Беларусы хавалі тысячы незадэклараваных на мяжы даляраў у пачках з сурвэткамі
Сямейная пара спрабавала правезці праз беларуска-польскую мяжу незадэклараваныя грошы, схаваўшы частку наяўных у пачках з сурвэткамі. Парушэнне выявілі гродзенскія мытнікі падчас агляду асабістых рэчаў пасажыраў, піша прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Мужчына і жанчына ехалі рэйсавым аўтобусам з Польшчы праз пункт пропуску «Бераставіца». Яны ведалі, што дэклараваць неабходна наяўныя грошы на суму, якая перавышае эквівалент 10 тысяч долараў ЗША. Падчас вуснага апытання кожны з іх заявіў, што мае пры сабе крыху меншую суму. Для перасячэння мяжы пара абрала зялёны калідор.
Падчас мытнага кантролю ў сумцы жанчыны, аднак, знайшлі яшчэ 3,5 тысячы даляраў, а ў сумцы мужчыны — 2,4 тысячы даляраў. Грошы былі загорнутыя ў сурвэткі і спакаваныя ў пакеты.
Гродзенская рэгіянальная мытня пачала ў дачыненні да абодвух грамадзян адміністрацыйныя працэсы паводле часткі 2 артыкула 15.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі. Схаваныя грошы канфіскавалі да рашэння суда.
У мытні нагадалі, што пры перамяшчэнні праз мяжу наяўных грошай на суму звыш 10 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце неабходна праходзіць праз чырвоны калідор і запаўняць пасажырскую мытную дэкларацыю на ўсю суму наяўных сродкаў.
Каментары