Меркаванні4343

Хто і куды вядзе Беларусь?

Нядаўна ў мяне адбылася размова з маім старым знаёмым, супрацоўнікам КДБ, які займае даволі высокую пасаду. Пра гэта мне і хацелася б расказаць.

Пасля назірання за тым, што адбываецца ў нашай краіне, у мяне сфармавалася нейкае бачанне будучыні Беларусі і таго, хто да гэтай будучыні яе вядзе.

Калі я выказваў усе свае здагадкі даволі блізкаму мне чалавеку, які займае далёка не апошні пост у КДБ, ён вельмі ўважліва мяне слухаў, а калі я скончыў, змяніўся ў твары і са строгай інтанацыяй, быццам на допыце, спытаў мяне: «Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? З кім ты размаўляў? Хто табе гэта ўсё расказаў?»
На што я яму адказаў, што мне і расказваць не трэба, для мяне гэта ўсё і так відавочна. Тады ён, мабыць, супакоіўшыся, уздыхнуў і сказаў: «Усё правільна ты намысліў. Толькі я табе гэтага не казаў!» Хай мой таварыш мяне прабачыць, але падзяліцца гэтым з грамадскасцю я проста абавязаны. Тым больш што асобу яго, са зразумелых прычынаў, я выдаваць не збіраюся. Такім чынам, пачнем.

На карысць каго працуюць нашы спецслужбы?
Тое, што не на карысць народа, — факт відавочны. І ўсё ж для каго яны так стараюцца? Тут усё залежыць ад таго, пра якія менавіта органы ідзе гаворка. Пракуратура, дзяржкантроль — чыстыя выканаўцы, самі нічога не вырашаюць. МУС — чорнарабочыя, якія спрабуюць выслужыцца перад цяперашнім кіраўніком дзяржавы ўсімі мажлівымі і немажлівымі спосабамі, не зважаючы на нормы маралі і гуманізму.
Усё значна складаней з КДБ. Каго абараняюць яны?
Якую мэту пераследуюць? Чаму дзейнічаюць менавіта так?

Пачнем з таго, што менавіта гэтая структура катэгарычна супраць таго, каб Беларусь зблізілася з ЕС і, не дай Бог, зрабілася яго часткай. Гэта іх ідэя фікс! Па-першае, таму, што ў іх перад вачыма сумны (для іх) прыклад былых афіцэраў камуністычных спецслужбаў у Польшчы, якім у пачатку 2010-га значна зрэзалі пенсіі, гэта значыць, такім там не вельмі даруюць. Ну, гэта можна зразумець. Каму хочацца служыць-выслужвацца, каб потым табе паказалі кукіш? Ідзем далей. Па-другое,

усё цяперашняе кіраўніцтва дадзенага органа навучалася ў Расійскай Федэрацыі, дакладней на той тэрыторыі, якая цяпер з’яўляецца Расійскай Федэрацыяй.
Ды і цяпер, наколькі я ведаю, у нашай краіне навучальнай установы, які займаецца падрыхтоўкай падобных кадраў, папросту няма. І вось мы ўжо ўшчыльную набліжаемся да ісціны, скіраванасць вектара руху камітэта — ад ЕС у Расію. Калі падумаць, то сапраўды: якая ім розніца, як звацца, КДБ ці ФСБ, галоўнае каб плацілі, дарэчы, у ФСБ аклады вышэйшыя будуць. Гэтак жа варта згадаць, што ФСБ і КДБ ужо даўно вельмі цесна супрацоўнічаюць — абмен дадзенымі і досведам, камандзіроўкі супрацоўнікаў і г.д. Вось яна, тая сіла, якая штосілы спрабуе ўвесці Беларусь у склад РФ.

Але ўсё гэта робіцца не ў лоб, а вельмі акуратна, і план іх дзеянняў уключае ў сябе пункцік аб тым, як выйсці сухімі з вады.
Маецца на ўвазе рэабілітацыя перад насельніцтвам, бо іх вернасць новаму ўраду ўжо будзе даказаная. Вось тут пачынаецца самае цікавае.

