Афіша44

Выстава салідарнасці з ахвярамі «крывавай нядзелі» — 19 студзеня

Ад 20-й на Сядзібе БНФ можна будзе пабачыць сенсацыйныя экспанаты.

Амаль месяц мінуў пасля падзей 19 снежня. Хвалі салідарнасці с затрыманымі ў тую «крывавую нядзелю» і тымі, каго махавік рэпрэсій закрануў пазней, па-ранейшаму ўздымаюцца ў свядомым грамадстве.
Гэтым разам неабыякавыя людзі, якіх меней не становіцца, ладзяць выставу, прысвечаную падзеям, што адбыліся пасля выбараў.

Арганізатары акцыі салідарнасці с затрыманымі ў дзень і пасля прэзідэнцкіх выбараў прэзентуюць «Выставу салідарнасці», прысвечаную «героям — арыштаваным і пацярпелым 19 снежня 2010 года, а таксама той хвалі салідарнасці, якой Беларусь яшчэ не бачыла».

«Хочацца, каб нашыя несправядліва асуджаныя пабачылі, як гэта было», — адзначаецца ў анонсе мерапрыемства.

Як кажа арганізатар акцыі падтрымкі Дар’я Каткоўская, урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў штаб-кватэры БНФ (вул. Машэрава, 8) вельмі сімвалічна — 19 снежня, а восьмай гадзіне вечара, то бок «роўна праз месяц пасля пачатку тых падзей, якія ўсіх нас згуртавалі».

Плануецца, што на імпрэзе выступяць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, журналіст Глеб Лабадзенка.

Цяпер амаль ўсё памяшканне сядзібы БНФ занята пад выставу.

На выставе будуць прадстаўленыя фотаздымкі на тэму Плошчы і хвалі салідарнасці, фотасведчанні таго, як адбываўся збор рэчаў і ахвяраванняў, падрыхтоўка перадачаў вязням, «шчырыя, эмацыйныя і, нярэдка, мастацкія» паштоўкі, якія не дайшлі да сваіх адрасатаў праз пошту — бо іх больш, чым арыштаваных, турэмныя творы, запісы і дзённікі затрыманых, а таксама мастацкія вырабы і іншыя рэчы, якія маюць сімвалічны сэнс.

«Выстава прысвечана як салідарнасці, так і побыту у турмах, — кажа Дар’я Каткоўская. — Ёсць шмат рэчаў і турэмных гісторый, якія адбыліся на стыке гадоў з патрапіўшымі за краты людзьмі. Таксама шмат турэмных малюнкаў, дзённікаў, рэчаў, якія вязні змаглі ўнесці з сабой з тых месцаў, дзе яны сядзелі».

Сярод цікавых экзэмпляраў — аплатка, якую на Раство збіраўся перадаць на Акрэсціна ксёндз. Але міліцыя яе не ўзяла — «сказалі, што яна прапітаная экстазі, і так ксёндз хоча перадаць наркотыкі ў пенітэнцыярную ўстанову»,
расказвае Каткоўская.

Астатняе будзе сюрпрызам для наведвальнікаў. Арганізатары абяцаюць, што гэта будзе вельмі цікавы і вялікі сюрпрыз. «Акрамя часткі, прысвечанай салідарнасці і побыту вязняў, будзе яшчэ адна — якую мы хаваем ад усіх. Гэта вельмі цікавы і вялікі экзэмпляр, які ўразіць усіх наведвальнікаў», — паабяцала Каткоўская.

Як шмат хто заўважае, акцыя салідарнасці і колькасць людзей, якія адгукнуліся і дапамагаюць вязням, сапраўды ўражваюць. Дар’я Каткоўская лічыць, што людзі проста рабілі тое, што хацелі б атрымаць, калі б самі патрапілі ў такую ж складаную сітуацыю.

«Шмат з тых, хто адгукнуўся на наш заклік да салідарнасці, проста самі маглі так жа патрапіць за краты. Таму яны аказвалі затрыманым тую падтрымку, якую самі хацелі б атрымаць, — кажа яна. — Да таго ж у людзей зараз ёсць жаданне штосьці рабіць і штосьці мяняць, але з-за моцнага ціску і рэпрэсій відавочна, што палітычных публічных акцый зладзіць немагчыма, бо існуе 100% верагоднасці, што да дабра яны не давядуць. А такім чынам людзі дзеляцца сваёй энергіяй, адчуваюць сябе патрэбнымі. І гэта сапраўды — яны робяць адну з самых патрэбных спраў. Бо, безумоўна, палітычная справа важна, але гуманітарная — падтрымка людзей ў бядзе — стала найпершай і найважнейшай адразу пасля 19 снежня. Ды й нават сёння таксама — калі казаць пра вязняў «амерыканкі».

На думку пісьменніка Уладзіміра Арлова, такая салідарнасць — своеасаблівы адказ беларускага грамадства на жорсткасць уладаў.

«Масавыя праявы салідарнасці, на мой погляд, сведчаць пра нараджэнне грамадзянскай супольнасці, якая не жадае жыць у дзікіх абставінах, калі парушаюцца законы і элементарныя гуманітарныя нормы»,
 — кажа ён. «Я быў вельмі ўражаны тым, колькі людзей прыходзіла на сядзібу БНФ, каб прынесці грошы і рэчы, каб падпісаць паштоўкі і перадачы „брату, сястры“, нягледзячы, што не ведалі асабіста атрымальнікаў», — дадае пісьменнік.

Арлоў заўважыў, што форма дапамогі можа быць самай рознай.

«Напрыклад, мы, пісьменнікі, неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру, каб даведацца ці жывы наш калега Ўладзімір Някляеў, патрабавалі забяспечыць яму медыцынскую дапамогу і пусціць адваката. Магчыма, гэта і прывяло да таго, што да яго ўпершыню быў дапушчаны адвакат, і мы ўздыхнулі з палёгкай, калі даведаліся, што наш выдатны паэт жывы, — нагадвае Арлоў. — Традыцыйныя калядныя літаратурныя чытанні паэтаў і перакладчыкаў таксама сёлета былі праявай салідарнасці з тымі, хто сустракаў Каляды і Новы год за кратамі і рабіў ялінкі з пластыкавых бутэлек. Здаецца, формай салідарнасці можа быць і паштоўка, і ліст, і пасылка палітвязню. Не ўсе з іх даходзяць, але калі зусім нічога не дасылаць, не будзе ні воднай. І калі мы гаворым пра салідарнасць з тымі, хто за кратамі, мы не павінны забываць пра салідарнасць з іх блізкімі, сем’ям — ім таксама вельмі патрэбная падтрымка, і не толькі маральная».

Галоўнае, на думку Ўладзіміра Арлова, не быць актыўным толькі на словах: «Інтэрнэт зараз поўніцца тысячамі праяваў салідарнасці — словамі падтрымкі, абурэння, развагамі. Хачу памыліцца, але здаецца, што сярод інтэрнэт-карыстальнікаў шмат тых, хто напіша некалькі рашучых словаў і лічыць, што на гэтым яго грамадзянская місія выкананая. Але слоў мала, за словам павінны быць справы. Няма ўніверсальных парадаў і рэцэптаў на такі дзень, але я веру ў беларускую салідарнасць».

Каментары4

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА116

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі назваў «чырвоныя лініі» Украіны ў мірных перамовах6

«Па-беларуску «Слана» Філіпенкі набывалі больш ахвотна, чым па-руску». Якія кнігі сёння ў топе? Інтэрв'ю з кіраўніцай выдавецтва Gutenberg Publisher5

«Дачка» EPAM Systems увайшла ў топ-10 найбуйнейшых бізнэсаў Грузіі

Шахед трапіў у шматпавярховік Кіева. Яшчэ адзін — у прыпынак грамадскага транспарту ў вобласці ВІДЭА1

Дзяржаўны знак якасці прысвоілі толькі адной з дзвюх беларускіх згушчонак. Дык Глыбокае ці Рагачоў?16

У Пінску пенсіянерка правалілася на сваім аўто ў яму дарожнікаў. Яе яшчэ і аштрафавалі6

Дырэктара філіяла «Гомсельмаша» ў Аргенціне шукаюць па аб'яве і прапануюць зарплату зваршчыка ў Мінску4

У Слуцку прадаюць па акцыі карыстаны чырвона-зялёны халадзільнік12

У Казахстане за год завялі 709 крымінальных спраў на грамадзян, якія завербаваліся ваяваць за Расію1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА116

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць