Беларуса звольнілі з працы пасля трох спагнанняў. Ён пайшоў у суд і выйграў
У Светлагорскім раёне мужчыну, які працаваў электраманцёрам, незаконна звольнілі пасля таго, як наймальнік вынес яму тры спагнанні. Работнік звярнуўся ў суд і дамогся аднаўлення на працы. Падрабязнасці паведаміў Гомельскі абласны суд.

Мужчына ўладкаваўся на прадпрыемства 3 чэрвеня 2025 года. 8 красавіка 2026‑га ён атрымаў паведамленне пра тое, што кантракт з ім не падоўжаць.
У кастрычніку і снежні 2025 года наймальнік пазбавіў яго адпаведна 50% і 15% прэміі. Прычынай стала тое, што работнік не прыбраў майстэрню і два падсобныя памяшканні, як таго патрабаваў галоўны інжынер.
Акрамя таго, электраманцёру вынеслі заўвагу за тое, што пасля абедзеннага перапынку ён вярнуўся на працоўнае месца а 14:22 замест 14:20, спазніўшыся на дзве хвіліны.
Яшчэ адно спагнанне было звязана з заканчэннем працоўнага дня. Галоўны інжынер даручыў мужчыну навесці парадак у майстэрні і двух падсобных памяшканнях, але канкрэтнага тэрміну выканання не вызначыў. У тлумачальнай запісцы работнік адзначыў, што там знаходзілася цяжкае абсталяванне, таму прыбіранне патрабавала шмат часу. Наймальнік палічыў парушэннем тое, што электраманцёр пайшоў з працы а 18:24, хоць ягоная змена заканчвалася а 17:00.
Суд звярнуў увагу, што пазбаўленне прэміі не з'яўляецца дысцыплінарным спагнаннем, хоць у адпаведных загадах наймальнік спасылаўся на невыкананне работнікам службовых абавязкаў.
Акрамя таго, паводле ўмоў тарыфнага пагаднення, наймальнік абавязаны працягваць кантракты з супрацоўнікамі, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі і не парушаюць працоўную дысцыпліну, пакуль не скончыцца максімальны тэрмін дзеяння кантракта.
У выніку суд адмяніў загады аб пазбаўленні прэмій, а непадаўжэнне кантракта і наступнае звальненне прызнаў незаконнымі.
Мужчыну аднавілі на пасадзе. Прадпрыемства павінна выплаціць яму 4555,8 рубля за час вымушанага прагулу, а таксама вярнуць 291,37 рубля нявыплачаных прэмій.
Каментары