Грамадства44

«Гучыць як нейкая камедыя». Што беларусы Падляшша думаюць пра «карту беларуса»

У Беларусі чарговы раз плануюць стварыць «карту беларуса» «ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі». «Радыё Свабода» распытала беларусаў Падляшша, ці ім патрэбны такі дакумент.

Супрасль (Падляшша)

Што вядома пра «карту беларуса»

У Беларусі чарговы раз зьбіраюцца стварыць «карту беларуса». Дагэтуль пра яе вядома няшмат. Дакумэнт можа стаць адказам на «карту паляка» для грамадзян Беларусі, якую прапануе польскі ўрад і якая дае перавагі ў атрыманьні візы, адукацыі, працы, у мэдычным абслугоўваньні, легалізацыі ў Польшчы.

Сёлета ў праекце Нацыянальнай стратэгіі дасягненьня ўстойлівага разьвіцьця да 2040 году зьявіўся адпаведны пункт — «распрацаваць канцэпцыю інтэграванай інфармацыйнай сыстэмы ідэнтыфікацыі асобы «Карта беларуса»». Яна прадугледжвае «дывэрсыфікацыю кошту паслугаў у ахове здароўя, адукацыі, ЖКГ і іншых сфэрах».

Рэалізацыю пляну закладаюць на 2026—2030 гады. Пра яго гавораць у рамках «дзяржаўнага кіраваньня міграцыйнымі працэсамі ў інтарэсах дзяржаўнай бясьпекі, выкананьня правоў і свабодаў грамадзянаў у сфэры міграцыі».

У 2021 годзе пра «карту беларуса» пісалі ў газэце «Мінская праўда». Яе тады рыхтавалі для беларусаў Беласточчыны. У 2022 годзе МУС Беларусі гаварыла пра «карту беларуса» як аналяг дазволу на жыхарства для грамадзянаў Польшчы і краінаў Балтыі зь беларускімі каранямі.

«Свабода» распытала беларусаў Падляшша, ці яны хацелі б сабе «карту беларуса».

«Гэта не беларускія ўлады»

Выдавец і заснавальнік сайту найбуйнейшай беларускай онлайн-бібліятэкі kamunikat.org Яраслаў Іванюк расказаў «Свабодзе», што ад цяперашняй улады ў Беларусі ён «карты беларуса» «і не чакае, і ня хоча, і не карыстаўся б».

«Цяперашнія ўлады (Рэспублікі Беларусь. — РС) — гэта не беларускія ўлады. Мой Kamunikat у Беларусі заблякаваны. Людзі ня могуць нармальна карыстацца ім. А тут нейкая ініцыятыва пра дакумэнт «карта беларуса». Нібыта адказ на «карту паляка», якая рэальна нешта значыць», — кажа ён.

Адначасова беларус з Падляшша мяркуе, што «карта паляка» і падобныя дакумэнты — нармальная практыка.

«Гэта нармальна паміж суседнімі дзяржавамі, паміж сяброўскімі дзяржавамі. Калі б усё было добра паміж Польшчай і Беларусьсю, чаму не? Тады і «карта беларуса» магла б быць. Але не ад гэтых уладаў», — паўтарае суразмоўца.

Ён дадаў, што ня мае даверу да афіцыйнага Менску.

«Я яе ад рэжыму Лукашэнкі не вазьму»

Кіраўнік культурнага фонду Tutaka на Падляшшы Павал Станкевіч кажа, што ня ведае дэталяў пра «карту беларуса», раней пра яе ня чуў.

«Незалежна ад таго, чым ёсьць гэтая карта, я напэўна яе ад рэжыму Лукашэнкі не вазьму», — запэўніў ён.

Калі будзе новая дэмакратычная Беларусь і ад яе будзе прапанова такога дакумэнту, тады Станкевіч задумаўся б, ці прымаць яе, а таксама — пра падвойнае грамадзянства.

Павал Станкевіч заўважыў, што «карта паляка», якую прапануе польскі ўрад, мае забясьпечваць інтарэсы польскай нацыянальнай меншасьці. Але часта ён назірае мэркантыльны падыход да атрыманьня «карты паляка», каб беларусам лягчэй было ўладкавацца ў Польшчы.

«Шмат хто вырашае рабіць гэтую карту без адчуваньня польскай тоеснасьці. Але агулам я ня супраць самой ідэі», — дадаў ён.

«Ад гэтай хунты я нічога ніколі не хацеў бы браць»

Жыхар Падляшша Міхал Стэпанюк чуў раней пра «карту беларуса». Кажа, што пра яе гаварылі ўжо каля дзесяці гадоў таму.

«Калі ішла нейкая палёгка ў гэтай палітыцы, тады, можа, нехта пра гэта б і думаў. Але сёньня, калі за беларускую мову людзей катуюць і ў турмах людзі сядзяць, ад іх (уладаў Беларусі. — РС) гэта гучыць проста як нейкі жарт, чорны жарт. Улада, якая душыць усё, што беларускае, хоча выдаваць «карту беларуса»», — заўважае ён.

Цяпер Міхал не хацеў бы для сябе падобнага дакумэнту.

«Ад гэтай улады, гэтай хунты я нічога ніколі не хацеў бы браць. Антыбеларуская ўлада хоча раздаваць «карты беларуса» — гэта гучыць як нейкая камэдыя», — кажа ён.

На ягоную думку, улады Беларусі ў чарговы раз загаварылі пра «карту беларуса» ў прапагандысцкіх мэтах.

«Скажуць, што вось да нас на «карту беларуса» запісалася столькі сотняў або тысячаў беларусаў, бо ў Польшчы так кепска», — мяркуе ён аб прычынах гэтай ініцыятывы.

Аднак дадае, што этнічным беларусам у Польшчы наўрад ці можа быць нейкая выгада ад уладаў Рэспублікі Беларусі.

«Давайце будзем шчырымі: чаго беларус Падляшша можа патрабаваць ад беларускай улады? Ну чаго? Не найлепшая служба здароўя ў Польшчы, але здаецца, ня горшая, чым у Беларусі. Калі б была нармальная ўлада, то была б іншая думка. Едзеш у турыстычных мэтах у Беларусь і атрымліваеш нейкія льготы, то гэта зразумела», — разважае ён.

Цяпер праект уладаў Беларусі суразмоўца лічыць чорным гумарам.

«Сядзіць у турме ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. А тая ж улада хоча «карту беларуса». Я як беларус Падляшша баяўся б ехаць у Беларусь», — прызнаецца ён.

Адначасна ён разважае пра «карту паляка» і мяркуе, што на яе варта глядзець двухбакова.

«Калі людзі з далёкай Расеі маюць «карту паляка» і яна для іх мае сэнтымэнтальнае значэньне, раз на некалькі гадоў яны сюды прыяжджаюць, маюць нейкія льготы… А ўсе гэтыя асобы, у якіх польскія карані пад сумневам, выкарыстоўваюць гэта як спосаб лягчэй уладкавацца ў Польшчы. Мне не падабаецца такая ідэя», — заўважае ён.

Ён мяркуе, што «карта паляка» — даволі пасьпяховы спосаб польскага ўраду прыцягнуць працоўную сілу ў краіну.

«Людзі прыяжджаюць, вучацца тут на лекара і ўжо тут застаюцца. Прыяжджаюць, бізнэсы закладаюць і плацяць падаткі тут, у Польшчы. Калі б я глядзеў на гэта пры нармальнай Беларусі, то як на першы спосаб выкарыстаньня. Краіна дазваляе мне паехаць у нейкі музэй ці дае спрошчаныя візавыя працэдуры, каб паехаць на нашую духоўную Бацькаўшчыну», — падкрэсьлівае Міхал Стэпанюк.

На пачатак 2024 году Польшча выдала грамадзянам Беларусі больш за 150 тысяч «картаў паляка». Гэты дакумэнт пачалі выдаваць у 2007 годзе. Усяго жыхарам былога СССР выдалі больш за 300 тысяч «картаў паляка».

Каментары4

  • Deutche Volksliste
    02.10.2024
    Любаму чытачу можа быць таксама цікава, што за біялягічны гатунак такі "беларусы ппадляшша".
    З краямі і краінамі з большага зразумела - кавалкі зямлі, з больш-менш пэўнымі і акрэсьленымі межамі. Тады Падляшша мы вызначым досыць трапна, хаця межы таго Падляшша на мапе рысаваў нейкі падначальнік.
    Такім чынам нехта хто жыве на Падляшшы.
    А хто гэта менавіта адказаў спадар Латышонак (самыя шукайце, ён ня раз так гаворыць) - гэта праваслаўыя.
    Так менавітаправаслаўных вернікаў з Падляшша этатыскі міт заве беларусамі Падляшша.
    Ну і спадар Лукашэнка Бацька надумаў мо які мех бульбы адпрадразьвёрсьіць ў прыгоннага бэсэсэраніна і выдаць палясуаму праваслаўнаму разам з біркай "беларуса" калі той праспявае гімн бэсэсэры і адкажа колькі гузікаў было на шынэлі каня машэрава
  • На что Намек?
    02.10.2024
    Deutche Volksliste, вы чтоле намекаете, что в экзамене на карту поляка есть вопросы о колере коня и числе пуговиц на мундире Вождя?
  • .
    02.10.2024
    acab,
    1. Тое, што нацыі - пустое, фікцыя, непатрэбны, кажуць звычайна на рускай мове.
    Не патрэбны, значыць, выкарыстоўваем нейкую default ідэнтыфікацыю, размытую, імперскую або пост-імперскую.
    Але ж Вы выбралі беларускую, значыць, мова не проста тэхнічны інструмент камунікацыі, значыць, культурная прастора, якая звязана з нацыяй, не фікцыя.

    2. Генетычна пошукам нацыянальнай ідэнтыфікацыі спачатку займаліся гісторыкі, фалькларысты. Таму некарэктна даваць азначэнне нацыі як інструменту маніпуляцый улады.
    Палітыкі (і людзі ўвогуле) схільныя шукаць агульныя каштоўнасці, каб дамаўляцца і аб'ядноўваць высілкі. Гэта сацыяльная функцыя.
    Палітыкі (і людзі ўвогуле) могуць і маніпуляваць агульнымі каштоўнасцямі, каб дасягаць сваіх мэт (а не агульных, не таго, на чым гралі).
    Не кожнае выкарыстанне ёсць маніпуляцыя (выкарыстанне з падманам).
    Вынікае, што Вы памыляецеся, робіце лагічную памылку, калі 1) кожнае выкарыстанне лічыце маніпуляцыяй і 2) генезіс і сутнасць з'явы падмяняеце адным з некарэктных яе выкарыстанняў.

    Паказальна тое, што пішыце гэта пад артыкулам пра лукашэнкаўскую "картку беларуса". У сучаснай сістэме паняццяў рэжыму РБ усё перавернута: "мір" і "вайна", "тэрарызм", "сацыяльная дзяржава", "патрыятызм", "беларускае". Таму і з карткай падман і прафанацыя.
    Але калі так, то і не трэба абагульняць на ўвесь свет на прыкладзе маніпуляцый рэжыму.

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»37

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Усе навіны →
Усе навіны

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён1

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы6

«Усё залежыць ад чалавека, які праводзіць допыт». Беларуска падзялілася досведам праходжання фільтрацыі на мяжы5

Тры маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень2

За апошнія два дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 11 рэкордаў цяпла

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы22

Лукашэнка спадзяецца, што расіяне знойдуць яму нафту на Гомельшчыне8

У Грозным адбыўся магутны выбух3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»37

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Галоўнае
Усе навіны →