было цягнуць, бо стаяла пытанне жыцця чалавека, таму Кастусёву і пачалі аказваць дапамогу. І аналізы крыві паказвалі перавышэнне пэўных параметраў, у два з паловай разы вышэйшых за норму.
«Увогуле ён піша, што калі выпадкова натрапіць на люстэрка, не можа паверыць, што яго давяло да такога стану, — перадае Антончык вестку ад Кастусёва. — Вельмі пастарэў, асунуўся… Цяжка!»
Вызваленне?
Ці дастаткова цяпер робяць для вызвалення Кастусёва ў прыватнасці і палітвязняў агулам? Антончык разважае: можна было б рабіць і больш, ды нават сярод сваякоў палітвязняў і былых зняволеных няма адзінай пазіцыі пра тое, як дамагацца вызвалення.
«Напрыклад, я прытрымліваюся пазіцыі, што кожнае жыццё, кожны чалавек значна вышэйшы за нейкія палітычныя амбіцыі, — кажа Антончык. — Я лічу, што за кожнага чалавека трэба змагацца любымі сродкамі. Мы ўжо бачым, колькі палітвязняў загінула ў турмах. Я лічу, што гэтага трэба пазбягаць любым шляхам».
Ён прызнае: хоць нейкая праца вядзецца, але здаецца, што нічога не робіцца, а чакаюць толькі «акна магчымасцяў», пакуль жа час працуе не на палітвязняў. Нават на ўзроўні партыі БНФ, кажа Антончык, змаганне за вызваленне Кастусёва практычна не вядзецца, не было акцыяў у падтрыманне зняволенага. Кастусёву нават не знайшлі сімвалічнага «хроснага» сярод еўрапейскіх палітыкаў. А было б важна, рэзюмуе Антончык, хаця б паказаць, што нейкі працэс ідзе, а пра Рыгора не забылі.
Каментары