Грамадства55

Хлопец знік у лесе пад Сянном і знайшоўся толькі праз 25 гадоў. Яго сястра расказвае, як так атрымалася

Улетку 1999 года Валодзя пайшоў у лес у грыбы і знік. Блізкія доўгі час шукалі яго, аб'язджаючы найбліжэйшыя бальніцы, але так і не знайшлі.

«Мама да самай смерці верыла, што Вова жывы, а тата, паміраючы, сказаў, што хоць на нябёсах убачыць сына», — згадвае Таццяна, сястра зніклага хлопца. Увесну гэтага года, праз 25 гадоў пасля знікнення роднага брата, яна нечакана даведалася: мужчына жывы і знаходзіцца ў псіхіятрычным шпіталі. Жанчына забрала яго дадому і распавяла Onliner пра тое, што адбылося.

«Была версія, што Вова заснуў у лесе і на яго напалі звяры»

Валодзя знік 8 чэрвеня 1999 года ў вёсцы Лучазарная Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. На той момант яму было 26 гадоў. Па словах родных, хлопец пайшоў у лес і не вярнуўся.

Ён заўсёды хадзіў у лес у ягады, але што з ім адбылося ў той дзень, так ніхто і не даведаўся, — кажа Таццяна Міхайлаўна, старэйшына вёскі Лучазарная. — Шукалі вельмі доўга і ўсюды! Родныя ездзілі па інтэрнатах, бальніцах. Як толькі з'яўлялася хоць нейкая інфармацыя пра падобнага чалавека, ехалі і правяралі. Была версія, што, можа, заснуў пад дрэвам і на яго напаў нейкі звер, але ніякіх слядоў, якія паказваюць на гэта, не было.

— Памятаю, доўгі час усе, хто хадзіў у лес, стараліся быць больш уважлівымі. Але ўсё было безвынікова. А цяпер, калі знайшоўся, усім было дзіўна даведацца, як Валодзя наогул апынуўся так далёка!

Знайсці родных дапамагла генетычная экспертыза

У Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы Валодзя апынуўся 15 чэрвеня, праз тыдзень пасля свайго знікнення. У хлопца з дзяцінства было псіхічнае захворванне. Вонкава, напрыклад, яно выяўлялася ў неразборлівым маўленні.

Менавіта гэтая акалічнасць пасля і адыграла ключавую ролю ў яго лёсе: пры паступленні ў бальніцу Валодзя так вымавіў сваё прозвішча, што яно не супала з сапраўдным — замест «Пусцяк» атрымалася нешта накшталт «Пушок» ці «Пушак». Дакументаў пры сабе ў яго таксама не было.

Увесь гэты час хлопец так і лічыўся ў бальніцы з тымі данымі, якія назваў, а знайшоўся больш чым праз два дзясяткі гадоў толькі дзякуючы генетычнай экспертызе.

Валодзя так і не змог растлумачыць сястры Таццяне, як ён з Віцебскай вобласці трапіў у Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Блукаў па лесе, ішоў полем, ехаў на цягніку, пакуль не высадзілі на нейкім вакзале, — гэта ўсё, што ён распавёў родным.

Можна толькі выказаць здагадку, што хлопец, блукаючы па наваколлі, дайшоў да чыгуначнай станцыі ў Багушэўску, размешчанай за 5-6 кіламетраў ад яго роднай вёскі. Адтуль на электрычцы ці цягніку сапраўды можна дабрацца да Магілёва, калі зрабіць перасадку ў Оршы.

Адлегласць ад месца знікнення да Магілёва — каля 130 кіламетраў, калі ехаць на аўто.

У бальніцы, як мы ўжо ведаем, праз спецыфічнае маўленне прозвішча было запісана няправільна. А паколькі даныя пра сябе ён усё ж назваў, то сярод «невядомых» не лічыўся.

У выпадку, калі чалавеку з асаблівасцямі псіхічнага развіцця няма дзе жыць і няма дакументаў (без дакументаў няма магчымасці аформіцца ў інтэрнат псіханеўралагічнага тыпу), сістэма аховы здароўя дае месцы ў спецыяльных аддзяленнях пры псіхіятрычных бальніцах, і там пацыенты і застаюцца практычна ўсё сваё жыццё.

— Калі ў нас узнікаюць падазрэнні, што ў сілу нейкага кагнітыўнага дэфекту звесткі, названыя чалавекам, могуць быць няправільнымі, мы звяртаемся ў РАУС з просьбай высветліць асобу, — распавяла Алена Лазарэнка, намесніца галоўнага доктара Магілёўскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. — Ці просім высветліць, напрыклад, сваякоў, калі чалавек выпісваецца, а дакументаў пры ім няма. Перыядычна доктар, праглядаючы гісторыю, зноў дае запыт у міліцыю. І вось пры чарговым запыце, мабыць, чалавек і знайшоўся дзякуючы сучасным тэхналогіям.

Па словах медыка, часцей за ўсё людзей, якія згубіліся і трапілі ў бальніцу, ідэнтыфікуюць па адбітках пальцаў, злепку зубоў, слоўным апісанні.

— Пры паступленні пацыента мы стараемся ўказаць усе дэталі, у тым ліку татуіроўкі, у што ён быў апрануты. Плюс да ўсяго РАУС дасылае свайго спецыяліста, які складае апісанне, робіць злепкі зубоў, альбо, калі ёсць стаматолаг, ён апісвае формулу. І вось цяпер яшчэ з'явілася генетычная экспертыза. За маю практыку гэта першы выпадак, калі ў пацыента ўзялі ўзоры букальнага эпітэлія. Гэта вельмі добрая тактыка, асабліва калі чалавека шукаюць сваякі.

