Што адбываецца з дызельным палівам у ЗША і чаму Трамп так клапоціцца пра гэта
Дарагое паліва зніжае падтрымку Трампа і ўскладняе становішча яго партыі перад выбарамі ў Кангрэс. Асабліва балюча рост цэн адчуваюць фермеры. Рашэнне Трампа імпартаваць расійскае паліва — гэта рэзкая змена пазіцыі прэзідэнта ЗША.

Дамоўленасць пра расійскае паліва стала рэзкай зменай пазіцыі Дональда Трампа. Усяго тры тыдні таму ён падпісаў закон пра новыя санкцыі і мыты супраць краін, якія імпартуюць расійскую нафту і газ. Цяпер сам разлічвае на пастаўкі з Расіі, піша BBC.
Паводле Трампа, Уладзімір Пуцін пагадзіўся паставіць сотні тысяч тон дызелю на амерыканскі і сусветны рынкі ў найбліжэйшыя месяцы.
BBC тлумачыць гэтае рашэнне палітычнымі праблемамі прэзідэнта. Пасля пачатку аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана цэны на паліва рэзка выраслі. Падаражанне на запраўках і яго ўплыў на кошт іншых тавараў знізілі падтрымку Трампа.
Асабліва цяжка амерыканскім фермерам: дызель патрэбны для працы тэхнікі і перавозкі прадукцыі. Аграрныя штаты, у тым ліку Аёва, Канзас, Тэхас і Агая, сталі нечаканымі арэнамі выбарчай барацьбы. Ад вынікаў галасавання залежыць, ці захаваюць рэспубліканцы кантроль над Кангрэсам.
«Зніжэнне цэн для амерыканцаў — асабліва для нашых цудоўных фермераў, уладальнікаў ранча і кіроўцаў грузавікоў — з’яўляецца маім галоўным прыярытэтам», — напісаў Трамп у Truth Social.
Каб стрымаць цэны, ён ужо заклікаў еўрапейскіх саюзнікаў актыўней выкарыстоўваць нафтавыя запасы, адклаў выплату федэральных падаткаў на паліва і дазволіў выкарыстоўваць сельскагаспадарчы дызель для грузавых перавозак паміж штатамі. Таксама Трамп паабяцаў не аднаўляць атакі на Іран да завяршэння выбараў. BBC называе гэта надзвычай адкрытым прызнаннем палітычнага ўплыву вайны.
Аднак здзелка з Пуціным можа не даць хуткага эфекту. ЗША спажываюць каля 3,6 мільёна барэляў дызелю (каля 500 тысяч тон) за суткі. Абяцаныя Расіяй 300 тысяч тон у кастрычніку — гэта прыкладна палова сутачнага спажывання краіны.
Тэрміны паставак пры гэтым застаюцца няяснымі. Ранейшыя абяцанні паставіць еўрапейскі дызель істотна не змянілі цэны. Да таго ж расійскія нафтаперапрацоўчыя магутнасці пацярпелі ад украінскіх удараў, якія Трамп заклікае спыніць.
Еўрапейскія саюзнікі і амерыканскія палітыкі крытыкуюць дамоўленасць, бо яна дасць Расіі грошы на працяг вайны. Уладзімір Зяленскі назваў дазвол Маскве прадаваць нафтапрадукты інвестыцыяй у вайну.
Да выбараў застаецца менш за месяц, а ў многіх штатах ужо галасуюць датэрмінова. Таму, адзначае BBC, незразумела, ці паспеюць амерыканцы адчуць істотнае палягчэнне і ці дапаможа гэта рэспубліканцам.
Каментары
Niekali z Vieniesueły dyzel išoŭ u štaty patokam, miarkuju, što i ciapier idzie. Prabliemy ŭ Piersickaj zatocy nie ŭplyvajuć na USA, bo kraina daŭno ŭžo expartuje svaju ŭłasnuju naftu. Vysokija košty na dyziel nie praź niedachop nafty, niachaj liepš pryciśnie apietyty Morhanaŭ dy Dziuponaŭ, dyk i košty adrazu ŭtajmujucca.
як хармуз не ўплывае калі кошты ўзраслі як раз пасля пачатку вайны?
якое дачыненне мае экспарт нафты да нафтапрадуктаў?
якія дзюпоны і морганы?
у вас сіндром шыза магалюба