Нейкая напружанасць заўсёды прысутнічала ў адносінах паміж МУС і КДБ. Магчыма, віной усяму дух суперніцтва або барацьба за лідарства. Але калі першыя, як я ўжо пісаў вышэй, спрабуюць выслужыцца перад цяперашняй уладай, то другія працуюць на перспектыву. Пры змене ўлады пачнуцца павальныя арышты і выкрыццё супрацоўнікаў органаў унутраных справаў камітэтчыкамі, або на той момант ужо федэраламі. Як? І за што? Усё вельмі проста. Прывядзем прыклад з нядаўняга мінулага. Падчас так званых «акцый маўклівага пратэсту» людзі ў цывільным (МУС) выхоплівалі з натоўпу чалавека і сілай запіхвалі яго ў аўтамабілі без апазнавальных знакаў — наўпростае парушэнне канстытуцыі, Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў, не кажучы ўжо пра правы чалавека. У гэты час на першы погляд такія ж людзі ў цывільным з камерамі (КДБ) здымаюць усё на відэа, але (увага!!!) не ўмешваюцца. Вось вам дакументальны доказ віны будучых зняволеных. Людзям гэта пададуць правасуддзе над «рэпрэсіўнай машынай рэжыму», што нарэшце адбылося: новая ўлада — добрая, новая ўлада — вызваліцель.

У ролі ж выкрывальнікаў «нягоднікаў» выступіць ФСБ (КДБ паводле старога стылю) — і вось яны таксама героі і зноў на кані.
Вось такія высновы напалохалі прадстаўніка старэйшага афіцэрскага складу Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Праўда, ва ўсім гэтым плане я заўважыў адну відавочную хібу: як яны будуць апраўдвацца за сваё бяздзеянне цяпер? Да гэтага я сам дадумацца не змог, пра гэта мне не расказаў і мой таварыш. Магчыма, і на гэты конт у іх ёсць пункцік. Не хочацца казаць, што час пакажа, пажадана, каб мы, наадварот, нічога не ведалі.

Пацверджання напісанага далей я не атрымаў, бо дадумаўся да гэтага ўжо пазней, а да той размовы з маім знаёмым мы больш не вярталіся. Але лічу патрэбным напісаць і гэта, проста таму, што гэта толькі прадаўжае лагічны ланцужок разваг.

Так званы прэзідэнт, можа, і здаецца чалавекам недальнабачным, але інстынкт самазахавання ў яго развіты выдатна.
Хай прабачаць мяне за шчырасць апазіцыйныя сілы, але зірнуўшы аб’ектыўна на сітуацыю ў краіне, можна зрабіць выснову, што ўлада зменіцца хутчэй шляхам унутранага перавароту, чым пры дапамозе іх дзейнасці. Уплыў Камітэта імкліва расце, і дзе-нідзе ён ужо пачынае дыктаваць свае ўмовы (выкрыццё і арышты высокапастаўленых асобаў). Мабыць, нязменны адчуў нядобрае, таму і арганізаваў новую найвышэйшую структуру, якая падпарадкоўваецца толькі яму асабіста, і назваў яе Следчым камітэтам. Кіраваць жа дадзеным органам будуць кадры, набліжаныя да прэзідэнта і, заўважце, не з КДБ, а Генпракуратуры (Андрэй Швед) і аператыўна-аналітычнага цэнтра пры самі ведаеце кім (Валерый Вакульчык).

Гэта мой погляд на сітуацыю, якая склалася, і ў нейкай ступені слушнасць яго ўжо пацверджаная. Магчыма, з напісанага вышэй вы зробіце свае высновы, якія кардынальна адрозніваюцца ад маіх, — нічога не маю супраць альтэрнатываў. Бо ў канчатковым выніку мы імкнемся да жыцця ў дэмакратычным грамадстве, дзе меркаванне кожнага ўлічваецца і мае права на жыццё. Цяперашнія ж рэаліі нейкія сумныя. Але будзем разам спадзявацца на лепшае, а лепш разам будзем імкнуцца да светлай будучыні нашай краіны!

Каментары43

Цяпер чытаюць

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах3

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі газавоз атакаваны ў Міжземным моры. Яго стан безнадзейны3

У Беларусі абмяжоўваюць хуткасць мабільнага інтэрнэту. А якія цэны і ўмовы ў Польшчы і Літве?16

Лукашэнка: Вераломны напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран непрымальны17

Два беларускія тэнісісты не могуць вылецець з ААЭ. Эвакуацыю прапануюць за 5 тысяч еўра5

Стаў вядомы вынік налёту дронаў на порт у Новарасійску: пашкоджаны пяць вайсковых караблёў4

Названая самая вялікая сям'я ў Беларусі, у ёй 15 дзяцей4

Польшча ўводзіць абмежаванні на палёты авіяцыі ўздоўж межаў Беларусі і Украіны

Ізраіль будзе лічыць любога новага лідара Ірана «безумоўнай мішэнню для ліквідацыі»3

Марыя Калеснікава вяртаецца на музычную сцэну16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах3

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць