Гісторыя4141

Дзе каранаваўся Міндоўг?

Пытанне аб месцы каранацыі Міндоўга — Наваградак, Кернаў ці Вільня — на працягу стагоддзяў застаецца прадметам навуковых дыскусій, заснаваных на супярэчлівых звестках позніх хронік. У новым выпуску падкаста «Magistra Svita налева пашыта» гісторык Цімох Акудовіч расказвае, чаму гэта наогул адбылося, хто і навошта даў карону невядомаму язычніцкаму князю з перыферыі Еўропы? Прыводзім асноўнае.

Фрагмент пячаткі, якую прыпісваюць Міндоўгу пад 1255 годам, з выявай караля на стальцы. Фота: Wikimedia Commons

Як даводзіць Акудовіч, каб зразумець, дзе і чаму каранавалі Міндоўга, трэба найперш убачыць вялікі палітычны кантэкст XIII стагоддзя — эпохі, калі Еўропа перажывала барацьбу папства і імперыі, а з усходу на яе насоўвалася мангольская пагроза.

Пагроза з Усходу

У цэнтры гісторыі, паводле Акудовіча, аказваецца Папа Інакенцій IV, якому даводзілася не толькі весці жорсткую барацьбу з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыхам II, але і шукаць адказ на зусім іншую пагрозу — мангольскае нашэсце. Пасля таго як ардынцы спустошылі Русь, уварваліся ў Польшчу, Венгрыю і Харватыю, у Еўропе ўсур’ёз загаварылі пра небяспеку для ўсяго хрысціянскага свету.

Першай спробай стаў дыпламатычны кантакт з самімі манголамі. Аднак яны ніякага выніку не далі. Манголы проста не зразумелі логікі Рыма: з іх гледзішча любое пасольства мусіла прыязджаць не з прапановамі, а з пакорай.

Тады Папа стаў шукаць на ўсходзе новых саюзнікаў сярод рускіх князёў, каб стварыць магутны мур з хрысціянскіх дзяржаў на ўсходзе. Пачаліся доўгія перамовы з адной галоўных фігур таго часу на Русі — галіцкім князем Данілам Раманавічам.

Папа абяцаў яму карону і крыжовы паход супраць манголаў у абмен на пераход у каталіцтва. Даніла манеўраваў: яму патрэбна было войска, а не проста тытул. Паралельна Інакенцій IV спрабаваў дамовіцца з Аляксандрам Неўскім, пераконваючы яго, што яго бацька перад смерцю нібыта прыняў каталіцтва.

Але пакуль рускія князі сумняваліся і выстаўлялі ўмовы, на палітычнай сцэне з’явіўся новы гулец.

Міндоўг: Чалавек, які змяніў правілы

У сярэдзіне XIII стагоддзя Міндоўг здолеў зрабіць немагчымае: аб’яднаць разрозненыя літоўскія плямёны і захапіць багатыя гарады Панямоння (Наваградак, Слонім, Ваўкавыск), якія знаходзіліся пад уладаю Данілы Галіцкага.

Гэта паставіла яго ў стан вайны з усімі суседзямі: адначасова супраць яго выступіў не толькі галіцка-валынскі князь, але і лівонскія рыцары, а таксама ўласныя пляменнікі.

Здавалася, што становішча Міндоўга безнадзейнае. Але менавіта тут ён праявіў сябе як вельмі гнуткі і хітры палітык. Ён прапанаваў мір свайму самаму лютаму ворагу — Лівонскаму ордэну. А падчас асабістай сустрэчы магістр ордэна Андрэас фон Штырланд прапанаваў язычніку Міндоўгу хрысціцца. За гэта магістр абяцаў здабыць каралеўскую карону для яго ад Папы. Міндоўг пагадзіўся.

Дэтэктыў з месцам каранацыі

У 1251 годзе Міндоўг, яго жонка Марта і двое сыноў былі ахрышчаныя. Пасля ў Рым накіравалі пасольства з просьбай пра карону. Інакенцій IV на здзіўленне лёгка пагадзіўся. Для Міндоўга і Марты вырабілі дзве кароны, а біскуп Гейнрых разам з прадстаўнікамі ордэна паехаў у Літву, каб здзейсніць каранацыю.

Хрышчэнне Міндоўга. Фрагмент карціны «Бласлаўлёны Віт». Невядомы мастак XVII ст. Фота: Wikimedia Commons

Дзе менавіта Гейнрых усклаў карону на галаву Міндоўга і яго жонкі Марты? У адзінай надзейнай крыніцы — «Лівонская рыфмаваная хроніка» — зусім няма згадак пра месца каранацыі.

Толькі праз 300 гадоў гісторык Мацей Стрыйкоўскі пачаў называць канкрэтныя гарады. Прычым сам сабе супярэчыў: у дзвюх сваіх паэмах ён пісаў пра Кернаў, а ў сваёй галоўнай працы — «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» — пра Наваградак.

Гісторыкі на падставе трох згадак у тэкстах Стрыйкоўскага выбудоўваюць дзясяткі розных версій, якія самымі рознымі спосабамі спрабуюць даказаць, што каранацыя прайшла ці то ў Наваградку, ці то ў Кернаве, ці то ў Вільні.

Адны даследчыкі спрабуюць аднавіць маршруты дэлегацый і вылічыць, дзе ім было зручней сустрэцца. Іншыя шукаюць археалагічныя сляды старых касцёлаў, зыходзячы з таго, што каранацыя мусіла адбыцца ў адпаведным храме. Трэція спрабуюць прывязаць падзею да таго горада, які лічаць тагачаснай сталіцай.

Але, як адзначае Акудовіч, пакуль што ні ў каго не атрымалася стварыць сапраўды моцныя версіі. Больш за тое, сам падыход можа быць памылковым. Па ягоных словах, месца каранацыі не мела ніякага сакральнага значэння. У тых умовах яна была найперш хуткай палітычнай аперацыяй.

Таму зусім не выключана, што абрад адбыўся не ў сталіцы і нават не ў вялікім горадзе, а проста там, дзе ў той момант сустрэліся ўсе патрэбныя ўдзельнікі.

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «Палонія», 1824. Фота: Wikimedia Commons

Дзве кароны і канец казкі

Цікава, што поспех Міндоўга падштурхнуў Данілу Галіцкага, які ў снежні таго ж 1253 года нарэшце прыняў карону ў Дарагічыне (цяпер гэта маленькі гарадок у Польшчы на мяжы з Украінай).

Так у рэгіёне амаль адначасова паўсталі два новыя каралеўствы — Русі і Літвы. Пэўны час гэта нават выглядала як пачатак новай стабільнасці. Міндоўг і Даніла здолелі спыніць вайну, умацаваць мір і нават змацаваць яго дынастычным шлюбам сына Данілы і дачкі Міндоўга.

Але гэтая гісторыя хутка пайшла ў іншы бок. Папа так і не сабраў абяцанае войска супраць манголаў. У 1257 годзе манголы прымусілі Данілу ісці разам з імі вайной на Літву. Саюз рассыпаўся.

Унутры Літвы таксама закіпела. Пляменнік Міндоўга Транята, зацяты язычнік, падняў паўстанне супраць крыжакоў і разбіў іх у бітве пры Дурбэ ў 1260 годзе. Ён паставіў Міндоўгу ўльтыматум: альбо ты вяртаешся да багоў продкаў і ўзначальваеш язычніцкі рух, альбо губляеш уладу.

Міндоўг выбраў уладу. Ён публічна адрокся ад хрысціянства, аўтаматычна страціўшы права на карону ў вачах Еўропы. Праз некалькі гадоў, у 1263-м, Міндоўг і яго сыны-хрысціяне былі забітыя змоўшчыкамі.

Сучасная Літва адзначае Дзень дзяржавы 6 ліпеня — у дзень каранацыі Міндоўга. Але, па словах Акудовіча, гэта не дакладна вядомая, а сімвалічна выбраная дата. Дакладна вядома толькі, што каранацыя адбылася на працягу лета 1253 года.

Каментары41

  • Lizdeikis Perkūnaitis
    08.04.2026
    Dėjau skersą ant tavo juokingų dievų.
  • Пытаннечка
    08.04.2026
    А калі, паводле Акудовіча, Міндоўг захапіў Наваградак?
  • Акудовіч
    08.04.2026
    Прабівае летувіскія наратывы за польскія грошы. Белыя русы развесілі вушы.

Цяпер чытаюць

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі19

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія дроны падбілі два расійскія верталёты ў Варонежскай вобласці ВІДЭА1

«Я не бомж, у мяне нават белыя шкарпэткі». У Мінску дзяўчына з Луганска расклала палатку проста ў пад'ездзе шматпавярховіка, устрывожыўшы жыхароў20

У Крычаве котка дапамагае курыцы даглядаць куранят ВІДЭА

Чаму некаторыя лекі каштуюць 2 мільёны даляраў? Тлумачыць эксперт6

Кітай заблакаваў спробу Meta выкупіць распрацоўшчыка агента штучнага інтэлекту Manus

Стала вядома імя пятага абмененага шпіёна, якога Польшча аддала Расіі1

Пад Салігорскам два кіроўцы па чарзе наехалі на аднаго і таго ж чалавека

Адна з авіякампаній увяла ў сваіх самалётах спальныя месцы

«Эфект вечнага лета». У Беларусі ўжо ў канцы красавіка дзе-нідзе растуць падасінавікі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі19

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць