Літаратура55

Робат-міліцэйскі

Геніяльнае апавяданне Паўла Касцюкевіча: «Наступным крокам робат-міліцэйскі пералавіў усіх мышэй і пацукоў і, начапіўшы ім флікеры, адпусціў на волю. Сям’я не магла нарадавацца новаму парадку».

У вітрыне крамы «Тавары для дома» стаяў міліцыянер. Вядома ж, то быў робат, бо жывыя хатнія міліцыянеры ў нашую кібер-эпоху ўжо даўно сталі анахранізмам.

— Возьмем крэдыт і купім, га? — умольна прапанавала Таня, гледзячы на новую форму робата. — Ці, можа, на плацяжы разаб’ём?

Толік адказаў насупленым маўчаннем.

— Толік! — працягвала наступаць Таня. — Мы ж з табою ўжо гэта абмяркоўвалі!

І каторы раз паўтарыла правераную гадамі формулу жыццёвай мудрасці:

— Машына — новая ступень свабоды, а хатні міліцыянер — новая ступень парадку.

Прадавачка, пахмурная, не раўнуючы Толік, разгавелася толькі дзякуючы гэтаму кранальнаму відовішчу — з’яўленнем маладой пары, што робіць першыя нясмелыя крокі ў сямейнай гаспадарцы:

— Ну, на свайго першага міліцыянера мы з мужам накапілі, калі нам было па дваццаць пяць, — прызналася яна і яе твар нечакана аквеціла ўсмешка. — У нас тады нават кватэры не было: жылі ў дзвюх прыгнаных з Бетэльгейзэ іншамарках — ставілі ўпрытык адна да адной. А міліцыянер нам харошы трапіўся — уяўляеце, сам насіў у ДАІ квітанцыі нашых штрафаў!

На яе вочы мройнай пялёнкай нагарнуліся ўспаміны.

— Праўда, мы без кватэры і зараз, — дадала прадавачка. — Хаця іншамарак ужо шэсць: мы іх паставілі ў тры паверхі. Ламінат у салоне наслалі і мэбляй абставілі.

Расчуленая прадаваччынай споведдзю, Таня трохі так тэатральна выгукнула:

— Толік, чорт з той заначкай — хачу жыць па-людску!

З даражэзнай пакупкай давялося змірыцца. Перад сыходам з крамы Толік купіў яшчэ запасныя батарэйкі і летняе абмундзіраванне — для свайго новага свойскага жандара.

Дома, толькі яго ўключылі, робат-міліцэйскі адразу ж пачаў шчыраваць: разагнаў электрашокерам несанкцыянаваную алкаголь-вечарынку, якую ў адсутнасць дзяцей ладзіў са сваімі субутэльнікамі цесць Толіка. Потым разблытаў справу-«глухара»: куды губляюцца ўсе шкарпэткі пасля машыннага прання (падрабязнасці справы — аператыўная таямніца). Паралельна пры ператрусе робат знайшоў згубленыя колісь Таняй акуляры, а ў цешчы — порначасопісы на продаж. Наступным крокам робат-міліцэйскі пералавіў усіх мышэй і пацукоў і, начапіўшы ім флікеры, адпусціў на волю. Сям’я не магла нарадавацца новаму парадку.

Потым, за гаўняшкі ў вітальні, пасадзіў на суткі Джэка. Сядзеў Джэк у імправізаваным КПЗ на антрэсолях, і Кацечка насіла (а дакладней шпурляла) туды Джэку перадачы: кілбаскі і «Беламор». Кілбаскі Джэк з’еў, а да «Беламору» не дакрануўся, дык іх падзялілі міжсобку сукамернікі Джэка — суседка цётка Лізавета, што была запхнутая сюды за тое, што пастаўляла Толікавай цешчы на рэалізацыю порначасопісы, а таксама Кацеччына сяброўка па дзіцячым садзе Леначка, якая падчас гасцявання сцягнула ў Кацечкі барбі.

Уначы з крыкам: «Устаць! З рэчамі на выхад!» робат выцягнуў Толіка з нагрэтага ложка.
Таня збянтэжана праводзіла мужа прыспанымі вачыма. Робат-міліцэйскі завёў Толіка на кухню і пад святлом зыркай лямпы загарлаў зноўку:

— Адкуль марыхуана, гаспадар?

— Я не разумею, пра што ты.

— Так, гаспадар, я з табой дудукацца не буду, — узяў быка за рогі робат. — Кацечка і цесць ужо былі на допыце — гэта не іх рук справа. Так што мне засталося сказаць Тані, і тады табе гамон — жонка цябе поедам з’есць!.. Але паколькі ты мой гаспадар, — галасавы мадулятар робата дадаў у словы панібрацкіх інтанацыяў, — дык прапаную табе гешэфт: я адкалупваю рубільнік у сябе на панелі і стуль не буду больш выключацца, а наўзамен следства па справе «Купля наркотыкаў» спыняецца.

Па вяртанні ў спальню Толік лёг і з палёгкай прытуліўся да цёплай жонкі, што праз сон залапатала штосьці няўцямнае. Раптам ступакамі Толік адчуў нешта не тое.

— Таня, а чаму ты спіш у ботах? — спытаў ён.

— Дык пасля твайго арышту я стала рыхтавацца да выкліку на кухню, — прыспаным голасам адказала Таня, — па справе паходжання непрацоўнай заначкі.

— Дурненькая! — Толік яшчэ мацней абхапіў жонку і ўсміхнуўся: — Робат жа не звер: два допыты за адну ноч не агорае. — Ну, нічога, — ён соладка пазяхнуў, — разбагацеем, дык купім у дом больш магутную мадэль, каб хадзіць на начныя допыты разам.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў18

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі ўпаў метэарыт, асколкі прабілі дахі дамоў3

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі1

Юлія Семчанка: Давялося наступіць сабе на горла — я мусіла заставацца побач з сынам3

«Гомель — такая вёска?» Гамяльчанка абурылася праз афішу з расійскімі артыстамі11

У Слуцку шукаюць былых працаўнікоў завода «Эмальпосуд» для адраджэння тэхналогіі ліцця чыгункоў3

Што за Zorki? Патэсцілі новы беларускі дадатак для знаёмстваў6

Трамп: Цэны на нафту ўпадуць пасля знішчэння ядзернай праграмы Ірана2

108 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка7

На вуліцы Чырвонаармейскай будзе квартал з жыллём і гандлёвымі аб'ектамі — скончылася грамадскае абмеркаванне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў18

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць