«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі
З амаль чатырох гадоў за кратамі палову тэрміну пенсіянерка Алена Гнаўк правяла ў ШІЗА і ПКТ. Умовы ў баранавіцкім СІЗА №6, дзе людзей трымаюць да суда, значна горшыя, чым у Зарэцкай калоніі для жанчын-рэцыдывістак. «Радыё Свабода» расказала гісторыю 68‑гадовай актывісткі з Пружан.

Пружанская актывістка Алена Гнаўк, якой цяпер 68 гадоў, правяла за кратамі 3 гады і 11 месяцаў — з 11 студзеня 2022 па 13 снежня 2025 года. У траўні 2021 года пенсіянерку асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» — паводле «народнага» 342‑га артыкула ў так званай «карагоднай справе» (кожныя выхадныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Брэсце ладзілі «карагод», за які былі асуджаныя больш за 130 чалавек). Пасля жанчыну судзілі яшчэ за «паклёп на прэзідэнта» — у суме атрымалася 3 гады абмежавання волі.
11 студзеня 2022 года Алену затрымалі і далі 15 сутак за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі». Але на свабоду яна больш не выйшла — завялі чарговую крымінальную справу паводле двух артыкулаў: 367 («паклёп на прэзідэнта») і 369‑1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») — за ролікі, размешчаныя ў сацыяльных сетках.
17 чэрвеня 2022 года 65‑гадовую пенсіянерку асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі і штраф 3200 рублёў. Яна трапіла ў Гомельскую папраўчую калонію № 4. Аднак увесну 2023 года з ініцыятывы адміністрацыі на спадарыню Гнаўк завялі трэцюю крымінальную справу — за «злоснае непадпарадкаванне» адміністрацыі паводле артыкула 411. І дадалі яшчэ год пазбаўлення волі. Такім чынам, агульны тэрмін, на які асудзілі Алену Гнаўк, — 4,5 гады.
Памілаванне за 2 месяцы да сканчэння тэрміну
Апошнія два з паловай гады Алена Гнаўк правяла ў калоніі № 24 для жанчын-рэцыдывістак у пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёна. Толькі ў гэтай установе яна 180 дзён адседзела ў ШІЗА (штрафным ізалятары) і 6 месяцаў у ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Больш за год Алену трымалі ў рэжыме інкамунікада, без сувязі з вонкавым светам.
На волю Алена Гнаўк павінна была выйсці 21 лютага 2026 года, аднак яе памілавалі за два месяцы да поўнага адбыцця тэрміну і выправадзілі ва Украіну. Адтуль яна выехала ў Польшчу, апынулася ва Уроцлаве і спрабуе наладзіць там новае жыццё.

Калі ўвосень 2025 году з дапамогай амерыканскіх дыпламатаў вызвалілі вялікую групу палітвязняў, астатнія таксама спадзяваліся на «вялікую ўгоду». Алена Гнаўк узгадвае, як яе запрасілі ў аператыўны аддзел Зарэцкай калоніі № 24 і задалі пытанне, ці гатовая яна ў разе вызвалення выехаць за мяжу.
«Я здзівілася і перапытала: калі адкажу «не», ці будзе гэты адказ уплываць, вызваляць мяне або не? Атрымала адказ, што, маўляў, не паўплывае. Натуральна, пацікавілася, колькі чалавек вызваляць і як доўга чакаць. Мне начальнік аператыўнага аддзела адказаў, што наша вызваленне будзе ў дні прыезду Трампа ў Еўропу для сустрэчы з Пуціным. І што плануецца адпусціць на волю каля 50 чалавек. Але штосьці пайшло не так, і маё вызваленне зацягнулася.
У канцы лістапада мяне чарговы раз пасадзілі ў ШЫЗА на 15 дзён. Падумала, што, магчыма, не даседжу: вызвалюся раней — з штрафнога ізалятара адразу на волю. Але адседзела да канца і прабыла яшчэ 3 дні ў атрадзе. У нас быў стары музычны цэнтр, у якім працавала толькі радыё. Увесь атрад быў на працы, заставаліся толькі так званыя «дамашнія», што не ходзяць на фабрыку — некалькі пенсіянераў, загадчык гаспадаркі.
Чую я па радыё навіну, што Лукашэнка сустрэўся са спецыяльным пасланнікам Трампа Коўлам, і думаю: «Мой час прыйшоў». Адразу некаторыя свае рэчы пакінула іншым асуджаным. А 22‑й адбой, легла спаць. Падыходзіць дзяжурны, кажа: «Ціха ўстаем, збіраемся і на выхад»», — узгадвае спадарыня Алена.
«Забралі ўсе паперы, лісты, копіі прысудаў»
З 24‑й калоніі памілавалі двух чалавек — Алену Гнаўк і Вікторыю Кульшу, якой да асноўнага двухгадовага тэрміну 4 разы дадавалі па адным годзе паводле 411‑га артыкула — за «злоснае непадпарадкаванне». Але на той момант Вікторыю вывезлі ў СІЗА ў Гомелі для дачы нейкіх паказанняў. Так што ўласна з Зарэчча Гнаўк вывозілі адну.

«Мяне вывелі з камеры, абшманалі, зрабілі ператрус рэчаў. Я надзела турэмную ружовую сукенку — хацела вынесці яе для музея. Але мне загадалі пераадзецца ў сваю вопратку. Так што сукенку мне не аддалі. І іншыя турэмныя сукенкі, строі, турэмны абутак, за які я заплаціла з уласнай пенсіі, таксама не далі забраць. Я крыху паспрачалася: маўляў, напішу скаргу. Думала, мяне ўначы і выпусцяць», — узгадвае падзеі месячнай даўніны спадарыня Алена.
Ёй выдалі пасцель, але было не да сну, прызнаецца суразмоўца. А 7‑й раніцы прынеслі сняданак, настрой быў узнёслы, аднак і наастачу спрабавалі яго сапсаваць.
«Я ветліва папрасіла вывесці мяне ў прыбіральню. А мне маладая кантралёрка кажа: прасіце «па дакладу, з поўным пералікам артыкулаў, экстрэмісцкага статусу». Я адмовілася: маўляў, я ўжо вольны чалавек! Супрацоўніца калоніі ашалела, пачала патрабаваць, каб я дакладала «па форме», камусьці тэлефанавала — нарэшце ўсё ж вывела.
А палове на 11‑ю па мяне прыйшлі, аддалі рэчы. Я пытаюся: «А дзе мае лісты, архівы, запісы, копіі прысудаў?» — «Паперы выносіць нельга!» Я пачала тлумачыць, што гэта парушэнне закона. Але было зразумела, што яны выконваюць загад. Так што папераў мне наогул не аддалі. З калоніі я вынесла толькі маленькую кніжачку Новага Запавету, якую мне падаравала адна з асуджаных, і я яе таксама захавала», — кажа суразмоўца.

Тры чалавекі з закрытымі тварамі пасадзілі жанчыну ў легкавік, надзеўшы кайданкі на рукі і закрыўшы вочы нейкім пакетам. Краем вока яна бачыла шматпавярховыя дамы, зразумела, што гэта Гомель.
«Я пачала гэтых ахоўнікаў прысаромліваць: маўляў, «я пенсіянерка, а вы закрываеце мне твар — чаго баіцеся?» Прывезлі ў нейкае поле, побач ускраек лесу. На паляне два вялікія аўтобусы, мяне пасадзілі першай, кайданкі знялі толькі ў аўтобусе. Пазней прывезлі іншых дзяўчат з гомельскай калоніі. Падвезлі мужчын з закрытымі тварамі (у каго шапка на вочы насунутая, у каго балаклава — усе былі са звязанымі рукамі). Мне таксама надзелі нейкія пластыкавыя кайданкі. Але маску я з твару сарвала. Куды нас вязуць, мы не мелі паняцця. Думалі спачатку, што ў Вільню. Калі ўбачылі, што ва Украіну, вельмі здзівіліся. Ужо на мяжы сустрэлася з Машай Калеснікавай, з якой мы ўвесну 2023 года сядзелі ў гомельскім ШІЗА і на шпацыры маглі перакінуцца словамі», — узгадвае спадарыня Алена.
Цёплае стаўленне ўкраінцаў
Вызваленых беларусаў ва Украіне вельмі ўразілі разбітыя дарогі, барыкады, павалены лес — роўненька ляжалі паваленыя ў адзін бок дрэвы. Алена Гнаўк расказвае, што калі ўжо ехалі ў Польшчу, жанчына запыталася ў супрацоўніка СБУ, які суправаджаў беларусаў, чаму дрэвы так роўна ляжаць. Той адказаў, што гэта пасля ракетных удараў.
«Ва Украіне да беларусаў паставіліся вельмі цёпла, прыязна, многіх прынялі наогул без пашпартоў. Адразу прыйшлі лекары, запыталіся, хто на што скардзіцца. Супрацоўнікі СБУ таксама запыталіся, што найперш патрэбна. Мы сказалі, што сувязь — тэлефоны, каб набраць родных. Прыйшлі валанцёры «Вясны», дапамаглі знайсці кантакты маіх дзяцей. Бо год я правяла ў рэжыме інкамунікада, у мяне не было кантактаў. Нам прывезлі тэлефоны, адзенне — вялікі ім дзякуй! Я вельмі кранутая такім цёплым стаўленнем украінцаў, проста да слёз!» — прызнаецца Алена.

З беларусамі працавалі валанцёры, пыталіся, куды яны далей хочуць ехаць. Людзі не маглі вызначыцца, спачатку размова ішла пра Вільню.
«Прадстаўнік СБУ агітаваў за Літву, казаў, што Трамп нам аплаціў перабыванне ў Вільні, нас там чакаюць. Валанцёрка Алена раіла ехаць у Польшчу — маўляў, там лепш ставяцца да эмігрантаў. Я не ведаю, як праходзілі перамовы. Але большасць — каля 90 чалавек — нарэшце паехала ў Польшчу, у Літву менш за 20 чалавек. Нас цёпла сустрэлі ў Варшаве, размясцілі ў гатэлі. І праз дні чатыры многіх развезлі па гарадах. Я паехала ва Уроцлаў, дзе жыве мая малодшая дачка Аляксандра. І цяпер за кожным чалавекам замацаваны валанцёр, які дапамагае ва ўсім. Дакументы на міжнародную абарону мы ўжо падалі.
Амаль чатыры гады ў калоніі ў мяне не балелі зубы — я загадала свайму арганізму не хварэць. А ў першы дзень на волі забалеў зуб. Са мной ужо звязаліся стаматолагі…» — кажа Алена.
Баранавіцкі СІЗА
Прайшоўшы некалькі ізалятараў часовага ўтрымання і СІЗА (у тым ліку баранавіцкае, гомельскае, мінскую Валадарку), экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, дзве жаночыя калоніі, Алена як самы страшны сон узгадвае знаходжанне ў баранавіцкім СІЗА № 6.
«Такіх скоцкіх адносін, як у Баранавічах, я нідзе не сустракала. Там быў менавіта псіхалагічны здзек. Мы знаходзімся ў СІЗА яшчэ ў статусе падазраваных, а нас ужо лічаць экстрэмістамі! Жоўтых бірак на грудзях няма, але на нарах такія біркі ўжо павесілі. Кожны дзень абыход: «жоўтабірачнікі» павінны стаяць тварам да кантралёраў. Даклад: «я такая і такая, з'яўляюся падазраванай па справе, артыкул такі, на прафілактычным уліку не стаю».
Але, напрыклад, была ў нас маладая жанчына Марына, ёй каля трыццаці. Яна гадоў у 15 рэзала сабе вены, у калоніі ўбачылі шнары на руках і загадалі ёй казаць, што яна схільная да суіцыду. А калі да «кармушкі» падыходзіць, прабачце, «саплівая» кантралёрка і па 10 разоў у дзень патрабуе ад Марыны паўтараць, што яна «схільная да суіцыду і наўмыснага калецтва», тая пачынае вар'яцець», — кажа спадарыня Алена.

Гнаўк расказвае, што свой першы карцар яна атрымала на трэці дзень. «Палітычных» заўсёды «сялілі» на другі паверх нараў, не зважаючы на ўзрост. Адтуль 64‑гадовая жанчына спусцілася не імгненна, а на пару хвілін пазней — пачакала, пакуль дзяўчына з першага паверха засцеле ложак. Кажа, што ніколі не забудзе гэты карцар.
«Да карцара з камеры 20 секунд хады, але цябе вядуць па лабірынце пад зямлёй з рэчамі, у тапках па костачку ў вадзе. Я «адмярала» час малітвай — малітва мая доўжыцца прыкладна 1 хвіліну, паспеўшы 6—7 разоў яе прачытаць па дарозе.
Карцар — «стакан», нары прыкручаныя да сцяны, а прыбіральня — на пастаменце на метровай вышыні, вузкая, як тумбачка, туды залезці амаль немагчыма. Я разумею, што не здолею. Выйсце адно — не хадзіць у прыбіральню, то-бок не есці. І я адмовілася ад ежы. За гэта на мяне складаюць рапарт, дадаюць да «экстрэмісцкай» яшчэ адну катэгорыю: «схільная да суіцыду і наўмыснага калецтва». Ні адно знаходжанне ў ШІЗА ці ПКТ так доўга не цягнулася, як карцар у Баранавічах», — расказвае Гнаўк.

Як перакананая верніца, Алена адмовілася вымаўляць фразу «схільная да суіцыду» і атрымала зноў карцар. Сам СІЗА месціцца ў вельмі старым будынку, кажуць, некалі там была стайня. Прыбіраць у маленькім карцары трэба было роўна 1 гадзіну і ні хвілінай менш.
«Ні анучы, ні шчоткі «не паложана», была толькі туалетная папера. Прашу выдаць яршок, каб страшны ўнітаз памыць. Супрацоўнікі рагочуць: «Ага, зараз прынясём яршок». Потым усё ж далі шчотку без ручкі. Падмяла смецце, а яго няма куды падзець, кажуць кідаць ва ўнітаз і прапануюць унітаз мыць гэтай жа шчоткай. «Чаму сцены не памылі?» — «А чым іх мыць?» Марудна мусолю падлогу, сцены… Зноў атрымліваю карцар — за тое, што не прыбірала яго як след, і так бясконца.
А пазней мяне змясцілі ў іншы карцар — з «еўрарамонтам»: выкладзены пліткай, з вакенцам, з прыгожым унітазам. Давалі на ноч пасцельную бялізну. Днём я сядзела на ўнітазе і магла нават цягам адной гадзіны кніжку пачытаць», — узгадвае жанчына.
100 дзён у ШЫЗА, 3 месяцы ў ПКТ
Усяго Алена Гнаўк правяла ў карцары Баранавіцкага СІЗА 80 дзён. Потым быў суд у Пружанах паводле двух артыкулаў: «паклёп на прэзідэнта» і «дыскрэдытацыя ўлады». Яна атрымала 3,5 гады зняволення і апынулася ў жаночай калоніі № 4 у Гомлі. Там правяла ўсяго 8 месяцаў, а з іх 3 месяцы ў ПКТ і 100 дзён у ШЫЗА. Потым — новая крымінальная справа за «злоснае непадпарадкаванне», яшчэ адзін суд, дзе пенсіянерцы дадалі год зняволення. І перавод у калонію для рэцыдывістаў у Зарэчча.
Спадарыня Алена кажа, што розныя людзі працуюць у калоніях. Ёсць больш-менш нармальныя, ёсць такія, якія хочуць выслужыцца перад уладай і здзекуюцца з асуджаных.

«Выжывалі мы дзякуючы тым людзям, у якіх усё ж ёсць чалавечыя якасці, годнасць, якія могуць часам заплюшчыць вочы на пэўныя моманты, каб не прычыніць людзям лішні боль. Дык вось, калі мяне праводзілі з ПК-4 у ПК-24, казалі, што там рэжым лягчэйшы. Хоць гомельская калёнія для «першаходаў», а зарэцкая — для «рэцыдывістаў», куды некаторыя па восьмым разе траплялі, па 30 гадоў турэмнага стажу мелі. Дарэчы, у ПК-24 я заўсёды спала на ніжніх нарах», — кажа пенсіянерка.
Яна дадае, што ў гомельскай калоніі № 4 былі не дзве праверкі ў дзень, а чатыры. «Жоўтабірачнікі» мусілі выходзіць на вуліцу і дакладаць па поўнай праграме.
«Мы чакалі на холадзе да паўгадзіны, пакуль начальства прыйдзе і заслухае нашы доўгія даклады. А ў 24‑й калоніі былі толькі дзве праверкі ў дзень. Мы не выходзілі на вуліцу, а збіраліся каля «тумбачкі» дзяжурнага», — называе перавагі больш жорсткай калоніі палітзняволеная.
І падсумоўвае: начальнік ПК-24 Дзмітрый Мікалаевіч Курловіч — больш адэкватны чалавек.
«Такіх здзекаў, як у Гомелі, у Зарэччы не было. Нават калі да нас прыязджала начальства, а я сядзела ў ШЫЗА ці ПКТ і ў мяне пыталіся пра скаргі, я казала: «Хачу выказаць падзяку начальніку ПК-24 Курловічу, бо была і ў «чацвёрцы», і тут. І калі мы прыйдзем да ўлады, начальства з 4‑й калоніі будзем судзіць. Што да 24-й, магчыма, кагосьці здымем з працы, але да крымінальнай адказнасці начальства прыцягваць не будзем». Пытаюцца: «А чаму?» Адказваю: «Найперш за іх стаўленне да хлеба. З сталоўкі гомельскай калоніі ні крошачкі хлеба нельга вынесці. А наш беларускі народ да хлеба ставіцца як да святыні.
Калі я толькі трапіла ў каранцін у 4‑ю калонію, была здзіўленая, што недаедзены хлеб трэба было выкідваць у сметніцу. Нельга было ўзяць ні кавалачка (сабе на бутэрброд ці коцікам, якіх шмат на тэрыторыі). А з дазволу начальніка 24‑й калоніі хлеб можна было браць з сабой — і гэта вялікая палёгка для тых, хто не атрымлівае перадачы», — кажа Алена Гнаўк.
Тым не менш, за два з паловай гады, праведзеныя ў калоніі № 24 (з ліпеня 2023 па 13 снежня 2025 года), 180 дзён пенсіянерка правяла ў ШІЗА і 6 месяцаў (нават крыху больш, чым у ШМЗА) — у ПКТ. Да таго ж цэлы год яна знаходзілася ў рэжыме інкамунікада і нават не ведала, што яе малодшай дачцэ Аляксандры ў 2024 годзе давялося праз пераслед з трыма дзецьмі з’ехаць з Беларусі ў Польшчу.
Калі падсумаваць усе пакаранні, атрымліваецца, што з 3 гадоў і 11 месяцаў «адседкі» амаль палову тэрміну Алена Гнаўк правяла ў ШІЗА і ПКТ.
Дапамога для беларусаў
Па адукацыі Алена Гнаўк — юрыстка, скончыла Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут (цяпер Маскоўскі юрыдычны ўніверсітэт імя Кутафіна), пазней атрымала другую вышэйшую адукацыю — вучылася на факультэце міжнароднай эканомікі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін. З часоў перабудовы займалася праваабарончай дзейнасцю. Разам з заснавальнікам праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім удзельнічала ў канферэнцыі расійскага «Мэмарыяла», была знаёмая з акадэмікам Андрэем Сахаравым.
Перад затрыманнем Алена Гнаўк жыла ў Пружанскім раёне. У 2020‑м ездзіла на ўсе акцыі пратэсту ў Брэсце і Мінску. У калоніях пісала шматлікія скаргі на ўмовы ўтрымання на імя генеральнага пракурора ды ў іншыя інстанцыі.
Апынуўшыся на свабодзе, Алена збіраецца змагацца за вызваленне астатніх палітвязняў, рыхтаваць дакументы ў міжнародныя структуры. Яна таксама заклікае ўсіх ахвотных дапамагаць вызваленым, ахвяраваўшы на іх жыццё пасля выхаду з Беларусі.
«Усе мы чакаем вызвалення ўсіх астатніх палітвязняў — а іх у калоніях застаецца яшчэ больш за 1 тысячу. Людзей, хутчэй за ўсё, зноў будуць дэпартаваць. Іх неабходна будзе размяшчаць, дамагаць матэрыяльна. Я вельмі ўдзячная ўсім валанцёрам, добрым людзям за дапамогу. Асабліва беларускай суполцы Уроцлава, а таксама гаспадарам шэлтара, дзе прытулілі былых зняволеных. Але спатрэбяцца новыя прытулкі, калі выйдзе новая група вызваленых, неабходна фінансаванне», — перакананая Алена Гнаўк.
Каментары
Здоровья и сил желаю, чтобы дожить до суда над всеми псами системы, как ик-4, так и ик-24, которые выполняли противоправные приказы.