У звычайным мінскім шматпавярховіку хаваецца сапраўдны палац. У яго рамонт уклалі мільёны
Недалёка ад самага цэнтра горада стаіць цалкам звычайны шматпавярховы дом, міма якога сотні мінчукоў штодня ідуць па сваіх справах. Але мала хто з мінакоў здагадваецца, што за яго фасадам хаваецца сапраўдны палац. Два паверхі, 341 «квадрат», інтэр'ер у стылі барока з дарагой італьянскай мэбляй, дзе толькі кухня каштуе амаль як аднапакаёвая кватэра.

Кватэра знаходзіцца ў шматпавярховіку пад №4 на вуліцы Ціміразева, непадалёк ад перакрыжавання з праспектам Машэрава (злева ў пары сотняў метраў — ЖК «Каскад»), піша Onliner.by.
Будынак пабудавалі ў 2008 годзе. Для Мінска таго часу такая маналітна-каркасная пабудова лічылася прыкладам элітнага жылля. Асаблівы статус дому забяспечылі некалькі рэчаў: прэстыжная лакацыя і панарамныя віды на праспект Машэрава, закрытая тэрыторыя і падземны паркінг (так, цяпер гэтым ужо нікога не здзівіш, а тады яшчэ можна было).

Будынак узводзілі ў тую самую эпоху, калі людзям, якія выраслі ў цесных хрушчоўках, больш не хацелася абмяжоўваць сябе ў метражы. Забудоўшчык стараліся задаволіць гэтыя жаданні, таму на рынку нерухомасці з'яўляліся кватэры плошчай больш за 100 «квадратаў». Тут цэлы 341 квадратны метр.
Цяперашнія ўладальнікі набылі жыллё, калі дом толькі пабудавалі. Першапачаткова гэта былі дзве асобныя кватэры на 11‑м і 12‑м паверхах — кожная па 170 «квадратаў». Іх вырашылі аб'яднаць у адну. Працэс узгаднення заняў некалькі месяцаў, як і наступная рэканструкцыя. Рамонт гэтай велізарнай прасторы, супастаўнай па памерах з паўнавартасным катэджам, заняў некалькі гадоў.


Трапіць у кватэру можна з любога ўзроўню. Парадны ўваход размяшчаецца на ніжнім паверсе і вядзе ў вітальню, якая перацякае ў хол з лесвіцай, а далей — у гасціную.
На першым паверсе таксама размяшчаюцца спальня, кухня са сталовай зонай і санвузел. На другі ўзровень можна трапіць не толькі знутры, па лесвіцы, але і звонку (уваход арганізаваны праз пральню). Тут знаходзяцца яшчэ тры спальні і два санвузлы.


За распрацоўку дызайн-канцэпцыі адказвала студыя Nota Bene, якая працуе па ўсёй Еўропе. Аднак напаўненнем кватэры займаліся самі ўладальнікі. Для гэтага некалькі разоў давялося з'ездзіць на вытворчасць у Балонью, каб у жывую падабраць матэрыялы, формы і дэкаратыўныя элементы.
— Жыллё цалкам абстаўлена мэбляй італьянскага брэнду Visionnaire — гэтая фабрыка стварае інтэр'еры для прыватных рэзідэнцый, яхт і дарагіх гатэляў. Кампазіцыя збіраецца па прынцыпе total look: усё, што вы бачыце, — ад мэблі да свяцільнікаў і нават фурнітуры, — зроблена менавіта там, прычым некаторыя дэталі вырабленыя ўручную, — распавядаюць гаспадары.

Брэнд прытрымліваецца філасофіі meta-luxury. Як зразумела з назвы, гэта люкс, памножаны на люкс (магчыма, двойчы). На гэта недвухсэнсоўна намякае не толькі візуальная складовая — пазалочаныя ажурныя тумбачкі, мармуровыя сталы, ляпніна проста на кухонных фасадах, — але і цэннік. Напрыклад, толькі адзін ложак каштуе каля €18 000 па курсе (за гэтыя ж грошы можна набыць новенькі Belgee).
У стылістыцы інтэр'ер пабудаваны на стыку ар-дэко, сучаснага барока і класікі. Галоўны акцэнт тут зроблены на спалучэнні складаных фактур і матэрыялаў.
У афармленні пакояў выкарыстаныя скура страуса і вугра, натуральнае футра і шоўк, мармур і паўкаштоўныя камяні, масіў дрэва, храмаваная і пазалочаная сталь. Нават дываны тут вырабляліся ўручную.


Першае, што сустракае гасцей на ніжнім узроўні, — светлы перадпакой з люстэркам ад падлогі да столі, заключаным у мяккую раму ў стылі капітонэ (раней гэтую тэхніку выкарыстоўвалі для абіўкі салона карэты).
У калідоры ўсталяваная аксамітная банкетка і шафы, якія таксама маюць прыемную абіўку з тканіны.


Адсюль госці трапляюць у хол з «воблачнай» лесвіцай, вырабленай на заказ. Яна складаецца з суцэльных мармуровых прыступак з ажурнымі каванымі парэнчамі.


Большую частку першага паверха займае гасцёўня, прычым яна падзелена на дзве паўнавартасныя часткі — тут можна без цяжкасцяў арганізаваць званую вячэру на некалькі дзясяткаў чалавек.
Адна з частак абсталяваная вакол электрычнага каміна, упрыгожанага скульптурамі херувімаў і састарэлым шклом з пацінай, што стварае крыху містычную атмасферу. Побач знайшлося месца для хатняй бібліятэкі.
Што цікава, кнігі для яе таксама падбіралі дызайнеры (відаць, каб нішто візуальна не выбівалася з агульнай канцэпцыі).


Другую частку гасцёўні займаюць скураныя канапы з карэтнай сцяжкай і хатні кінатэатр. Ззаду прадугледжаны бар са стойкай з масіву дрэва, пакрытага чорным лакам. Шматузроўневая столь паўтарае матыў са састарэлым шклом, а таксама абстаноўку дапаўняюць таршэры ў чалавечы рост.



Кухня-сталовая абышлася ўладальнікам больш як €53 000 у эквіваленце — яе выраблялі па індывідуальным праекце на той жа фабрыцы ў Балонні. Беласнежныя фасады з масіву дрэва ўпрыгожаныя ляпнінай, а рабочая паверхня і абедзенны стол выкананыя з суцэльнага кавалка мармуру. У якасці акцэнтаў — люстры з муранскага шкла, парцалянавыя вазы і аздабленне сцен фіялетавым аксамітам з люстранымі ўстаўкамі.
Нягледзячы на ўрачыстасць абстаноўкі, кухня атрымалася дастаткова функцыянальнай. Тут ёсць уся неабходная тэхніка: убудаваная кава-машына, духавая шафа, мікрахвалевая печ, халадзільнік. Пры гэтым за асобнымі дзвярыма знаходзіцца яшчэ адно памяшканне, якое нагадвае класічны пакойчык для прыслугі. Насамрэч гэта яшчэ адна зона для захоўвання: унутры ўсталявалі дадатковыя шафы, другая лядоўня і вінная шафа з падсветкай і кантролем тэмпературы.



Гасцявую спальню на першым паверсе аформілі ў спакойнай бэжава-шэрай гаме. У цэнтры пакоя — масіўны ложак з падгалоўем, дэкараваным разьбянымі вензелямі і пазалотай. Прыложкавыя тумбачкі пафарбаваныя ў залацістае адценне і замацаваныя непасрэдна на сцяне, дзякуючы чаму нібыта лунаюць у паветры.
У нішу паміж дзвюма ўбудаванымі шафамі інтэгравалі туалетны столік з люстэркам. Абстаноўку дапаўняюць класічнае крэсла, банкетка і шмат'ярусная крыштальная люстра.

Побач размешчаны гасцявы санвузел, дзе працягваецца тая ж палацавая стылістыка: пузатая тумба пад умывальнік, душавая кабіна, пазалочаная сантэхніка і гіганцкага памеру сушылка для ручнікоў, якая займае практычна ўсю сцяну.

Падымаючыся па лесвіцы на другі паверх, адразу ўпіраешся позіркам у вітражы на столі. Здаецца, нібы праз іх падае натуральнае дзённае святло, якое залівае холы мазаічнымі блікамі, але насамрэч гэта ўбудаваная падсветка.
Сцены тут пафарбаваныя ў глыбокі цагляна-тэракотавы колер і служаць выдатным фонам для жывапісу беларускіх мастакоў.

Другі ўзровень можна лічыць прыватнай зонай — тут размешчаны тры спальні. Галоўная аформлена з выкарыстаннем бэзавага і серабрыстага адценняў.

Цэнтральнае месца займае велічны ложак з шаўковым падгалоўем. У столь інтэграваны мяккі тэкстыльны балдахін, а сярэбраная камода, туалетныя столікі і люстраныя пано з фасетам дадаюць памяшканню халоднага металічнага бляску.
Асобнай увагі заслугоўвае наяўнасць у пакоі дзвюх гардэробных.

Месца тут з запасам: без праблем можна размясціць паўнавартасную калекцыю абутку, паўсядзённага адзення і вопраткі на ўсе сезоны.
Са спальні можна трапіць у прыватны ванны пакой, які чымсьці нагадвае рымскую купальню. Джакузі ўсталявана на высокім подыуме, а сцены выкладзеныя яркай мазаікай. Два абсалютна аднолькавыя ўмывальнікі з пазалочанымі люстэркамі размешчаны строга сіметрычна — можна збірацца адначасова са сваёй другой палавінкай.
Унутры таксама абсталяваныя душавая кабіна і туалет, і нават апошні ўражвае.
На гэтым жа паверсе знаходзяцца яшчэ дзве спальні: бірузовая з аксамітнымі сценамі і люстраной шафай, якая візуальна рассоўвае межы пакоя, і кантрасная ў карычнева-чырвоных тонах з абсталяванай рабочай зонай.

Акрамя дэкаратыўнай складовай і рэдкіх матэрыялаў, кватэра абсталяваная сістэмай «Разумны дом»: са смартфона можна кіраваць працай радыятараў, рэгуляваць цёплыя падлогі, наладжваць прытокава-выцяжную вентыляцыю, аўтаматычна закрываць або адкрываць шторы і задзейнічаць датчыкі працёку з запорнымі клапанамі.


Таксама ў кожным пакоі — прадуманае асвятленне: ад убудаванай падсветкі да акцэнтных бра і люстраў. З-за такой варыятыўнасці ў некаторых памяшканнях адзін выключальнік аб'ядноўвае па 6—8 клавіш.
Гэта дазваляе кропкава наладжваць атмасферу пад канкрэтную задачу: ад мяккага паўзмроку для прагляду кіно да яркага параднага асвятлення падчас прыёму гасцей.

Цяпер унікальная рэзідэнцыя выстаўлена на продаж. Яе кошт — 4 510 950 рублёў (прыкладна €1 334 000 па курсе).
— Толькі ў рамонт укладзена больш за два мільёны еўра, але мы выдатна разумеем, што за такія грошы кватэру наўрад ці нехта купіць. Давялося знізіць цану, каб нарэшце яе прадаць, — дзеліцца прадстаўнік сям'і.
Каментары