Узяты генетычны матэрыял Уладзіміра быў змешчаны ў базу даных ДНК Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Пры праверцы яго генетычныя характарыстыкі супалі з данымі жыхара Віцебскай вобласці — пасля будзе вызначана, што гэта бацька Уладзіміра, біялагічныя ўзоры якога ўзялі ў рамках вышуку зніклага сына.

Праўда, да моманту выяўлення падабенства тата Уладзіміра ўжо памёр, і для пацверджання сваяцтва была праведзена яшчэ адна генетычная экспертыза. Усё прайшло паспяхова, Валодзя вярнуўся дадому.

Сястра: «Бог забраў у мяне мужа, але вярнуў брата»

Журналістам удалося пагаварыць з Таццянай толькі па тэлефоне. Сустрэцца ці хаця б падзяліцца сумеснымі фатаграфіямі сястра адмовілася: не хоча прыцягваць да сям'і залішнюю ўвагу.

Таццяна прызнаецца, што заўсёды думала пра брата як пра жывога і спадзявалася, што калі-небудзь ён вернецца. Аднак інфармацыя пра тое, што Валодзя, які згубіўся шмат гадоў таму, магчыма, знайшоўся, яе ў літаральным сэнсе ашаламіла: усё ж такі прайшло чвэрць стагоддзя.

— Як толькі ўбачыла яго на фота і відэа, адразу пазнала: Валодзя! Патэлефанавала ў бальніцу і сказала, што прыеду забяру яго да сябе.

— Брат вас пазнаў?

— Так! Заплакаў, назваў мяне па імені. І сярэднюю сястру пазнаў.

Таццяна і Валодзя выраслі ў шматдзетнай сям'і, дзе было сямёра дзяцей: тры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Усе хлопчыкі атрымалі інваліднасць, у тым ліку Валодзя. Хлопец з дзяцінства любіў хадзіць у лес, і ўсе мясцовыя пра гэта ведалі, а калі знік, дапамагалі шукаць. Калі гэта адбылося, Тані было 18 гадоў.

— Мы і лес увесь абшукалі, і пад Оршу на роварах ездзілі (казалі, што нібыта бачылі яго там). Потым мы з мамкай у Друю ездзілі з міліцыяй, у псіхлячэбніцу — і нічога. Аказалася, Вова невыразна прамаўляе сваё прозвішча. Калі глядзела відэа, заўважыла: ён замест «Пусцяк» сказаў нешта тыпу «Пушок» або «Пушак». Вядома, мы яго маўленне разумеем і ведаем, што ён там кажа, а незнаёмы чалавек можа і не зразумець.

Таццяна працуе ў мясцовым дзіцячым доме-інтэрнаце для інвалідаў. Ёй 44 гады, яна гадуе траіх дзяцей. Таксама з ёй жыве малодшы брат, таксама, як і Валодзя, інвалід.

— Недзе год таму нябожчык-муж мне раптам сказаў: «Таня, ён жывы! Ты сто адсоткаў яго яшчэ ўбачыш. У верасні мінулага года мужа забілі ў Маскве, а брат знайшоўся ў красавіку [гэтага года]. Аднаго Бог забраў, атрымліваецца, а другога аддаў. Мама заўсёды верыла, што Валодзя жывы, нягледзячы на тое, што столькі гадоў прайшло. А тата, паміраючы, сказаў: «Хоць на небе ўбачу яго».

Зараз Валодзі 51 год. Дактары распавялі Таццяне, што яе брат хворы на анкалогію: у 2019-м яго прааперавалі, і цяпер ён у рэмісіі з чацвёртай стадыяй раку.

— Валодзю трэба будзе абследаванне, пакуль мы чакаем дакументы. Ён ужо адаптаваўся, ходзіць з малодшым братам Сяргеем і нашым сабакам хаскі ў лес і на возера купацца. І яшчэ песні стаў спяваць — ён раней спяваць любіў.

Каментары5

  • Жылдур
    20.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Печаль и радость
    20.07.2024
    Насколько это удивительно и радостно, настолько же и печально: двадцать с лишним лет власти держали человека фактически под замком и не предприняли ни каких мало-мальских эффективный действий по поиску его родных. Ведь его родных нашли чуть ли не случайно. Какое же бесчеловечное отношение в нашей стране к людям, особенно тем, которые не могут активно постоять за себя! Ведь если бы его папа был, например ментом, а не обычным смертным, то кажется нашелся бы он гораздо быстрее....
  • политзек
    21.07.2024
    по-сути, семья сделала недостаточно, чтобы его найти.
    зная, что случилось, их действия должны были быть довольно простыми.
    в радиусе 150-200 км не так много мест, куда могли бы определить нашедшегося человека в совершенно определенный промежуток времени.. скажем, месяц. и страна у нас не Индия, где такие пропадают и находятся сотнями, если не тысячами.
    А учитывая, что семья большая, вполне могли распределиться по направлениям и найти его в течение месяца.

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдкага чорнага ваўка забілі паляўнічыя ў Лідскім раёне4

У Вільні праходзіць пратэст перавозчыкаў у сувязі з блакаваннем фур беларускімі ўладамі15

Стала вядома, з кім яшчэ сустракаўся Дзмітрый Лукашэнка ў Інданезіі7

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку5

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць