Грамадства77

У Якуцку на месцы мемарыяла з імёнамі славутых беларусаў цяпер будзе стаяць помнік «герою СВА»

У Якуцку рыхтуюцца паставіць на месцы знішчанага мемарыяла ссыльным даследчыкам Сібіры помнік расійскаму вайскоўцу, які загінуў ва Украіне. Замест беларусаў, якія адкрывалі горныя хрыбты і даліны ды далі пачатак якуцкай пісьменнасці, ушануюць чалавека, які добраахвотна пайшоў забіваць. 

Падрыхтоўка пляцоўкі, дзе раней стаяў мемарыял ссыльным, да ўстаноўкі помніка «герою СВА». Фота: Sakha Daily

Галоўны архітэктар горада Сямён Сяргееў афіцыйна пацвердзіў, што на скрыжаванні вуліц Паяркова і Курашова з'явіцца манумент загінуламу ва Украіне радавому Дзмітрыю Ягораву. Менавіта на гэтым самым месцы 20 гадоў стаяў мемарыял выбітным ссыльным навукоўцам, сярод якіх былі і нашы суайчыннікі — Ян Чэрскі і Эдвард Пякарскі.

Помнік, усталяваны яшчэ ў 2002 годзе, уяўляў сабой ансамбль з пяці вялізных каменных глыб, якія стаялі паўколам. На іх былі размешчаныя таблічкі на рускай, якуцкай і польскай мовах з імёнамі навукоўцаў-ссыльных, якія зрабілі велізарны ўнёсак у даследаванне Якуціі.

Помнік ссыльным у Якуцку. Фота: Wikimedia Commons
Пасля зносу мемарыяла. Фота: SakhaDay

Вясной 2023 года манумент раптам абнеслі плотам. У чэрвені з яго зніклі імянныя шыльды, а ўвосень вывезлі і самі камяні. Гарадская адміністрацыя тады абяцала разабрацца ў сітуацыі, але ў выніку толькі развяла рукамі. Афіцыйны адказ зводзіўся да таго, што мемарыял проста «не ўваходзіць у ахоўны рэестр» аб'ектаў культурнай спадчыны. Мясцовыя ўлады зрабілі выгляд, што помніка нібыта і не існавала.

Расчышчаная пляцоўка не доўга стаяла пустой. Як паведаміў архітэктар Сяргееў, падрыхтоўчыя працы ўжо амаль завершаныя, а новы помнік зроблены ў Краснаярску за пазабюджэтныя сродкі і неўзабаве будзе дастаўлены ў Якуцк.

Дзмітрый Ягораў на вайне ва Украіне. Фота: warheroes.ru

Новы герой Якуцка — 48‑гадовы радавы Дзмітрый Ягораў з Сунтарскага раёна. Пасля тэрміновай службы ў 90‑х ён працаваў печніком у Бураціі. У 2022 годзе пайшоў добраахвотнікам на вайну супраць Украіны, дзе стаў стралком 155‑й асобнай брыгады марской пяхоты. У верасні 2023 года ён атрымаў смяротнае раненне ў Данецкай вобласці і пасмяротна атрымаў званне Героя Расіі ад Уладзіміра Пуціна. Гэта будзе ўжо трэці помнік Ягораву ў Якуціі: два папярэднія бюсты стаяць на Алеі Герояў у Якуцку і ў родным сяле.

Расійскія СМІ звычайна называюць знесены помнік «мемарыялам ссыльным палякам», але з чатырох даследчыкаў, ушанаваных на камянях, двое — беларускія шляхціцы. 

Гэта, у першую чаргу, Ян Чэрскі — ураджэнец Дрысенскага павета (цяпер Верхнядзвінскі раён), удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, якога пасля паразы выслалі ў Сібір. Менавіта там, стаўшы выдатным геолагам і географам, ён адкрываў горныя хрыбты і даліны, якія цяпер носяць яго імя.

Эдвард Пякарскі за працай у сваёй юрце

Другі наш зямляк — Эдвард Пякарскі з Ігуменскага павета (сёння Смалявіцкі раён). За ўдзел у народніцкім руху яго таксама саслалі ў Якуцію. Там ён стварыў фундаментальны «Слоўнік якуцкай мовы», які склаў каля 38 тысяч слоў і фактычна даў пачатак якуцкай пісьмовай традыцыі і літаратуры.

Замена помнікаў у Якуцку — гэта толькі частка маштабнай кампаніі расійскіх уладаў па сціранні памяці пра ахвяр рэпрэсій і перапісванні гісторыі. Разам са знішчэннем Музея ГУЛАГа ў Маскве і зняццем мемарыяльных дошак па ўсёй Расіі, гэта дэманструе свядомую палітыку замяшчэння памяці пра складанае мінулае агрэсіўным сучасным мілітарызмам. 

Каментары7

  • W
    06.05.2026
    Славутыя беларусы не патрэбны і сенняшняму беларусафобскаму рэжыму, то навошта яны нейкай там Якуціі?
    Што на Масковіі, што ў БССР помнікі і назвы вуліц толькі ў гонар маскавітаў ды злачынцаў якія дзеля вялічча Масковіі забівалі людзей і знішчалі іншыя народы.
  • Тік
    06.05.2026
    Ў Беларусі злачынны беларусафобскі рускамірскі рэжым робіць тое самае. Замест помнікаў славутым беларусам паўсюль савецкасць і помнікі расейскім акупантам царызму і савецкасці.
    Старанна выліваць боты маскоўскаму барыну і акупантам маскавітам - дывіз што гаўляйтара ў Якуціі, што ў чырвона-зяленай бсср.
  • For
    06.05.2026
    Замест шыльды і помніка Уладзімеру Караткевічу мясцовыя манкурты так сама размясціць шыльду і помнік ў гонар чарговага маскавіта і абавязкова на рузке языку.
    Гэта мэта акупантаў - вынішчаць нацыянальную інтэлегенцыю, культуру, гісторыю, мову, нацыянальную памяць і паўсюль распаўсюджваць савецкасць і рузке царызм. Так акупанты рабілі заўжды калі сунуліся ў іншыя краіны і народы.

Цяпер чытаюць

Адміністратарка «Штаба Аношак» валодае беларускай кампаніяй, датычнай да паставак санкцыйных паўправаднікоў у ваюючую Расію12

Адміністратарка «Штаба Аношак» валодае беларускай кампаніяй, датычнай да паставак санкцыйных паўправаднікоў у ваюючую Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп адказаў, ці лічыць ён Пуціна гуманістам6

Пад Магілёвам засталася зімаваць чарада буслоў2

Празрыстыя сукенкі, карункі і адкрытае цела. Ці сапраўды «Аземпік» мяняе моду?2

«Я пісаў маме, а яна ўжо была мёртвая» — гісторыі загінулых пасля ўдару па Новай Вадалазе на Харкаўшчыне

У Новай Маскве ў выніку атакі беспілотнікаў пашкоджаныя паліклініка і жылыя дамы. У Серпухаве атакаваны арсенал Мінабароны Расіі3

Трамп патлумачыў, чаму не плануе ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі2

Meta аштрафавалі на 25 мільярдаў даляраў за падман карыстальнікаў сацсетак наконт абароны іх даных4

Нобелеўскі лаўрэат чакае з'яўлення штучнага інтэлекту чалавечага ўзроўню ўжо праз два-тры гады. Што зможа разумная тэхніка?5

Трамп пра завяршэнне вайны ва Украіне: Мы цяпер бліжэйшыя да гэтага, чым калі-небудзь раней19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адміністратарка «Штаба Аношак» валодае беларускай кампаніяй, датычнай да паставак санкцыйных паўправаднікоў у ваюючую Расію12

Адміністратарка «Штаба Аношак» валодае беларускай кампаніяй, датычнай да паставак санкцыйных паўправаднікоў у ваюючую Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць