Гэта будзе найбольшая з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе сума.

Расія плануе ў 2027 годзе выдаткаваць на абарону каля 203 млрд даляраў, паведамляе Reuters са спасылкай на ўрадавыя дакументы. Гэта прыкладна на 27% больш, чым закладалася першапачаткова, і найбольшая сума з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе.
За тры гады выдаткі на армію складуць каля 592 млрд даляраў.
Фінансавае становішча Расіі пры гэтым пагаршаецца. Прагноз дэфіцыту бюджэту на 2026 год павялічылі ўдвая, з 1,6% да 3,2% ВУП, а даходы ад нафты і газу знізілі з 8,9 да 7,6 трлн расійскіх рублёў. Каб закрыць дзірку, урад павялічвае запазычанні на 26% і бярэ шмат грошай з Фонду нацыянальнага дабрабыту (каля 11% яго ліквіднай часткі).
На 2027 год ужо анансаваныя новыя падаткі, у тым ліку падатак на звышпрыбытак металургічных і здабыўных кампаній, які павінен даваць каля 2,4 млрд даляраў штогод.
Дзяржаўны доўг Расіі ў 2027 годзе вырасце да 21,7% ВУП і пяройдзе мяжу ў 20%, якую ўлады лічаць бяспечнай. Агульныя запазычанні ў 2027 годзе павялічацца на 43%, да 7,7 трлн расійскіх рублёў (91 млрд даляраў).
Каментары