Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»77

У каго замовім мірны атам?

Выбар падрадчыка — французы? расейцы?— у значнай ступені будзе сымбалізаваць і геапалітычны выбар Беларусі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Швайцарцы, аўстрыйцы, швэды вызначалі лёс атамнай энэргетыкі на рэфэрэндумах. У Беларусі, краіне чарнобыльскай бяды, будаваць АЭС вырашылі неяк неўпрыкмет.

Днямі прэм'ер Сідорскі нібы між іншым паведаміў, што прэзыдэнт прыняў такое рашэньне. А сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Акадэміі навук Мясьніковіч зь міністрам энэргетыкі Азярцом абмалявалі дэталі.

Куды ж падзелася любоў высокага кіраўніцтва да плебісцытаў?

Ну, па-першае, ня хочацца ўздымаць шум, бо яшчэ невядома як агукнецца чарнобыльскі сындром. Колькі ні пераконвай, што купім надзейныя рэактары (а не "лайно нейкае", як некалі экспрэсыўна выказаўся галоўны начальнік), усё адно даверу да мірнага атаму ў многіх суайчыньнікаў няма.

Па-другое, такі рэфэрэндум — гэта карты ў рукі апазыцыі. Некалі менавіта "Чарнобыльскія шляхі" зьбіралі найболей удзельнікаў.

Па-трэцяе, час падціскае. Няма калі дыскутаваць. Расея ўзяла за горла з энэрганосьбітамі.

Канешне, Лукашэнка ўжыў гіпэрбалу, назваўшы АЭС нашым выратаваньнем. Праблему энэргазалежнасьці яна вырашыць толькі часткова.

Зараз энэргабалянс краіны складае 34 млн. т умоўнага паліва (доля імпартных энэргарэсурсаў — каля 85%). АЭС магутнасьцю 2 000 мэгаватаў дазволіць выпрацаваць эквівалент 4-4,5 млн. т умоўнага паліва.

Францускі рэактар болей надзейны, чым расейскі, праўда і каштуе у паўтара разы даражэй. Нядаўна французы выйгралі тэндэр на будаўніцтва АЭС у Фінляндыі. Блёк магутнасьцю 1,5 тысячы мэгаватаў будзе каштаваць фінам 3 млрд. эўра.

Аднак жа скупы плоціць двойчы.

Ці будзе ў нас празрысты тэндэр? Дзе гарантыя, што не захочацца "танна і сярдзіта"? (Але ў атамнай энэргетыцы бывае надта "сярдзіта"!)

Акрамя таго, калі выберуць расейскі праект, дык толькі ўзмоцніцца залежнасьць ад тамтэйшых "энэргетычных імпэрыялістаў".

Дарэчы, выбар падрадчыка — заходняга ці расейскага — у значнай ступені будзе сымбалізаваць і геапалітычны выбар Беларусі.

Замова ў французаў — гэта прагматычны масток на Захад. Крэдыты, кантакты, пашырэньне зоны даверу і г.д.

Але відно: мучыць экзыстэнцыяльны страх трапіць у лапы праклятых буржуінаў.

Ёсьць прадчуваньне: Менск, бадай, і тут прывяжа сябе да імпэрыі.

Тэма АЭС — здавалася б, проста падарунак для апазыцыі. Але... Столькі гадоў ладзілі "Чарнобыльскія шляхі", а тут — як мову адняло.

Гаворка не пра тое, каб галёкаць "ганьба!".

Дзе канцэптуальная альтэрнатыва?

Апанэнты ўлады, лічы, выпалі з кантэксту гэтага найактуальнейшага для краіны пытаньня.

Між тым непалітызаваныя адмыслоўцы выказваюць моцныя контараргумэнты.

Яны кажуць, што ядравае паліва будзе імкліва даражэць. І калі сёньня электраэнэргія, выпрацаваная на АЭС, таньнейшая, дык празь лічаныя гады можа стаць вялікай раскошай.

Але самае галоўнае вось у чым. У нас на адзінку ВУП траціцца энэргіі ў 3-5 разоў болей, чым у перадавых краінах. І нашыя дзяржаўныя стратэгі, здаецца, зьбіраюцца давеку сілкаваць ёю ад пуза монстраў сацыялістычнай індустрыі.

А можа, выйсьце у тым, каб, перайшоўшы на высокія тэхналёгіі, рэзка скараціць спажываньне энэргарэсурсаў?

І нарэшце, колькі ні пішы дырэктываў пра эканомію і ашчаднасьць, карысьці будзе зь вераб'ёву дзюбу, пакуль у вытворчай сфэры не запануе гаспадар, уласьнік.

Прыватнік жа наладзіць энэргазьбэражэньне без аніякіх дырэктываў. Бо гэта ягоная капейка.

Так што і тут праблема ўпіраецца ў рэформы.

І зноў узьнікае сакрамэнтальнае пытаньне: наколькі гатовае да іх айчыннае кіраўніцтва?

Каментары7

Цяпер чытаюць

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў15

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША часова знялі санкцыі з іранскай нафты2

Латушка: Анжаліка Мельнікава ведала шмат адчувальнай інфармацыі8

Акадэмія навук запусціла шыкоўны партал беларускіх казак — можна пачытаць і паслухаць у арыгінальных запісах11

У Мінску даражэе праезд у грамадскім транспарце1

Навукоўцы вызначылі адну дэталь, якая істотна павышае ўвагу да вашага профілю ў дадатку для знаёмстваў

Фёдар Паўлючэнка настойвае: Мельнікава выглядае як чалавек пасля цяжарнасці26

УСУ ўпершыню знішчылі расійскі верталёт оптавалаконным дронам1

Украінскія дарадцы былі ў шоку, калі ў Персідскім заліве на адну цэль выпускалі восем ракет Patriot — агульным коштам $25 мільёнаў10

У Беларусі жывуць два віды вераб'ёў. А як іх адрозніць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў15

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць