фотаблог Юліі Дарашкевіч5757

У гасцях у кандыдата: Віталь Рымашэўскі

Чарговай ахвярай супольнага праекта фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч і карэспандэнта «Салідарнасці» Анастасіі Зелянковай «У гасцях у кандыдата» стаў Віталь Рымашэўскі.

Чарговай ахвярай супольнага праекта фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч і карэспандэнта «Салідарнасці» Анастасіі Зелянковай «У гасцях у кандыдата» стаў Віталь Рымашэўскі.
Выпраўляючыся да яго ў госці, мы, шчыра кажучы, нерваваліся: а раптам не зможам адпавядаць маральнаму абліччу кандыдата ад хрысціянскіх дэмакратаў? Яго жытло ўяўлялася нам ну калі не келляй манаха, то ўжо напэўна сціплым малельным дамком з рэлігійнай літаратурай, шматлікімі іконамі і пахам ладану. Мы памыляліся.

Ідэальны сем’янін

Аднапакаёвая кватэра ў Сухараве нагадвала манаскае жытло хіба што сваімі сціплымі памерамі.

— У нас тут трохі цеснавата, так што праходзьце адразу ў залу, — гасцінна запрасіў нас Віталь.

Мы паслухаліся.

— Знаёмцеся, мая сям’я: жонка Насця і дачка Ева, — прадставіў нам кандыдат сімпатычную дзяўчыну з дзіцем на руках.

Аднагадовая малеча расплылася ў бяззубай усмешцы, убачыўшы незнаёмых цётачак. Паддаўшыся мацярынскаму інстынкту, мы нешта прасюсюкалі ёй у адказ.

Высветлілася, што імя дачцэ кандыдат падбіраў сам. Праўда, спачатку ў сям’і меркавалася, што будзе хлопчык.

— Віталік ужо збіраўся назваць яго Адамам. У гонар Адама Станкевіча, — расказала Насця. — А тут на табе — дзяўчынка!

І ўсё ж Евай дачку Віталь ахрысціў не ў гонар прамаці, а ў гонар сваёй стрыечнай бабулі.

Гэта не адзіны сюрпрыз, які падрыхтавала дачушка свайму бацьку.

— Вось усяго чакаў, але што дачка будзе рудой, нават падумаць не мог! Я светлы, жонка цёмная… Хоць быў у мяне ў родзе хтосьці рудавалосы, — паспрабаваў развеяць усе нашы сумневы Віталь.

Хаця, гледзячы на дзіцячыя фатаграфіі Рымашэўскага, ніхто і не думае сумнявацца ў яго бацькоўстве.

Па ўсім было відаць, што дачку Віталь усім сэрцам любіць. З-за мяжы абавязкова што-небудзь ёй прывозіць. Ложак, коўдрачка, шматлікія цацкі перавандравалі сюды з крамаў Манхэтэна, Бостана, Берліна.

Ева ж у знак падзякі выселіла тату на кухню — менавіта там у кандыдата цяпер працоўны кабінет.

— Кватэра сапраўды маленькая. Можа, пасля прэзідэнцкіх выбараў падумаем пра пашырэнне, — смяецца Рымашэўскі.

— Ну, там ужо пра жыллё і думаць не трэба будзе, — паспрабавалі мы ўсяліць надзею ў кандыдата. — Дарэчы, а жонка ўжо гатовая ўзяць на сябе функцыі першай лэдзі?

— Вядома, — не задумваючыся, адказаў за жонку Віталь. — Яна ў мяне крыху сарамлівая, але, думаю, дамо рады. Мне здаецца, гэта правільна, калі жонка побач са сваім мужам, суправаджае яго ва ўсіх паездках. І дачка, калі я стану прэзідэнтам, будзе ўвесь час са мной. Хаця не. Дачку на афіцыйныя мерапрыемствы я браць не буду. Хопіць нам аднаго сына.

Дарэчы, Віталь і Насця жанатыя восем гадоў. А знаёмыя нават больш.

— Толькі спадабаліся адно аднаму не адразу, — прызнаецца Насця. — Іскра прабегла пазней. Нават не магу сказаць, у які дакладна момант. Паглядзеў ён на мяне неяк асабліва.

— А як вы паставіліся да таго, што жанчыны назвалі вашага мужа самым сэксуальным кандыдатам? — паспрабавалі мы выклікаць жаночую рэўнасць.

— Ну, так і павінна было быць! — апярэдзіў з адказам жонку Рымашэўскі.

Мы пераглянуліся і ўжо было хацелі падзівіцца такой нясціпласці патэнцыйнага кандыдата, але Віталь тут жа растлумачыў:

— Я ж самы малады з усіх. Пасля Міхалевіча. Таму шанцы ў нас і ў астатніх былі няроўныя. Вось я і перамог.

У прысутнасці жонкі мы не рызыкнулі пераконваць Рымашэўскага ў адваротным.

Нішто чалавечае

Чым даўжэй мы размаўлялі, тым мацнейшае ў нас узнікала адчуванне, што ідэальнейшага мужа і бацькі пажадаць немагчыма: і вопратку жонцы за мяжой купляе, і кветкі рэгулярна дорыць, і сняданкі робіць. На падлозе — пакладзены ўласнаручна лінолеум, на падваконні — асабіста вырашчаны гранат. Увогуле, казка, а не муж. І гэта мы яшчэ прэзідэнцкія якасці не вывучалі!

— Дык што, няўжо наогул няма шкодных звычак? — усё не верылі мы.

— Гледзячы, што лічыць шкоднай звычкай, — азваўся Віталь. — Я вось, напрыклад, не магу цалкам адмовіцца ад тэлевізара і лічу гэта шкоднай звычкай.

Праўда, як высветлілася, глядзіць Рымашэўскі выключна навіны і канал Animal Planet. Вось ужо сапраўды грэшнік!

— Гэта значыць, ніколі не пілі, не курылі? — ужо практычна страцілі мы надзею.

— Ну чаму ж, — азваўся Рымашэўскі, да нашай вялікай радасці. — У маладосці я паспрабаваў усё. Шмат за што сёння нават сорамна. Курыць кінуў гадоў дзесяць таму. Піць? Дык я і цяпер магу выпіць. З алкагольных напояў аддаю перавагу віскі.

Праўда, па словах Рымашэўскага, набрацца ў бэлю ўжо даўно не ўдаецца. Хаця ён, мяркуючы па ўсім, і не асабліва імкнецца. Мы папрасілі дазволу сфатаграфаваць бар кандыдата.

— Дык які там бар? Так… Стаіць бутэлька «Бехераўкі» сярод слоікаў з крупамі, — панаракаў Рымашэўскі.

Аднак нам было важна займець хаця б гэты «кампрамат». Але Віталь аказаўся цвёрдым.

— Не, усё ж здымаць не варта. Сябры могуць не зразумець.

Віталь Рымашэўскі: «У маладосці паспрабаваў усё»

Давялося падпарадкавацца. Хоць без дакументальнага пацверджання, мы разумелі, заўсёды можна спісаць на інтрыгі «нячэсных» журналістаў.

Аднак мы не страчвалі надзеі і працягвалі распытваць кандыдата пра бурную маладосць. Так мы даведаліся і пра першы прывод Рымашэўскага ў міліцыю. Прычым палітыкай тады і не пахла. Банальная «хуліганка».

— Ды гарэзілі па маладосці. Яшчэ ў студэнцкія гады, — махнуў рукой Рымашэўскі.

— Апранулі аднаго нашага таварыша ў фуфайку, заклеілі яму рот. Спераду прымацавалі таблічку «Партызан», а ззаду напісалі: «Сам дурань».
І пайшлі з ім па вагонах метро. Усе людзі нармальна рэагавалі, смяяліся. А адзін пасажыр — хоць і быў тады ў цывільным — аказаўся без гумару. Пакуль бачыў нашага таварыша спераду, усміхаўся, а калі надпіс на спіне прачытаў — чамусьці пакрыўдзіўся.

Так кампанія загрымела ў міліцыю. На шчасце, абышлося без складання пратаколаў. Адзначыўся Рымашэўскі і іншымі супрацьзаконнымі выбрыкамі. Але аб тым, як будучы кандыдат вывешваў сцяг ва ўніверсітэце, нам ужо было не асабліва цікава.

— Напэўна, калі б не рэлігія, зрабіўся б бандытам. Для мяне заўсёды грамадскія правілы не былі законам, — парадаваў нас чарговым адкрыццём кандыдат.

Дарэчы, усе перадумовы для гэтага ў Рымашэўскага былі. У дзяцінстве ён займаўся самба і боксам, цягаў гіры. Карацей, быў моцным хлопцам. На жаль, баксёрскія пальчаткі нядаўна перавандравалі да бацькоў на лецішча. Але вось парачка гіраў на балконе завалялася і цалкам магла забяспечыць нам выдатную кампазіцыю для здымка.

— Ну што, пілаваць будзем або падымаць? — падбухторвалі мы Віталя.

Гіры ўрачыста былі прынесеныя з балкона, пыл з іх стрэсены. І — ура! — магутная рука кандыдата ўзняла іх над галавой.

Пакуль Рымашэўскі падымаў гіры, мы заўважылі на яго запясці зіхоткі гадзіннік.

— Няўжо швейцарскі?

— Так. Заўсёды хацеў менавіта швейцарскі. І вось нядаўна купіў. Можа, ён не вельмі круты. Затое сапраўдны.

Мы яшчэ крыху пабалбаталі пра палітыку, рэлігію — ну пра што яшчэ пагаварыць дзвюм сімпатычным дзяўчатам з маладым сімпатычным мужчынам? Абмеркавалі Манэ, рэпрадукцыі якога былі развешаныя па сценах кватэры (жонка Рымашэўскага па адукацыі культуролаг). Калі ж цікавасць кандыдата да яго швейцарскага гадзінніка зрабілася больш пільнай, мы вырашылі, што трэба і меру ведаць.

— Проста хочам яшчэ на вячэрню паспець, — апраўдваўся Рымашэўскі.

Мы не сталі злоўжываць гасціннасцю.

Выходзілі ўсе разам. Ева звыкла боўталася ў сумцы-кенгуру на жываце бацькі.

— Ну што, заходзьце цяпер у госці проста так. Без фотакамер, — гасцінна запрасіў нас Віталь.

А што толку? Без фота ўсё роўна ніхто не паверыць.

Глядзіце таксама рэпартаж «У гасцях у кандыдата: Яраслаў Раманчук»

Каментары57

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?11

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

«Думала, будзе каля 250 еўра». Тыкток у захапленні ад таго, як мінчанка прыгатавала на замову святочны стол9

Расійскі прапагандыст Тыгран Кеасаян перажыў клінічную смерць і знаходзіцца ў коме13

«Я глядзела на сябе голую ў люстэрку і казала: «Змірыся!» Люцыя Герашчанка распавяла пра свой досвед з «Азэмпікам»20

«Галасуй за сваю цудоўную будучыню!» Да выбарчай кампаніі падключылі Wildberries ФОТАФАКТ9

Памёр дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь»9

«Межы не павінны адсоўвацца сілай». Шольц раскрытыкаваў выказванне Трампа па Грэнландыі12

Не ўсе ўльтраапрацаваныя прадукты аднолькава шкодныя. Некаторыя можна смела есці4

Гульні на Нацыянальным футбольным стадыёне хочуць запусціць матчам з Расіяй3

На цырымоніі ўручэння прэмій Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але быў поўны казённага аптымізму25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?11

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →