На волю выходзіць Наталля Ладуцька, якую адправілі ў калонію за пасылкі палітвязням
Суд паставіў ёй у віну 177 пасылак і грашовых пераводаў іншым арыштаваным.

Сярод вызваленых 19 сакавіка — 61‑гадовая Наталля Ладуцька. Пасля вызвалення жанчыне дазволілі застацца ў Беларусі.
Наталлю Ладуцьку затрымалі ў студзені 2024 года — за дапамогу палітвязням. Праз год адбыўся суд — абвінавачвалі пенсіянерку ў садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса). Ёй далі 4 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф 25 200 рублёў.
У справе пенсіянеркі з Мінска пералічана 177 эпізодаў — гаворка ідзе пра грашовыя пераводы і пасылкі. Вось некалькі прыкладаў таго, што ставілася ў віну: пералічыла 100 рублёў на турэмны рахунак вязня, даслала пасылку вагой 4 кілаграмы. Першае адпраўленне адбылося ўлетку 2021 года, апошняе — у снежні 2023 года, за месяц да затрымання жанчыны.
Атрымліваецца, што Наталля рабіла адпраўленні трохі больш за два гады. За гэты час, згодна з матэрыяламі справы, яна пералічыла больш чым 4000 рублёў і адправіла пасылак больш як на 500 кілаграмаў.
Тэрмін Наталля адбывала ў гомельскай жаночай калоніі.
Каментары